Наша валожынская зямля багата на знакамітых землякоў, сярод іх ёсць ваенныя палкаводцы.  Легендарная біяграфія гэтых мужных людзей з’яўляецца прыкладам геройства і адвагі для маладога пакалення. Супрацоўнікі Валожынскага краязнаўчага музея распрацавалі некалькі патрыятычных праектаў пра вядомых знакамітасцей.  Адзін з такіх праектаў называецца “Ад салдата да генерала”. Ён прысвечаны нашаму земляку, генерал-лейтэнанту – Міхаілу Фамічу Букштыновічу.

Многія даследчыкі лічаць, што імя генерала Букштыновіча знаходзіцца ў забыцці. Звестак пра ваеначальніка нямнога, некаторыя з іх   з’яўляюцца супярэчлівымі.

Нам захацелася падрабязна пазнаёміцца з біяграфіяй гэтага легендарнага чалавека. Спачатку мы сталі вывучаць звесткі з жыцця  Міхаіла Фаміча па  пісьмовых дакументах, якія захоўваюцца ў фондах нашага музея – гэта пісьмы, газеты з артыкуламі пра генерала, успаміны яго родных і блізкіх. Сярод экспанатаў ёсць асабістыя рэчы генерала, якія былі перададзены музею яго сынам Ігарам (гэта малодшы сын, які  быў названы Ігарам у памяць старэйшага, загінуўшага  на фронце).

Год таму назад нам вельмі пашанцавала.  Мы наткнуліся на артыкул “Патрэбна было нарадзіцца і памерці толькі для таго, каб змагацца за трыўмф нашага народа…”,  які быў змешчаны ў часопісе “Военно-исторический журнал» і на сайце навуковай электроннай бібліятэкі http:www.elibrary.ru.

Аўтарам гэтай публікацыі была ўнучка генерала – Наталля Міхайлаўна Букштыновіч, галоўны спецыяліст Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва, які знаходзіцца ў Маскве. Свой артыкул яна прысвяціла М.Ф. Букштыновічу, выкарыстоўваючы архіўныя матэрыялы, а таксама ўспаміны свайго бацькі і членаў сям’і  Міхаіла Фаміча.

Мы напісалі пісьмо на імя дырэктара ўстановы і папрасілі дазволу звязацца з Наталляй Міхайлаўнай. У хуткім часе атрымалі пісьмо ад  Наталлі Букштыновіч. Яна была здзіўлена, што пра дзеда помняць на Валожыншчыне, цікавяцца яно біяграфіяй.  Наталля з радасцю прапанавала нам сваю дапамогу.

Вось ужо год мы падтрымліваем цесную сувязь з унучкай генерала. Яна даслала нам копіі дакументаў і фотаздымкаў з Асабовай справы М. Букштыновіча і сямейнага архіва.  Гэта вельмі каштоўны матэрыял для падрыхтоўкі экспазіцыі, якую мы плануем адкрыць у музеі да 130-годдзя  нашага знакамітага земляка.

Дык хто ж такі – Міхаіл Фаміч Букштыновіч? Наколькі яго імя вядома жыхарам Валожыншчыны? Якім было яго гераічнае жыццё?

Нарадзіўся наш зямляку вёсцы. Жомайдзь Ашмянскага павета Віленскай губерні 6 верасня 1892 года. Паводле метрычнай выпіскі праваслаўнай царквы Св. Іосіфа Абручніка хрысціўся ў мястэчку Валожын, куды ў хуткасці пераехала сям’я Букштыновіча.

Бацькі Міхаіла Фаміча: “жандарскі унтэр-афіцэр Тамаш Іларыёнавіч Букштыновіч і законная яго жонка Ганна Осіпава, абодва праваслаўныя». Яны належылі да сялянскага саслоўя.

Сям’я была шматдзетная: акрамя Міхаіла ў ёй  выхоўваліся тры хлопчыкі і чатыры дзяўчынкі. Самая малодшая з сясцёр Валянціна ўспамінала пра брата: «Я ніколі не бачыла Мішу пасіўным, абыякавым, ён заўсёды быў актыўны, ніколі, нават у цяжкія хвіліны жыцця, не губляў розуму, вельмі хутка знаходзіў выхад з любога  становішча і адразу пачынаў дзейнічаць.

