У аўторак у Капылі прайшла абласная ўрачыстасць, прымеркаваная да 35-годдзя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. У ёй прыняла ўдзел дэлегацыя Валожыншчыны на чале са старшынёй раённага савета ветэранаў Таццянай Ціганінай.

На мерапрыемства прыехалі шаноўныя госці: намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі, старшыня савета Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў Казімір Чарапкоўскі, намеснік старшыні Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, ветэран Узброеных Сіл, воін-інтэрнацыяналіст, генерал-маёр Люцыян Сурынта.

У гэты дзень на сцэне Капыльскага РЦК гучала шмат цёплых слоў шанавання і ўдзячнасці ветэранам Міншчыны за добрасумленную працу, адданасць любімай справе, служэнне роднай зямлі, свайму народу і нашай Беларусі. Яны з’яўляюцца не толькі прыкладам, але і арыенцірам у рабоце для сённяшняга пакалення. Іх вопыт, веды па-ранейшаму запатрабаваныя: да іх звяртаюцца, у іх вучацца, да іх стараюцца быць падобнымі. Так і павінна быць, бо без шанавання мінулага няма падмурка ў будучыні.

Генерал-маёр Люцыян СУРЫНТА ўручае грамату Таццяне ЦІГАНІНАЙ.

Асабліва прыемнай часткай урачыстасці стала ўзнагароджванне. Сярод тых, хто ўдастоіўся такога гонару, была і наш ветэранскі лідар: за ўдзел у мерапрыемствах па сацыяльнай абароне ветэранаў, актыўную жыццёвую пазіцыю, умацаванне міру і згоды ў грамадстве Таццяна Ціганіна адзначана Граматай Беларускага аб’яднання ветэранаў.

– Ветэраны – людзі таго пакалення, якія перажылі вайну, выпрабаванні, таму па-асабліваму цэняць жыццё, працу, любоў да Радзімы. Галоўная мэта для нас – перадаваць моладзі жыццёвую крынічку мудрасці і дабрыні, помніць і шанаваць тых, хто ахвяраваў сабой у імя светлай будучыні нашчадкаў, – падзялілася ўражаннямі Таццяна Фёдараўна. – Таму свята ў вачах ветэранаў было ўзнёслым, хвалюючым і радасным. Асабіста для мяне вельмі нечаканым і прыемным стала атрыманне такой высокай узнагароды. Гэта вялікі гонар і заслуга кіраўніцтва раёна і ўсіх ветэранаў нашай Валожыншчыны.

У рамках святкавання юбілейнай даты прайшоў мітынг для помніка воінам-вызваліцелям. Звяртаючыся да прысутных, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч падкрэсліў, што прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый робяць усё для таго, каб і Мінская вобласць, і наша краіна былі лепшымі, прыгажэйшымі і мацнейшымі.

– Сёння Беларусь ганарыцца тымі героямі, якія насамрэч мужна і самаахвярна змагаліся за Радзіму і перамаглі фашызм. Мы схіляем галовы перад светлай памяццю воінаў-вызваліцеляў. Нізкі паклон і словы глыбокай удзячнасці дарагім ветэранам за мірнае неба над галавой, – адзначыў Іван Станіслававіч.

 

Наш кар.