Улюбёныя ў Хрысце браты і сёстры!

Культура

Ражаство Хрыста-Выратавальніка! Якія значныя і велічныя для нас, хрысціян, гэтыя словы вечнасці, што нясуць для ўсяго хрысціянскага свету надзею на жыццё ў Хрысце, у якім мы бачым незаходнае сонца праўды і ісціны. А ісціна і праўда на самай справе гэта і ёсць Хрыстос, таму і свята Нараджэння Хрыстова з’яўляецца вечным і вялікім. Яно зыходзіць не ад чалавека, у якога пераплятаюцца праўда і хлусня, які не мае супакою і надзеі на выратаванне, бо пры вялікай зменлівасці ён паставіў сваё “Я” на першае месца. У сваёй безразважнасці чалавек, абапіраючыся на нейкія маленькія дасягненні, гатовы павярнуць ці перавярнуць свет, у якім сам жа і гіне. Гонка за зямнымі дабротамі ўжо зайшла ў тупік – мы ўсе гэта добра бачым і не можам спыніць гэту пякельную машыну, якая рухаецца не так марудна, як нам здаецца. Усё гэта азначае барацьбу з Усявышнім Тварцом. Але Гасподзь яшчэ цярпліва і міласціва адносіцца да нас, неразумных дзяцей, гледзячы з вышыні на сваё стварэнне і спадзеючыся на наша навучанне і пакаянне.

Трэба нам усім памятаць, што Гасподзь не ў сіле чалавечай, а ў праўдзе і ісціне Сваёй Божай прысутнасці. Колькі на зямлі людзей, столькі ж падзей і свят, але ўсё гэта часовае, не вечнае. Толькі Гасподзь вечны і яго прышэсце на зямлю заўсёды будзе асаблівым, незямным, але ў той жа час боскім і чалавечым. Вось чаму чалавеку пад сілу несці праўду і ісціну дзеля выратавання ўсяго таго, што даў нам Усявышні пры стварэнні свету. Перш за ўсё будзем прасіць у Бога, каб мы былі паслухмянымі дзецьмі Яго і час жыцця, які Ён нам даў, трацілі з карысцю, дзеля выратавання. Дапамажы нам, Гасподзь, устаяць усім у тым прызначэнні, якое Ты даў нам пры стварэнні свету; дапамажы даражыць часам дзён, якія даеш нам дзеля жыцця ў дабрадзейнасці; дапамажы памятаць, якое вялікае было Тваё прышэсце на зямлю і з якой вялікай удзячнасцю і адказнасцю мы павінны ўваходзіць у новы час нашага жыцця, спадзеючыся не на дракона чалавечага, а на Тваю Божую сілу. Дай надзею на тое, што за якія-небудзь малыя добрыя справы Ты прадоўжыш нам жыццё на зямлі.

Усім сапраўдным хрысціянам, якія жывуць з поўным разуменнем свята Ражаства Хрыстова, жадаю міра духоўнага, здароўя і сілы для выканання вашых добрых і богаўгодных пачынанняў.

Са святам Нараджэння Хрыстова і Новым годам!

З божым благаславеннем –

Благачынны Валожынскай акругі,

настаяцель Свята-Канстанціна-

Аленінскай царквы ў Валожыне

‘протаіерэй Дзмітрый АГІЕВІЧ.

 



Добавить комментарий