Бактэрыі інфекцыі могуць жыць у насаглотцы зусім здаровых людзей

Общество

У Беларусі летась захворванне на менінгакокавую інфекцыю знаходзілася на ўзроўні аналагічнага перыяду 2010 года. Паказчык захворвання склаў 1,11 выпадка на 100 тысяч жыхароў. Найбольшы ўзровень назіраецца ў Гродзенскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцях, Мінская займае самую нізкую прыступку. 

На долю захворвання на гэту інфекцыю сярод дзяцей да 17 гадоў прыходзіцца 77,4 працэнта захворвання насельніцтва. Асноўнай групай рызыкі з’яўляюцца дзеці ва ўзросце за 2-х гадоў.

Заразіцца гэтай небяспечнай хваробай можна не толькі ад чалавека, які пакутуе ад яе, але і ад здаровых хранічных носьбітаў менінгакока. Выхавальнікі дзіцячых садоў павінны ўважліва сачыць за тым, каб дзеці не абменьваліся напіткамі, ежай, цукеркамі.

Забараняецца карыстацца чужымі памадамі, зубнымі шчоткамі. Нельга трымаць у роце кончык ручкі ці алоўка. Нельга аблізваць дзіцячую соску перад тым, як даць яе дзіцяці.

Цяжкасць гэтай інфекцыі вагаецца ад назафарынгіту да сэпсісу, які  часта прыводзіць да смерці чалавека.

Гэта небяспечная інфекцыя пачынаецца ў насаглотцы. Нярэдка інфекцыя праяўляецца як банальная прастуда. Аднак часам бактэрыі трапляюць у кроў і выклікаюць менінгакакцэмію (менінгакокавы сэпсіс). Бактэрыі распаўсюджваюцца ў крыві і выклікаюць парушэнне яе згортвання, што вядзе да кровазліцця ў скуру і ўнутраныя органы. Менінгакокавы сэпсіс можа ўскладняцца менінгітам – запаленнем мазгавой абалонкі, якая пакрывае галаўны і спінны мозг.

Сімптомы агульныя для менінгіту і менінгакакцэміі: ліхаманка, слабасць, ірвота, зблытанасць свядомасці і дэзарыентацыя ў часе і прасторы. Для менінгакакцэміі характэрна ліхаманка з высокай тэмпературай цела. Яна суправаджаецца пахаладзеннем рук і ног, болем у мышцах і суставах. Скура становіцца бледнай, часам яна набывае шэрае адценне. Неабходна рэгулярна аглядаць хворага, каб ведаць, ці ёсць на яго скуры высыпанне, ці не з’явіліся любыя плямы. Пры выяўленні такіх сімптомаў трэба тэрмінова звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

Менінгакокавая інфекцыя сустракаецца ва ўсіх краінах свету, ва ўсіх кліматычных паясах. Крыніцай узбуджальнікаў з’яўляецца толькі чалавек. Шлях перадачы просты – паветрана-капельны. Небяспеку таксама ўяўляе і тое, што бактэрыі могуць жыць у насаглотцы зусім здаровых людзей, якія і з’яўляюцца хранічнымі бессімптомнымі носьбітамі інфекцыі.

Вольга СЯЛІЦКАЯ, урач-эпідэміёлаг,

Ганна ЗІНОЎСКАЯ, урач-інфекцыяніст.

 



Добавить комментарий