Падчас летніх вакацый мае браты  з сябрамі гулялі ў вайну. Міша заўсёды  камандаваў   ваеннымі  гульнямі, і ўсе яму падпарадкоўваліся. Ужо ў тыя гады праяўлялася яго воля і рашучасць.

У 1912 годзе Міхаіл Фаміч скончыў Віленскае камерцыйнае вучылішча. Пасля гэтага тры гады працаваў канторшчыкам ва ўпраўленні чыгунак —  спачатку ў Вільні, а потым у Маскве.

 У 1915 годзе  Міхаіла прызвалі ў войска і залічылі ў 10-ю роту 5-га Сібірскага стралковага запаснога батальёна. Так пачалася ваенная біяграфія будучага генерала.

1 верасня 1916 года Міхаіл скончыў Ташкенскую школу прапаршчыкаў, служыў у Рыжскім памежным палку. Пазней яму  прысвоілі  званне  падпаруччыка і прызначылі на пасаду памочніка камандзіра сотні.

Пасля кастрычніцкіх падзей 1917 года Міхаіл Фаміч уступіў  у  рады Чырвонай гвардыі, сфарміраваў  Кастрамскі  атрад чырвонагвардзейцаў і стаў начальнікам аховы горада Кастрамы.

У студзені 1919 года быў прызначаны камандзірам 222-га інтэрнацыянальнага палка,  у 1920 годзе —  камандзірам асобай Туркестанскай брыгады Чырвоных камунараў.

Давялося нашаму земляку пабываць у самым крайнім паўднёвым пункце Расіі  —  крэпасці Кушка на пасадзе каменданта.

Міхаіл Фаміч сумяшчаў службу з вучобай. У 1924 годзе ён скончыў  Вышэйшыя стралкова — тактычны курсы “Выстрал” у Маскве, пазней — курсы ўдасканалення каманднага саставу пры Ваеннай Акадэміі імя Фрунзэ, у 1931 годзе – курсы вышэйшага начальніцкага саставу.

М.Ф.Букштыновіч у цэнтры, 1933 г.

У жніўні 1935 года М.Ф. Букштыновіча назначылі  намеснікам начальніка  штаба Ленінградскай ваеннай акругі. Камандаваў войскамі акругі ў гэты час камандарм Б.М. Шапашнікаў (будучы Маршал Савецкага Саюза). Па яго хадайніцтву ў лістападзе 1936 года Міхаіл Фаміч стаў камандзірам 7-га механізаванага корпуса ЛВА, які размяшчаўся  ў Новым Пецяргофе.

Сталінскія рэпрэсіі не абышлі бокам Міхаіла Букштыновіча. У 1938 годзе  яго арыштавалі па абвінавачванню   ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці», уключаючы арганізацыю тэрактаў. 28 мая 1939 года Ваеннай Калегіяй Вярхоўнага суда СССР ён быў прыгавораны  да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Міхаіл Фаміч адбываў заключэнне ў далёкім Марыінску. Гэта быў вельмі цяжкі перыяд у жыцці генерала. У фондах музея ёсць пісьмы, якія Букштыновіч з турмы дасылаў сястры Жэні.  У сталінскіх засценках  яго і застала Вялікая Айчынная вайна.

Патрыёту сваёй Радзімы, прафесіянальнаму ваеннаму цяжка было знаходзіцца ў лагеры, калі яго краіна была акупіравана ворагам. Букштыновіч піша пісьмо  на імя Народнага Камісара абароны  СССР т. Сталіна з просьбай адправіць яго на фронт.

“… Мая поўная невіноўнасць ва ўсіх абвінавачваннях, шчырасць і сумленнасць намераў даюць мне маральнае права яшчэ раз звярнуцца да ВАС. 4 гады, як я нявінна, незаслужана і несправядліва адбываю пакаранне. Мой сын Ігар Букштыновіч з першых дзён вайны пайшоў на фронт і загінуў у баі з фашыстамі, выхаваны мною сын майго брата Уладзімір Букштыновіч тры разы паранены ў баях з фашыстамі, зараз ён камандуе ротай на фронце. Многія  мае таварышы па службе,  цяпер генералы  Чырвонай Арміі, ўжо вызвалены…

