АДДАНАЕ СЯБРОЎСТВА…

Культура

Жылі-былі, як заўжды пачынаюцца казкі, сабака Гудвін і кошка Чарнуха. Але ўсё адбывалася так на самой справе.

Гудвін, ужо сталы сабака, хоць і маленькага расточку, але дужа самастойны. Неяк вясной, напрыканцы сакавіка, Чарнуха нарадзіла чацвёра кацянят. Але прывяла іх паказаць толькі тады, калі ў іх адкрыліся вочкі, і яны самастойна сталі хадзіць, есці з міскі. Гудвін, які заўсёды ганяў кошку, як і належыць сабаку, цяпер сядзеў і цярпліва чакаў, пакуль “цёплая” кампанія пад’есць. Потым да міскі ішоў і ён. Дзесьці праз два тыдні кошка знікла. Шукалі, але знайсці не змаглі. І тут выхаваннем кацянят заняўся Гудвін. Ён з імі і спаў, і еў, і гуляў. Напрыклад, я бачыла, як Гудвін вучыў кацянят раскопваць кратовыя норы. Адразу кратовую горку раскапаў Гудвін. Дакапаўся да норкі ў зямлі і адышоўся. Тут жа да норкі кінуліся два самыя смелыя кацяняці. Але кінуліся з двух процілеглых бакоў, а таму добра сутыкнуліся галовамі. Паспрабавалі яшчэ раз, і зноў усё паўтарылася. Пасля трэцяй няўдачы слабейшае кацяня адступіла. Застаўшыся адно, большае кацяня яшчэ крыху пагрэбалася ў зямлі, але бачна было, што яму гэта нецікава. Яно села на край ямкі, пакруціла галавой, а потым справіла тут сваю патрэбу. Гудвін уздыхнуў: колькі ён не вучыў кацянят падымаць заднюю лапу пры патрэбе, з гэтага, на жаль, нічога не выйшла. …І хаця кацяняты ўжо даўно сталі дарослыя, усё роўна ўсюды ходзяць за сабакам, прыносяць яму мышэй, жаб.

Вось і вер пасля гэтага прымаўцы: “Жывуць, як кот з сабакам”.

Не сакрэт, што браты нашы меншыя шмат якія павадкі пераймаюць ад людзей. Магчыма, прыйшоў час і нам чамусьці павучыцца ў жывёлін?! Напрыклад, дабру, цярплівасці адно да аднаго. І тады было б меней сварак, звадак, непаразуменняў. І нашмат шчаслівейшымі б былі мы…

Людміла КРАСНАДУБСКАЯ,

жыхарка в. Капусціна.

 



Добавить комментарий