75 гадоў стварэння сваёй установы і прафесійнае свята адзначае калектыў раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Гісторыя прадпрыемства пачалася ў далёкім 1947 годзе з арцелі “Перамога”. Пазней да яе далучылі прамкамбінат, і арганізацыя набыла абрэвіятуру РКБА. У савецкі час работа спецыялістаў была надзвычай  запатрабаванай. У населеных пунктах раёна працавалі 35 комплексных прыёмных пунктаў, калектыў налічваў каля 500 супрацоўнікаў.

 За 75 гадоў на чале ўстановы стаялі 12 лідараў, кожны з якіх пакінуў добры след у гісторыі прадпрыемства. Першым дырэктарам быў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, уладальнік многіх прафесійных узнагарод Леанід Вечар. Менавіта Леанід Адрэевіч здолеў не толькі згуртаваць вакол сябе людзей і дасягнуць значных прафесійных перамог, а яшчэ і стаць ля вытокаў самых лепшых традыцый, большасць з якіх падтрымліваюцца і зараз. Годным прадаўжальнікам справы ў калектыве лічаць і Леаніда Акотчыка. Стойкі характар і граматны менеджмент Леаніда Васільевіча дазволілі валожынскім бытавікам канкурыраваць з калегамі вялікіх райцэнтраў Міншчыны і нават займаць 3-е месца ў абласным рэйтынгу.

Па меркаванні выконваючай абавязкі дырэктара Іны Сівай, галоўная каштоўнасць любой каманды, асабліва такой дружнай, хоць і не вялікай (44 супрацоўнікі), як райкамбінат, – людзі, бо работа ў сферы абслугоўвання не з лёгкіх. Дабіцца таго, каб кліент застаўся задаволены аказанай паслугай – вышэйшы пілатаж прафесіяналаў-бытавікоў. На працягу многіх гадоў яны пацвярджаюць як свае ўменні і спецыяльныя веды, так і тонкае разуменне паводзін і запытаў нават самых патрабавальных наведвальнікаў. Іна Леапольдаўна падкрэсліла: у РКБА маецца добры патэнцыял, каб у бліжэйшы час падняцца яшчэ на адну прыступку ў сваім развіцці. Для гэтага патрэбна, каб кожны, хто сёння шчыруе дзеля задаволенасці карыстальнікаў паслуг арганізацыі, старанна выконваў давераную яму работу так, як на працягу амаль 53 гадоў гэта робіць старэйшы работнік  Данута Сцефаноўская.

  • Як і раней, у РКБА можна атрымаць паслугі цырульнікаў, пашыць на заказ ці адрамантаваць адзенне, з дапамогай пральні ці хімчысткі прывесці ў парадак рэчы і інш. Сённяшняе ноу-хау, на якое ў пэўным сэнсе ўскладаюцца значныя спадзяванні, – машынная вышыўка. З дапамогай цуда-апарата майстры аздобяць маляўнічымі ўзорамі ці дакладнымі лагатыпамі як будзённае ці святочнае адзенне, так і сцэнічныя касцюмы, і спецвопратку прадстаўнікоў самых розных сфер.

Паважаныя супрацоўнікі і ветэраны РКБА!

Прыміце шчырае віншаванне з прафесійным святам і 75-годдзем прадпрыемства!

Паслугі нашай установы настолькі трывала ўвайшлі ў паўсядзённасць грамадзян, што сталі неадрыўнай часткай існавання.

Работу кожнага з вас па праве можна назваць складанай і адказнай.

Толькі самыя таленавітыя, працавітыя спецыялісты здольны рэалізаваць сябе ў такой адказнай сферы.

Жадаем кожнаму з вас здароўя, аптымізму і дабрабыту.

 

Адміністрацыя і прафкам
раённага камбіната бытавога абслугоўвання

 

Паважаныя калегі, дарагія ветэраны нашага дружнага калектыву!

Ад усёй душы віншуем вас з прафесійным святам!

Прыміце нізкі паклон за старанную працу і адданасць прадпрыемству.

Цяжка пераацаніць значнасць вашых намаганняў, прафесіяналізму і вопыту.

Няхай асэнсаванне важнасці галіны, якой прысвяцілі жыццё,

спрыяе кожнаму з вас у імкненні як мага больш якасна і аператыўна выконваць сваю работу.

Жадаем новых дасягненняў у прафесійнай дзейнасці, міру, здароўя і дабра.

Адміністрацыя і прафкам
РУП “Валожынскі жылкамунгас”