На сотні маіх заяў Галоўны вайсковы пракурор адмаўляе ў пераглядзе справы. Я добра разумею, што зараз не час для перагляду, але разам з тым вайна —  адзіная для мяне магчымасць, каб крывёю змыць з сябе ганебнае кляймо ворага народа. Драпежны і злосны вораг забівае маіх дзяцей і сваякоў, а мяне трымаюць у зняволенні, калі мае веды, вопыт і адданасць партыі Леніна-Сталіна маглі яшчэ раз саслужыць службу савецкай зямлі. Бо недарэчна, дзіка і жорстка трымаць мяне ў зняволенні толькі таму, што некалі ў адносінах да мяне была дапушчана жахлівая памылка. Маё мінулае, мая служба ў Чырвонай Арміі на працягу 21 года не гавораць пра  тое, што я быў ці мог быць ворагам народа, ворагам партыі Леніна-Сталіна.

Я звяртаюся да Вас, Іосіф Вісарыёнавіч, і малю Вас вярнуць мяне ў рады РККА. Запэўніваю Вас, што з найвялікшай гатоўнасцю аддам сваё жыццё за Радзіму, за Сталіна. Пасля вайны, калі застануся жывы, падпарадкуюся любым рашэнням урадавых і судовых органаў у стаўленні да мяне. І калі ўрад знойдзе гэта патрэбным, то адбуду далейшае заключэнне.

Былы камдзіў РККА.

Зняволены Букштыновіч.  

Паштовы адрас: горад Марыінск, Новасібірскай вобласці, Верхняя Чабула, п/с 247/93»

31 снежня 1942 года М.Ф. Букштыновіча вярнулі ў рады Чырвонай Арміі з прысваеннем  звання «палкоўнік», хаця фактычна ён ужо быў генерал-маёрам. Міхаіла Фаміча  прызначылі  намеснікам камандзіра 357-й стралковай дывізіі 3-яй ударнай арміі Калінінскага фронту. Яго вопыт і веды дапамаглі  паспяхова  ажыццявіць аперацыю па ліквідацыі варожага ўмацаванага пункта ў Вялікалуцкай  крэпасці.  

М.Ф. Букштыновіч пасля заключэнны, 1942 г.

 Вось што  пісаў пра  свайго намесніка камандзір дывізіі А.А.Кронік у лютым 1943 года: «…У гэтай аперацыі т. Букштыновіч праявіў сябе мужным камандзірам, які добра ведае ваенную справу… Пад яго асабістым кіраўніцтвам аперацыя была праведзена бліскуча, за што ён прадстаўлены да ўзнагароды ордэнам Чырвонага Сцяга. За час знаходжання ў дывізіі т. Букштыновіч паказаў сябе высокакваліфікаваным, устойлівым і валявым камандзірам, які граматна разбіраецца ў аператыўнай абстаноўцы. Ваенную справу глыбока разумее, добра ведае і любіць…»        

 З 13 сакавіка па 21 лістапада 1943 года Букштыновіч камандаваў 28-й стралковай дывізіяй той жа 3-й ударнай арміі Калінінскага фронту і прымаў удзел у вызваленні горада Невеля.  Камандуючы 28-й арміяй генерал-лейтэнант К..Н. Галіцкі ў характарыстыцы на Міхаіла Фаміча, падпісанай ім у канцы верасня 1943 года, адзначае: «Культурны, добра падрыхтаваны камандзір. Мае вялікі практычны вопыт у камандаванні злучэннямі. Правільна  разбіраецца ў аператыўнай абстаноўцы, прымае абдуманыя рашэнні. Кіруе штабам правільна і ў сваёй працы поўнасцю выкарыстоўвае штаб як орган кіравання. Абарона дывізіі арганізавана добра. З афіцэрскім саставам  заняткі па баявой падрыхтоўцы  праводзіць  асабіста і рэгулярна. .. На працягу летняга перыяду палкоўнік Букштыновіч распрацаваў і паспяхова правёў шэраг ваенных аперацый”.

З 21 лістапада 1943 года Букштыновіч быў камандзірам 100-га стралковага корпуса 3-й ударнай арміі. Яго корпус прымаў удзел у Ленінградска-Наўгародскай наступальнай аперацыі. Камандарм 3-й ударнай арміі генерал-палкоўнік Н.Я. Чыбісаў адзначыў, што М.Ф. Букштыновіч, «камандуючы корпусам, зарэкамендаваў сябе падрыхтаваным ваенным спецыялістам…”

18 лютага 1944 г.  Міхаіл Фаміч стаў камандзірам 19-га гвардзейскага стралковага  корпуса  10-й  гвардзейскай  арміі  2-га  Прыбалтыйскага фронту, а з 12 жніўня гэтага года да заканчэння Вялікай Айчыннай вайны  М.Ф. Букштыновіч быў начальнікам штаба 3-й ударнай арміі ў складзе 2-га Прыбалтыйскага і 1-га Беларускага франтоў.     

