АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА СТУДЗЕНЬ 1967 ГОДА

Культура

АБ ГЭТЫМ РАЁННАЯ ГАЗЕТА ПІСАЛА НА ПЕРШАЙ СТАРОНЦЫ

Трохмесячная праграма даследаванняў аўтаматычнай станцыяй “Месяц-12” завершана.

25 кастрычніка станцыя была выведзена на арбіту штучнага спадарожніка Месяца. За мінулы перыяд станцыя праляцела ў калямесяцавай прасторы 9 мільёнаў 800 тысяч кіламетраў, з ёй былі праведзены 302 сеансы радыёсувязі.

За тры месяцы палёту станцыя правяла рад навуковых даследаванняў і перадала на зямлю ўнікальныя фатаграфіі месяцавай паверхні. Праведзены дэталёвыя вымярэнні гама-выпраменьвання месяцавай паверхні, рэнтгенаўскага флюарэсцэнтнага выпраменьвання, карпускулярнай радыяцыі і шчыльнасці мікраметэорнага рэчыва ў Месяца.

 

РАЎНЯЙЦЕСЯ НА ПЕРАДАВІКОЎ!

За высокія паказчыкі ў выкананні сацыялістычных абавязацельстваў і павелічэнні вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі бюро РК КПБ і райвыканкам пастанавілі занесці на раённую Дошку гонару і ўручыць пераходныя вымпелы:

Перадавой даярцы раёна Юзэфе Адамаўне Багдановіч з калгаса “Верны шлях”, якая надаіла па 3409 кілаграмаў малака ў разліку на адну фуражную карову;

Лепшай свінарцы раёна Ніне Раманаўне Іода з калгаса імя Леніна, якая атрымала па 16 парасят ад кожнай з 24 замацаваных свінаматак;

Лепшай цялятніцы раёна Яніне Пятроўне Мусік з саўгаса “Багданаўскі”, якая вырасціла 130 цялят і дабілася сутачнай прывагі кожнага з іх у сярэднім па 531 граму;

Лепшаму звенавому раёна Аляксандру Аляксеевічу Смоліку з сельгасарцелі імя Чапаева, звяно якога атрымала па 6,9 цэнтнера насення льну і па 9 цэнтнераў валакна на плошчы 22,5 гектара;

Лепшаму механізатару раёна Антону Францавічу Лябецкаму з саўгаса “Ракаўскі”, які камбайнам убраў 372 гектары збожжавых і дабіўся высокай якасці работ.

 

ВЕТЭРАНЫ Ў СТРАІ

У сельгасарцелі “Чырвоны сцяг” па-гаспадарску працуюць многія былыя франтавікі і партызаны. Як правіла, ім, правераным і загартаваным у баях, давераны самыя адказныя ўчасткі вытворчасці.

Прайшоў па ваенных дарогах Мікалай Мікалаевіч Пошкуць. Вярнуўся дадому інвалідам. Але не кінуўся ў роспач чалавек. Сіла волі перамагла. Ён адным з першых уступіў у калгас і ўжо другі дзесятак гадоў працуе кладаўшчыком. Узорны парадак на яго працоўным месцы. Насенне ачышчана, праверана на ўсходжасць, надзейна захоўваецца ў засеках.

Штодзённа на золку калгаснай вуліцай таропка ідзе Аляксандр Ігнатавіч Фурс, былы франтавік. Ён працуе падвозчыкам кармоў на свінаферме ў сёмай брыгадзе, з усёй адказнасцю адносіцца да даручанага ўчастка работы.

З баямі прайшоў па роднай зямлі Васілій Іванавіч Лукашанец, які зараз лепшы машыніст зернеачышчальнай машыны ў родным калгасе, да пачатку жніва актыўна выходзіць на палявыя работы.

Вядучае месца па вывазцы тарфагнойных кампостаў на палі займае шостая брыгада, якую ўзначальвае Сяргей Паўлавіч Голуб, таксама ветэран-франтавік.

 

ЯКАЯ ФЕРМА САМАЯ ЧЫСТАЯ?

Лепшымі фермамі раёна прызнаны “Пакуці” саўгаса “Радзіма”, “Вайганы” саўгаса “Багданаўскі”, цэнтральныя фермы саўгаса “Падбярэззе” і сельгасарцелі імя Куйбышава, фермы “Гарадзечна” калгаса “Краіна Саветаў” і “Макараўка” калгаса імя Леніна.

