Дарыце радасць!

Общество

Ёсць такое няпісанае правіла – у чаканні святога Ражаства Хрыстова старацца зрабіць як мага больш учынкаў міласэрнасці ў адносінах да бліжняга: суцяшаць самотных, дапамагаць маючым патрэбу, дарыць радасць і дабрыню засмучаным.

Дарыце радасць!

З мэтай падтрымаць гэту цудоўную традыцыю пярвічныя арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і дружыны Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Валожынскага раёна праводзяць дабрачынны праект “Цуды на Ражаство”.

Сімвал праекта – чырвоная рукавічка, якая атаясамлівае імкненне моладзі аддаць часцінку сваёй цеплыні і акружыць клопатам людзей, якія патрабуюць увагі ў навагоднія і калядныя святы.

У краме горада “Вясёлка” выстаўлена спецыяльная скрыня для збору навагодніх падарункаў. Любы неабыякавы чалавек можа апусціць туды канцылярскія тавары, цацкі, кніжкі, спартыўны інвентар і ўсё тое, што будзе прыемна атрымаць выхаванцам раённай школы-інтэрната для дзяцей-інвалідаў, дзецям з нядобранадзейных сем’яў.

Усе падарункі святочна аформяць з размяшчэннем на абгортцы “Чырвонай рукавічкі” – сімвалічнай рукі чуласці і ўвагі да тых, хто верыць у цуды.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий