Сям’я з Ракава заняла 2-ое месца на міжрэгіянальным этапе абласнога конкурсу “Лепшая маладая сям’я”

Общество

Нядаўна ў аграгарадку Нарач, што ў Вілейскім раёне, адбыўся другі міжрэгіянальны этап абласнога конкурсу “Лепшая маладая сям’я Мінскай вобласці”. Ад нашага раёна ў ім прыняла ўдзел маладая сям’я Палуйчыкаў-Лямбовічаў з Ракава: Максім, Хрысціна і сыны Павел і Андрэй. Іх выступленне было настолькі цікавым і яркім, што сям’я выгадна вылучалася сярод іншых і ў выніку заняла ганаровае 2-ое месца.

Арганізатарамі конкурсу сталі аддзел па справах моладзі Мінаблвыканкама, абласны камітэт ГА “БРСМ”, аддзелы па справах моладзі і аддзелы культуры райвыканкамаў, упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкамаў. А праводзіўся ён з мэтай павысіць сацыяльную актыўнасць маладых сем’яў, развіваць іх творчыя здольнасці, ды і проста арганізаваць змястоўны адпачынак.

Конкурсная праграма складалася з некалькіх этапаў. У першым – “Візітнай картцы сям’і” – канкурсанты расказвалі пра сябе ў форме мультымедыйнай прэзентацыі, відэафільма. Наша сям’я ўдала дапаўняла прэзентацыю вершаваным апавяданнем пра кожнага члена, музычным суправаджэннем. Другім этапам стаў творчы конкурс “Сямейны канцэрт”, тут можна было праявіць усе свае здольнасці і таленты. Для сям’і Палуйчыкаў-Лямбовічаў ён аказаўся найбольш лёгкім, бо ўсе тут вельмі таленавітыя: галава сям’і Максім – выдатны музыкант, мама Хрысціна добра спявае і танцуе, старэйшы сын Павел таксама захапляецца ігрой на музычных інструментах, і асабліва на барабане, а малодшы Андрэй, якому толькі паўтара годзіка, пакарыў сэрцы гледачоў сваім абаяннем, смеласцю, весялосцю. Своеасаблівай разынкай нашай сям’і стаў народны стыль. Бо сёння такое захапленне народнай культурай сярод маладых сем’яў – вялікая рэдкасць. “Сямейныя традыцыі і святы” – так называўся трэці конкурс, у якім Палуйчыкі-Лямбовічы зноў вылучыліся арыгінальнасцю, бо прадставілі на суд гледачоў і журы адно з найцікавейшых беларускіх рамёстваў – ткацтва паясоў. Заключнымі сталі конкурсы-экспромты: інтэрв’ю, на ўзаемаразуменне і танцавальны, дзе сямейныя пары станцавалі вясельны вальс.

Ракаўчане дастойна вытрымалі ўсе выпрабаванні і прадставілі наш раён. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што ў нас таленавітая, крэатыўная моладзь.

Ганна КАНАНОВІЧ, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама.



Добавить комментарий