Не радзей двух разоў у год работнікі гэтых ферм робяць пабелку памяшканняў і дэзінфекцыю. У чысціні ўтрымліваецца і тэрыторыя вакол ферм. Ля ўваходу ў памяшканні ўстаноўлены дэзінфекцыйныя падушкі. На многіх фермах пасля дойкі малако ахалоджваецца. Для гэтай мэты на летні перыяд нарыхтоўваюць лёд з разліку 1 кубічны метр на тону малака. Не дзіўна, што малако здаюць адсюль толькі першага і другога класаў.

У ВОДПУСК – НА РЫЖСКАЕ ЎЗМОР’Е

Крым, Рыжскае ўзмор’е, Нарач, Ждановічы – вось той няпоўны пералік лепшых здраўніц, у якіх пабывалі за мінулы год па пуцёўках прафсаюза рабочыя саўгаса “Падбярэззе”.

Задаволеным і бадзёрым вярнуўся з дома адпачынку “Беларусь” наш лепшы механізатар Часлаў Вольскі. Тут жа адпачываў і другі механізатар Іосіф Селівон. А конюх Іосіф Язерскі папраўляў сваё здароўе ў санаторыі імя Леніна ў Бабруйску, рабочы Іосіф Садоўскі – на Рыжскім узмор’і. Чатыры працаўнікі саўгаса пабывалі мінулым летам у доме адпачынку на маляўнічым беразе Нарачы.

 

ЛЯЦЯЦЬ НАВАГОДНІЯ ПАШТОЎКІ

З тэлеграфнага апарата паўзе вузкая папяровая стужка. На ёй словы віншаванняў, прывітанняў ад сяброў і блізкіх. Пільна ўглядаецца ў стужку тэлеграфістка раённага вузла сувязі Вера Мінкіна. Новы год яна сустрэла на працоўным месцы. 1 студзеня было перададзена 230 і прынята 90 тэлеграм.

У першы дзень новага года выйшлі на свае ўчасткі паштальёны. Толькі валожынскія адрасаты атрымалі 850 віншавальных паштовак, звыш 2520 газет, 104 тэлеграмы. А ўсяго ў населеныя пункты раёна дастаўлена звыш 15800 газет і часопісаў.

ЛЕПШЫЯ КІНАМЕХАНІКІ

Канстанцін Кісель, Сяргей Мандрык, Пётр Брылеўскі, Сяргей Вансовіч, Міхаіл Кузняцоў, Леанід Сяўрук і Міхаіл Бубневіч працуюць кінамеханікамі ў розных месцах нашага раёна. Кожнага з іх вызначаюць добрасумленныя адносіны да працы, імкненне паказаць той або іншы фільм як мага большай колькасці працоўных. Нездарма гэтым кінамеханікам прысвоена  ганаровае званне ўдарнікаў камуністычнай працы.

На грудзях у К. Кісяля красуецца значок “Выдатнік кінематаграфіі СССР”. М. Бубневіч узнагароджаны граматай камітэта па кінематаграфіі пры Савеце Міністраў Саюза ССР.

 

30 ТОН ЦУКЕРАК ЗВЫШ ПЛАНА

Прадукцыя Івянецкага кансервавага завода самая разнастайная: яблыкі, салянка, цыбуля ў таматным соусе, вітамінізаваныя чарніцы, журавіны, агрэст, кансерваванае шчаўе, буракі ў соку і іншыя кансервы. Добрым попытам карыстаецца карамель з ледзянца.

Тэхкіраўнік завода Павел Іванавіч Стрэльчанка расказвае:

– Зараз па транспарцёру з мыйнага цэха ў расфасовачную паступаюць чыстыя слоікі. Раней прыходзілася насіць посуд у стэрыльны цэх уручную. Дапамог механік Сцяпан Фаміч Койра. А нядаўна ён сканструяваў станок для рэзкі морквы і бульбы, ад чаго значна павялічылася прадукцыйнасць працы. Да свята Вялікага Кастрычніка будзе выпушчана звыш плана 30 тон цукерак.

 

У СПАБОРНІЦТВЕ ЗА ЖЫВІЦУ І ШКІПІНАР

Добра папрацаваў у першым годзе пяцігодкі калектыў Івянецкага ўчастка Маладзечанскага хімлясгаса. Гадавы вытворчы план перавыкананы. Напрыклад, драўніны нарыхтавана і вывезена 3000 кубічных метраў – 124 працэнты плана.

Першынство ў спаборніцтве заваявалі калектывы смолзаводаў “Трокі” і “Ракаў”. Асабліва вызначыліся старшыя майстры Фелікс Шунтоў і Барыс Абрамовіч, апаратчыкі Іван Лямбовіч, Пётр Шаранда, узрыўнікі Іван Клачко і Аляксандр Курыла.

Карпатліва папрацавалі здымшчыкі жывіцы Іосіф Гурневіч, Генадзій Сазановіч, Анатоль Шкурко. Кожны з іх нарыхтаваў звыш плана сотні кілаграмаў каштоўнай сыравіны.

 

ПОСПЕХІ РАДУЮЦЬ

У рабочых раённага аб’яднання “Белсельгастэхніка” стала добрай традыцыяй сустракаць надыходзячы год дасягненнямі ў працы. План рамонту трактароў выкананы на 121,5 працэнта. Пры гадавым заданні 350 іх адрамантавана каля 450.

Механізатары нарыхтавалі 129000 тон фрэзернага торфу, што на 9000 тон больш гадавога задання.

 

ДА 600 КІЛАГРАМАЎ МАСЛА Ў ГАДЗІНУ

На Валожынскім галаўным масласырзаводзе адказны перыяд. Ідзе рэканструкцыя і ўстаноўка новага абсталявання.

Да гэтага на заводзе выпускалі за гадзіну 250 кілаграмаў масла. З устаноўкай жа новай паточнай лініі вытворчасць яго за такі ж адрэзак часу павялічыцца да 600 кілаграмаў. Усе работы па тэхнічнай рэканструкцыі вядуць рабочыя механічнага цэха. Імі кіруе інжынер прадпрыемства П. Леановіч. Добра працуюць слесар-наладчык Мікалай Дужынскі, рабочыя Уладзімір Шакун, Уладзімір Пасека і іншыя.

 

ДЫСПЕТЧАР ШЧАСЦЯ

“Цікавую пасаду прынёс мне адышоўшы год: я стаў грамадскім сватам. Праўда, нямнога ўрачыстых шлюбаў у мінулым годзе ў раённым Доме культуры.

30 маладых юнакоў і дзяўчат навек ва ўрачыстай абстаноўцы злучылі свой лёс. Паглядзіш на сённяшнюю моладзь, і зайздрасць бярэ – такая яна шчаслівая, жыццярадасная. І прыемна быць дыспетчарам шчасця ў такой моладзі, заручаць людзей на радасць”, – піша ў рэдакцыю В. Сокал, член камісіі райвыканкама па ўкараненню ў жыццё новых абрадаў.

 

800 КІЛАГРАМАЎ ІЛЬНОВАЛАКНА Ў ДЗЕНЬ

У калгасе імя Мічурына на поўную магутнасць выкарыстоўваюцца два льноапрацоўчыя агрэгаты ТЛ-40. Машыністы Эдуард Нарэйка і Петр Пратасевіч забяспечваюць бесперабойную работу тэхнікі. Яны здаюць штодзень каля 800 кілаграмаў ільновалакна.

Дружна папрацавала звяно Любы Свіберскай. Яно першым у калгасе апрацавала трасту. На зыходзе апрацоўка льнотрасты ў брыгадах, якімі кіруюць Генрых Голуб і Баляслаў Чарняўскі.

 

ЗАМЕЖНЫЯ ГАЗЕТЫ – У КОЖНЫ ДОМ

Працоўныя раёна праяўляюць выключную цікавасць да перыядычных выданняў краін народнай дэмакратыі. Штодзённа сувязісты дастаўляюць сваім падпісчыкам свежыя газеты і часопісы, што выдаюцца ў Польшчы, Чэхаславакіі, Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы.

Настаўнік Сакаўшчынскай сярэдняй школы К. І. Харытонаў, жыхар райцэнтра Я. І. Сяліцкі выпісваюць перыядычныя выданні з Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі.

Старонкі газеты гартала

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий