Дзень за днём – 29 кастычніка 2010 года

Общество

Да Дня аўтамабіліста і дарожніка за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у развіццё аўтатранспартнай і дарожнай галін раёна Ганаровымі граматамі райвыканкама ўзнагароджаны вадзіцель ДУП “Аўтапарк № 14” Аляксей Бурачэўскі і дыспетчар філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” Таццяна Радзько.

Ва ўсіх навучальных установах раёна прайшлі платныя дыстанцыйныя алімпіяды па агульнаадукацыйных прадметах, у якіх прынялі ўдзел не толькі старшакласнікі, але і пачаткоўцы. Заданні алімпіяд размяшчаліся ў Інтэрнэце, быў распрацаваны парадак іх правядзення. Лепшыя работы накіраваны ў Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі, пераможцы атрымаюць дыпломы.

У памяшканні пустуючага магазіна, размешчанага па адрасу вул. Савецкая, 83 адкрыўся магазін “Валожынскія прысмакі” УП “Кааппрам”. Тут зроблены рамонт і завезена новае абсталяванне. У шырокім асартыменце прапануюцца пакупнікам хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, каўбасы і паўфабрыкаты, бакалейныя тавары і кансервы, а таксама алкагольная прадукцыя.

Новыя буракаўборачныя камбайны “Кватра”, вырабленыя ў Галандыі, за кошт банкаўскіх крэдытаў пад гарантыі Гарадзейскага цукровага камбіната набылі СВК “Агра-Дубінское” і “Пяршаі-2003”. Яшчэ больш магутны камбайн “Холмер” для ўборкі караняплодаў з’явіўся ў ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”. Свой камбайн “Кляйн” пяршайцы перадалі СВК “Лоск”.

Стараннямі настаяцеля храма Пакрыва Святой Багародзіцы вёскі Гародзькі айца Сергія з дапамогай кіраўніцтва аўтапарка № 14 і Валожынскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” некаторыя вучні Гародзькаўскай і Пяршайскай СШ, якія наведваюць нядзельныя школы, на мяккім 47-месным аўтобусе здзейснілі паломніцкую паездку ў Жыровіцкі манастыр.

На мінулым тыдні супрацоўнікамі аддзялення па грамадзянству і міграцыі былі выяўлены пяць замежных грамадзян, выхадцаў з Расіі, Украіны і Літвы, якія пражывалі на тэрыторыі раёна нелегальна. За незаконнае працаўладкаванне нелегала да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты кіраўнік аднаго з прадпрыемстваў.

Вучні Валожынскай дзіцячай музычнай школы разам са сваімі настаўнікамі з задавальненнем пабывалі на канцэрце вядомай музычнай капэлы «Санорус». Прафесіяналы знаёмілі з магчымасцямі духавых інструментаў, выконвалі папулярныя хіты XX стагоддзя, танцавальную музыку. А прз тыдзень у сценах сваёй школы прымалі калег з Ракава – ансамбль «ARS LONGA», які выконваў музыку розных стыляў.



Добавить комментарий