Генерал-лейтэнант Г. Г. Сямёнаў у той час быў намеснікам начальніка  аператыўнага  аддзела штаба 3-й ударнай арміі. Праз шмат гадоў пасля вайны ў сваіх мемуарах ён успамінаў:  «15 жніўня  1944 года  да нас прыбыў новы начальнік штаба войска — генерал — маёр Міхаіл  Фаміч Букштыновіч, добра знаёмы па шматлікіх папярэдніх баях. Гэта быў, безумоўна, адораны чалавек, несправядліва абвінавачаны  перад вайной. Ён быў рэабілітаваны і выдатна зарэкамендаваў сябе на фронце. Букштыновіч хутка пазнаёміўся са справамі штаба і адразу ўключыўся ў работу. Аператыўнасць, выразнасць і прадбачлівасць адразу   праявіліся ў рабоце нашага новага начальніка. »

М.Ф. Букштыновіч у сцен рэйхстага, 1945 г.

Яскрава праявіўся ваенны талент Міхаіла Фаміча падчас Берлінскай аперацыі. Прагматычны розум, ваенны вопыт, граматны разлік і ўпэўненасць у сваіх дзеяннях  дапамаглі забяспечыць воінам 3-яй  ударнай арміі паспяховае выкананне баявой задачы і бліжэй за ўсіх прыблізіцца  да рэйхстага. Міхаіл  Фаміч хутка ацаніў сітуацыю і дабіўся  дазволу  наступаць на рэйхстаг праз  раку Шпрэю.     

Пасля Берлінскай аперацыі начальнік штаба  3-яй ударнай  арміі генерал-маёр М.Ф.Букштыновіч быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага  Саюза.  Але высокае званне было заменена ордэнам Суворава 1-й ступені. У ліпені 1945 года нашаму земляку  было прысвоена чарговае воінскае званне — «генерал-лейтэнант»

Пасля вайны генерал-лейтэнант Букштыновіч быў назначаны   начальнікам Упраўлення планавання баявой падрыхтоўкі Галоўнага штаба Сухапутных войск, а  ў  маі 1948 года ён заняў пасаду начальніка  інспектарскай групы намесніка галоўнакамандуючага  Сухапутнымі войскамі па баявой падрыхтоўцы.  Міхаіл Фаміч  адначасова займаўся ваенна-навуковай працай. Ён апісаў многія паспяховыя  баі  і аперацыі, што вельмі важна ў ваеннай справе.

Вельмі цяжкае ваеннае жыццё, гады зняволення падарвалі жыццё генерала. 28 чэрвеня 1950 года сэрца  Міхаіла Фаміча Букштыновіча перастала біцца. Пахаваны наш зямляк на Навадзявочых могілках у  Маскве.

М.Ф. Букштыновіч — адзін з самых таленавітых савецкіх ваеначальнікаў, які меў больш палкаводчых ордэнаў, чым многія маршалы.

Ордэн Леніна (21.02.1945);

Чатыры Ордэны Чырвонага Сцяга (20.02.1928[4], 17.10.1944, 03.11.1944, 6.11.1947);

Ордэн Суворава 1-й (29.05.1945) і 2-й (11.10.1943) ступені;

Ордэн Кутузава 1-й (06.04.1945) і 2-й (29.07.1944) ступені;

Ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені;

Медалі;

Замежныя ўзнагароды.

Мы, валожынцы, ганарымся  тым, што  наша зямля дала пуцёўку ў вялікае жыццё легендарнаму чалавеку, сапраўднаму грамадзяніну, савецкаму ваеначальніку, генерал – лейтэнанту Міхаілу Фамічу Букштыновічу. У яго гонар названа вуліца ў горадзе Валожыне. Яго гераічная  біяграфія з’яўляецца прыкладам любові і вернасці  Радзіме для многіх пакаленняў.  

 

Навуковы супрацоўнік Валожынскага краязнаўчага музея                                                                              Н.В. Бобрык