У нашай школе ўжо стала добрай традыцыяй у сакавіцкі дзень збірацца на літаратурную гасцёўню, прысвечаную нашаму паэту-земляку Віктару Анатольевічу Шніпу – паэту, празаіку, перакладчыку, аўтару шматлікіх зборнікаў, каля двух дзясяткаў песень, носьбіту медаля Францыска Скарыны, шматлікіх прэмій.

Старшакласнікі нашай школы з цікавасцю знаёміліся з яго зборнікамі, фотаздымкамі з асабістага архіву паэта. Гучалі яго вершы, песні, цікавыя моманты дзяцінства. На жаль, сам Віктар Анатольевіч не прысутнічаў, таму мы паслалі яму відэапрывітанне. Некаторыя вучні ўпершыню пачулі вершы  пра сваю вёску. Малой радзімай Віктара Анатольевіча таксама з’яўляецца вёска Пугачы Валожынскага раёна, з якой ён падтрымлівае цесную сувязь: паэт з’яўляецца ганаровым госцем свят вёскі, сустрэч з вучнямі роднай школы, заснавальнік і ўдзельнік літаратурнага аб’яднання «Рунь» Валожынскага раёна, тут пражываюць яго сваякі, стаіць дом яго дзяцінства. Я ганаруся, што пугачоўская зямля ўзгадавала такога таленавітага чалавека, удзячнага земляка, добрага кіроўцу, клапатлівага сына, мужа, бацьку і дзядулю. Мне таксама пашчасціла радзіцца ў такім непаўторным куточку Валожыншчыны.

Ёсць на Валожыншчыне вёска Пугачы,

Дзе рэчышчы сцяжын не зараслі ў лугах,

У агародчыках красуюць касачы,

Буслы на захад сонца коцяць па дубах.

У сэрцы ёсць таксама вёска Пугачы,

Таму сцяжыны не губляюцца ў лугах,

У агародчыках красуюць касачы,

Буслы на захад сонца коцяць па дубах.

Гэты верш напісаны больш сарака год назад і з’яўляецца эпіграфам да кнігі «Пугачоўскі цырульнік». Яшчэ зусім маладым, ва ўзросце 20 гадоў, аўтар прызнаецца ў любові да бацькоўскага краю, носіць яе ў сваім сэрцы. Каб выказаць свае пачуцці да малой радзімы, маці, Віктар Анатольевіч шукае запаветнае, жывое слова, добра разумее і адчувае яго і па-мастацку ўводзіць у тэкст. Гэта надае твору сапраўдны народны каларыт, яркае і вобразнае гучанне.

Паэт не губляе сувязь з роднай вёскай, хоць бацькоў ужо даўно няма. Засталіся тут яго родныя.

Я спадзяюся, што Віктар Анатольевіч яшчэ не раз звернецца ў сваёй творчасці да маёй роднай вёскі Пугачы і хачу пажадаць  высокіх творчых узлётаў і моцнага здароўя яму і яго блізкім.

Шніп Яна, навучэнка 7 класа

 ДУА “Пугачоўскі навучальна-педагагічны

 комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”