З ПАДАРУНКАМІ АД ЧЫСТАГА СЭРЦА…

Общество

Бываючы ў камандзіроўках, адкрываючы новыя знаёмствы з цікавымі людзьмі, мы рэдка вяртаемся па старых адрасах. Людскія лёсы становяцца ўсяго толькі кароткім радком у вялікім летапісе раёна. А ў самую аддаленую кропку раёна – у вёску Яхімаўшчына, што ў Багданаўскім сельсавеце, мы ў снежні мінулага года наведаліся двойчы. Бо вырашылі правесці пераднавагоднюю дабрачынную акцыю.

Невялікі рэдакцыйны калектыў са шчырым энтузіязмам адгукнуўся на маю прапанову сабраць дары шчырых сэрцаў для адзінокіх старых людзей. Літаральна за некалькі дзён скрынкі былі напоўнены рознымі пачастункамі, прадуктамі харчавання, фруктамі. Хтосьці прынёс з дому кансерваваную прадукцыю, хтосьці купіў нешта патрэбнае да навагодняга стала ў магазіне. Не палічылі мы лішнім клопатам завезці ў вёску нават пакет макулатуры, каб старэнькім жанчынам было лёгка распаліць дровы ў печцы і сагрэцца ў гэтыя зімовыя дні. Вядома, што пенсіянеры, якія дасягнулі пачцівага ўзросту, ужо даўно не выпісваюць ніякай перыёдыкі…

Бачылі б вы прамяністую радасць у вачах Уладзіславы Іосіфаўны Снігір, якая 30 снежня мінулага года на парозе сваёй хаты сустрэла нечаканых гасцей з пакункамі ў руках. Нас таксама парадаваў яе шчыры святочны настрой. І зусім няважна, што гэта адзінокая жанчына, у былым жывёлавод, не выпісвае “Працоўную славу” і нават завочна не ведае журналістаў па іх публікацыях. Важна, што ў яе павесялела на душы, бо ў дом акрамя сацыяльнага работніка рэдка хто наведваецца…

Невялікі прэзент мы пакінулі і ў хаце 90-гадовай Браніславы Іванаўны Юневіч і яе дачкі Аліцыі. Доўга мы не маглі развітацца з імі: бо бабульцы  шмат хацелася расказаць карэспандэнтам са свайго багатага на падзеі жыцця-быцця…

Нечаканым быў наш візіт і для Людмілы Пякарскай і яе дзетак з вёскі Багданава. Ім мы прывезлі ласункі, фрукты, і вядома ж, мяккія цацкі. Сняжана і Арцём разам з маці ахвотна пазіравалі перад фотакамерай. Бацькі дома не аказалася, ён знаходзіцца на працяглым лячэнні ў ЛПП. Мы шчыра гаварылі з мамай пра будучы лёс яе дзяцей, пра тое, як важна, каб бацькі з усіх сіл стараліся ўтрымлівацца ад ужывання спіртнога, пра тое, што дзеці, якіх яны нарадзілі на свет, павінны быць радаснымі і шчаслівымі не толькі пад Новы год. І, здаецца, Людміла згадзілася з маімі высновамі. Хочацца, каб яна ўсялякімі спосабамі засцерагала сваю маладую сям’ю ад п’янства. Каб дзеці ні ў якім разе не паўтарылі яе горкую долю, бо сама яна і яе чацвёра братоў і сясцёр у сілу зразумелых абставін гадаваліся ў доме-інтэрнаце.

Замест эпілога

…Я не думаю, што кожны член калектыву, які ўдзельнічаў у рэдакцыйнай пераднавагодняй дабрачыннай акцыі, непрадбачанымі  расходамі адчувальна “змінусаваў” свой сямейны бюджэт. Наадварот, кожны стараўся зрабіць добрую справу ад чыстага сэрца.

Мы вырашылі, што ў гэтыя сем’і абавязкова будзем наведвацца і ў далейшым: напярэдадні вялікіх свят, каб радасць людзей у сэрцах прымножыць. Хочацца, каб ініцыятыву нашага калектыву падтрымалі і іншыя. А знойдуцца такія, мы пра іх з задавальненнем раскажам чытачам раёнкі.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *