У ПРЫЯРЫТЭТАХ – ЭКАНОМІЯ, ІНВЕСТЫЦЫІ І СТВАРЭННЕ НОВЫХ ВЫТВОРЧАСЦЕЙ

Общество

Цэнтральнай тэмай чарговага  пасяджэння райвыканкама было абмеркаванне сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2012 год. Як складаючыя, разглядаліся таксама праект бюджэту раёна, развіццё аграпрамысловага комплексу Валожыншчыны, а таксама некаторыя іншыя пытанні.

Галоўнай мэтай сацыяльна-эканамічнага развіцця на бягучы год вынесена дасягненне максімальнай збалансаванасці эканомікі раёна. Такая задача пастаўлена нездарма, яе рэалізацыя, з аднаго боку, паспрыяе забеспячэнню належнага ўзроўню жыцця ўсіх катэгорый насельніцтва, з іншага – створыць фундамент для далейшага росту фінансавай стабільнасці раёна. Дакладчык – намеснік старшыні райвыканкама А. В. Бразоўскі  агучыў некалькі прыярытэтных накірункаў. У 2012 годзе стаўка робіцца на стварэнне новых вытворчасцей і арганізацый – сярэдніх па велічыні, эфектыўных і гатовых мабільна ўдасканальваць дзейнасць. Як вядома з вопыту мінулых гадоў, гэта дазволіць не толькі стварыць новыя рабочыя месцы, але і павялічыць аб’ёмы выпускаемай прадукцыі. Адметна, што сёлета вытворцы ўзялі арыенцір на выпуск імпартазамяшчальных тавараў. Гэта значыць, будзе значна скарэкціравана частка расходаў, якія штогод нясе раён на набыццё прадукцыі з іншых рэгіёнаў і краін, грошы застануцца у бюджэце. Добры зачын ужо пакладзены: СП “Івкон” ААТ, напрыклад, прапануе спажыўцам малочныя, памадныя, жэлейныя і ўзбіваныя цукеркі новых гатункаў. ААТ “Нафтатрэйдэкспарт” будзе працаваць над выпускам дарожнага бітуму, ТАА “Сплендар” павялічыць аб’ёмы выпускаемых фарбаў, лакаў, мыючых і чысцячых сродкаў, саставаў для вогнетушыцеляў. Заўсёды запатрабавана і абліцовачная плітка, якую прапануе прыватнае прадпрыемства “Гліга”. Да таго ж, бягучы год стане годам рэалізацыі яшчэ аднаго прыбытковага і перспектыўнага для раёна праекта: ТАА “Фармфэктары” на базе невыкарыстоўваемага будынка Дорскага дзіцячага сада плануе распачаць імпартазамяшчальную вытворчасць лекавых сродкаў.

Адзначалася на пасяджэнні і тое, што ў сённяшніх няпростых умовах умацоўваць фінансавы дабрабыт Валожыншчыны давядзецца ў рэжыме жорсткай і паўсюднай эканоміі, ашчаднага стаўлення да паліўна-энергетычных рэсурсаў. На 2012 год паказчык энергазберажэння даведзены на ўзроўні мінус 5 працэнтаў, яго плануецца выканаць за кошт укаранення ў вытворчасць прагрэсіўных тэхналогій, мадэрнізацыі абсталявання. Як факт – не менш за чвэрць аб’ёму электрычнай і цеплавой энергіі сёння трэба ўтвараць за кошт выкарыстання мясцовых відаў паліва, другасных энергетычных рэсурсаў і альтэрнатыўных крыніц энергіі.

Яшчэ адзін фактар эканамічнай стабільнасці раёна – прыцягненне інвестыцый, у тым ліку замежных. Сёлета яны накіраваны на стварэнне і развіццё прыярытэтных галін і вытворчасцей. Да прыкладу, 3 мільярды рублёў інвесціравана на будаўніцтва дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці ў Івянцы, амаль такая ж сума пойдзе на будаўніцтва ў райцэнтры фізкультурна-аздараўленчага комплексу. У Пяршаях з’явяцца ачышчальныя збудаванні, каналізацыяй і збудаваннямі біялагічнай ачысткі ў будучым зможа пахваліцца Ракаў. Акрамя таго, значныя сродкі інвесціраваны ва ўзвядзенне 2 дамоў сацыяльнага карыстання ў Валожыне і вёсцы Паморшчына. Будзе працягнута рэалізацыя інвестпраектаў па будаўніцтву транспартна-лагістычнага цэнтра і вытворчай базы па перапрацоўцы нафтапрадуктаў. У бягучым годзе прагназіруецца таксама прыцягненне ў раён 6 мільёнаў долараў прамых замежных інвестыцый.

Падчас пасяджэння закраналіся тэмы істотнага ўзмацнення знешнеэканамічнай дзейнасці, строгага кантролю за імпартам тавараў і паслуг, а таксама максімальнага нарошчвання экспарту, рознічнага гандлёвага тавараабароту. Затым прысутныя азнаёміліся з праектам раённага бюджэту на 2012 год, асобнымі яго паказчыкамі, а таксама развіццём аграпрамысловага комплексу раёна ў 2012 годзе і станам спраў на шматабяцальнай і прыбытковай ніве аграэкатурызму.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий