АТРЫМАЛАСЯ САПРАЎДНАЕ СВЯТА!

Общество

У перадапошні дзень цяпер ужо старога года ў Валожыне прайшло традыцыйнае шэсце Дзедаў Марозаў і Снягурак.

Сёлетняя зіма неяк з неахвотай уступае ў свае законныя правы: за ўвесь снежань ёй так і не ўдалося пакрыць зямлю белым пушыстым покрывам. А мароз калі і спрабаваў крыху пашчыпаць за шчокі і нос, то вельмі хутка адступаў. Надвор’е больш нагадвала надыход ранняй вясны, і толькі прыцемкі а пятай гадзіне вечара пацвярджалі, што прырода спіць і адпачывае. Аднак, кіраваць матухнай-прыродай чалавек пакуль не ў стане. Таму надыход Новага года адчуваўся толькі дзякуючы святочнаму ўбранню горада, мігаценню рознакаляровых гірлянд і наяўнасці галоўнага атрыбута навагодняга свята – лясной прыгажуні-ёлкі.

І калі дарослыя больш успрымальныя да наваколля, то дзеці, безумоўна ж, на Новы год чакаюць сваіх самых любімых гасцей – Дзядулю Мароза і Снягурку. І не важна, што гэтымі казачнымі героямі могуць быць іх таты і мамы, галоўнае, што яны ўмеюць здзяйсняць жаданні і прыносяць доўгачаканыя падарункі.

А вось такой вялікай колькасці навагодніх персанажаў былі рады ўсе: 14 Дзядуляў Марозаў і Снягурак у той дзень парамі крочылі да цэнтральнай ёлкі, а пасля спаборнічалі паміж сабой. Яны спявалі і танцавалі, праводзілі гульні і загадвалі загадкі, вадзілі карагоды, раздавалі цукеркі і сувеніры. Сапраўднае навагодняе прадстаўленне доўжылася больш за дзве гадзіны. Самых жа лепшых напрыканцы вызначыла прадстаўнічае журы ў складзе работнікаў аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, райкамаў прафкама работнікаў АПК і ГА “БРСМ”. У выніку ганаровае 1-е месца было прысуджана Дзядулю Марозу і Снягурцы ААТ “ПМК-188”, 2-е – РЦГіЭ, 3-е – райаграпрамтэхніцы. Прыз глядацкіх сімпатый атрымалі прадстаўнікі Валожынскай цэнтральнай раённай бальніцы. Усе яны за выдатна выкананыя ролі атрымалі салодкія падарункі ад Івянецкай кандытарскай фабрыкі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ.

 

 



Добавить комментарий