Для пачатку вясенняга перыяду характэрна дастаткова высокая актыўнасць насельніцтва, якое пасля зімы імкнецца навесці парадак як на сваіх прыдамавых тэрыторыях, так і на зямлі агульнага карыстання населеных пунктаў, што непасрэдна прылягаюць да іх прысядзібных участкаў.

Меры, якія прымаюць грамадзяне, як правіла, звязаны не толькі з прыбіраннем сваіх зямельных участкаў ад захламленасці, прывядзеннем у належны санітарны стан агароджы, фасадаў дамоў і інш., але і з выдаленнем і абрэзкай дрэў і кустоў, якія растуць, у тым ліку, і за межамі сядзібы. Менавіта ў гэты перыяд фіксуецца найбольшая колькасць адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з незаконным выдаленнем аб’ектаў расліннага свету.
У сувязі з гэтым Валожынская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў чарговы раз інфармуе насельніцтва аб неабходнасці захавання патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб раслінным свеце”, які дакладна рэгламентуе парадак дзеянняў фізічных асоб аб атрыманні дазвольных дакументаў на выдаленне драўнінна-хмызняковай расліннасці, якая расце за межамі зямельных участкаў, што знаходзяцца ва ўласнасці грамадзян. Згодна з палажэннямі артыкула 37 Закона, дазвол на выдаленне аб’ектаў расліннага свету можа быць атрыманы толькі землекарыстальнікам, на зямельных участках якога гэтыя дрэвы ці кусты знаходзяцца. Таму пры ўзнікненні неабходнасці і для атрымання дазвольных дакументаў грамадзяне абавязаны звярнуцца з заявай у сельвыканкам, калі дрэвы растуць на зямлі агульнага карыстання населеных пунктаў, ці да кіраўніцтва суб’екта гаспадарання, калі яны размешчаны на яго падведамасных тэрыторыях. У сваю чаргу, адказныя асобы накіроўваюць у мясцовы выканаўчы і распарадчы орган запыт аб неабходнасці атрымання дазволу, які ў далейшым і выдаецца землекарыстальніку.
Самастойнае выдаленне аб’ектаў расліннага свету без дазвольных дакументаў з’яўляецца незаконным, згодна з артыкулам 16.17 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Акрамя таго, такімі дзеяннямі наносіцца ўрон навакольнаму асяроддзю – яго памер у грашовым вылічэнні разлічваецца зыходзячы з пароды дрэва, фактычнага стану і памераў на момант выразання. Пакрыццё ўрону ажыццяўляецца асобай, якая яго нанесла.


Патрабаванні Закона не распаўсюджваюцца на драўнінна-хмызняковую расліннасць, якая размешчана ў межах зямельных участкаў, прадастаўленых грамадзянам для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома (кватэры ў блакіраваным жылым доме), вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, агародніцтва, касьбы, выпасу сельскагаспадарчай жывёлы; у межах зямельных участкаў, прадастаўленых для калектыўнага садаводства і дачнага будаўніцтва; у межах зямельных участкаў, прадастаўленых у прыватную ўласнасць недзяржаўным юрыдычным асобам, уласнасць замежным грамадзянам, міжнародным арганізацыям; на землях ляснога фонду; на тэрыторыі месцаў пахавання. У гэтых выпадках дазвол на выдаленне аб’ектаў расліннага свету не патрабуецца.
Аналіз зваротаў сведчыць, што часам узнікаюць пытанні, звязаныя з правядзеннем абрэзкі дрэў і кустоў. Заканадаўствам прадугледжана і гэта норма: згодна з артыкулам 37-10, такія мерапрыемствы праводзяцца выключна з мэтай прадухілення прычынення шкоды жыццю і здароўю грамадзян, маёмасці грамадзян і юрыдычных асоб, ухіленню перашкод эксплуатацыі будынкаў, збудаванняў і іншых аб’ектаў, а таксама павышэння эстэтычнай прыцягальнасці дрэў, кустоў (прарэджванне кроны, наданне ёй неабходнай формы і інш.) і ў адпаведнасці з правіламі ўтрымання азялененых тэрыторый. Пры гэтым атрыманне дазволу мясцовага выканаўчага і распарадчага органа не патрабуецца.
Работы па абрэзцы дрэў і кустоў ажыццяўляюцца карыстальнікамі зямельных участкаў, у межах якіх растуць такія дрэвы і кусты, а таксама іншымі асобамі на падставе грамадзянска-прававога дагавора, а ў выпадку ўхілення перашкод эксплуатацыі будынкаў – юрыдычнымі асобамі і прыватнымі прадпрымальнікамі, што ажыццяўляюць эксплуатацыю будынкаў, збудаванняў і аб’ектаў.
Неабходна таксама памятаць, што пры выкананні работ па выдаленні аб’ектаў расліннага свету ці іх абрэзцы нельга дапусціць парушэння гнёзд птушак, размешчаных на насаджэннях у населеных пунктах, жылых, вытворчых, культурна-бытавых і іншых будынках і збудаваннях, у перыяд з 15 лютага па 15 жніўня (падпункт 3.5 пункта 3 артыкула 19 Закона). За парушэнне названых патрабаванняў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Віктар ЯКУТОВІЧ,
начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя