АКУРАТЫСТКА СА СЛАЙКОЎШЧЫНЫ

Культура

Калі вяртаемся з камандзіровак з блакнотамі тэм і розных занатаваных звестак, і ўжо на гэты дзень не плануем больш сустрэч з людзьмі, часта ўсё роўна прашу вадзіцеся наўмысна зменшыць хуткасць машыны, калі міма нас імкліва праплываюць шматлікія вясковыя дамы. Хочацца ўважліва разгледзець сядзібы, што мільгацяць за акном легкавушкі. Хочацца міжволі выбраць сярод іх самую-самую дагледжаную. Так было нядаўна і ў Слайкоўшчыне, што ў Сакаўшчынскім сельсавеце.

Натрэніраванае вока выхапіла з двух паралельных радоў вясковых сядзіб максімум чатыры-пяць, якімі можна залюбавацца нават у пару, калі ў прыроднай палітры пераважае шэры колер. Але вось дом № 56! Тут шэрым быў толькі зубчаты плот, кантрастна ярка на яго фоне глядзеўся драўляны жылы будынак. Зялёны, насычана карычневы, яркі жоўты колеры, здавалася, наплывалі на чалавека нябачнымі хвалямі бадзёрасці, святла. Адразу адзначыла, што невялікая хата мела аж два парадныя ўваходы. Убачыўшы, што незнаёмая машына спынілася на падворку, выйшла з хаты гаспадыня і пацікавілася: адкуль такія госці. Мы адрэкамендаваліся. Ветлівая жанчына таксама ахвотна прадставілася:

– Марыя Гаўрылаўна Бітэль.

– Прабачце, але па лёгкаму рускаму акцэнту міжволі ўгадваецца, што Вы, хутчэй за ўсё, не тутэйшая…

– Вы правільна здагадаліся. Мая радзіма – Растоўская вобласць, станіца Калітвенская.

– Якім жа чынам так здалёк трапілі ў Беларусь?

– Адсюль родам мой муж, Іосіф Паўлавіч Бітэль.

– Цікава, дзе і калі звёў разам вас лёс?

– У гады вайны майго будучага мужа вывезлі на катаржныя работы ў Нямеччыну. Вяртаўся дадому праз нашу станіцу. Так і пазнаёміліся. І ў выніку я за ім, як нітка за іголкай,  падалася на далёкую і незнаёмую Валожыншчыну.

Неўзабаве наша кароткае знаёмства з гэтай гаваркой  жанчынай са Слайкоўшчыны перарасло ў яе шчыры расказ пра свой далейшы лёс. Марыя Гаўрылаўна расказала, што ўсё свядомае жыццё працавала ў паляводчай брыгадзе. Муж таксама выконваў розныя даручэнні ў мясцовым калгасе. Як і ў кожнай сям’і, бацькі жылі галоўным клопатам – выгадаваць і вывучыць дзяцей. У сям’і Біталёў гадаваліся два сыны. Выраслі – кожны пакрочыў сваёй дарогай. Леанід цяпер у Мінску, Генадзь жыве ў Валожыне.

На палатне сумеснага жыцця ўжо ёсць і чорныя фарбы: муж даўно пакінуў гэты свет. Калі Марыя Гаўрылаўна аўдавела, нядоўга яна змагла ў адзіночку цягнуць увесь воз гаспадарчых клопатаў. Паступова стала зарастаць травой і некалі   добра ўтаптаная сцежка да хлява: будынак апусцеў без звыклай для вёскі жыўнасці. Цяпер яе пасільны  клопат – накарміць чатырох катоў і сабачку. Абавязкі сувымяраюцца ўжо даволі пачцівым ўзростам: на жыццёвым календары М. Г. Бітэль лічыць імклівыя студзеньскія дні 88-я зіма. Але па-ранейшаму гэта жанчына не здраджвае свайму асноўнаму прынцыпу: і на вуліцы, і ў хаце заўсёды павінен быць выключны парадак, бездакорная чысціня.

Ціхімі вечарамі, асабліва перад выхаднымі, яна любіць пасядзець ля акна: чакае ў госці родных людзей.

Як водзіцца, радавое дрэва Біталёў сілкавала сваімі сокамі новыя парасткі: нарадзіліся і выраслі трое ўнукаў, а затым яны ўжо падарылі бабулі двух праўнукаў. Марыя Гаўрылаўна не адчувае сябе адзінокай. Родныя людзі часта бываюць на бацькаўшчыне. Больш таго, старэйшы сын-мінчанін адбудаваў у вёсцы для сваёй дачкі  дачны домік насупраць бацькоўскага. Старая закінутая сядзіба набыла новыя сучасныя абрысы. Асабліва ўтульна тут летам.

Жанчына моцна перажывае, што далёка не ўсе прыватныя ўчасткі ў Слайкоўшчыне вызначаюцца ўзорным парадкам. Многія тэрыторыі ля дамоў закінутыя, іх уладарна бяруць у палон стыхійныя зараснікі пладовых дрэў і кустоў. Платы нахіліліся долу, як знясіленыя істоты. Многія яблыні ў садах пасохлі, а тыя, што яшчэ выстаялі насупраць імклівым гадам, ужо мала пладаносяць. На суседняй сядзібе зраўнаваны з зямлёй стары калодзеж не так даўно стаў прычынай бяды. У двор да Марыі Гаўрылаўны прыблукала чужая карова. Яна паводзіла сябе ўстрывожана, жанчына настойліва адганяла яе, аднак жывёла слатой лезла на сядзібу. Адчувалася, што рагуля нечым вельмі ўзрушана. Марыя Гаўрылаўна вырашыла пайсці ўслед за жывёлай. І тая прывяла яе да калодзежа, куды ўвалілася адна вясковая карова і самастойна выбрацца не магла. Каб выратаваць небараку, давялося выклікаць з райцэнтра спецыяльную службу.

У гэтай дбайнай гаспадыні баліць душа, што жыццё ў вёсцы, якая для яе за столькі гадоў стала роднай, паціху затухае, нібы свечка на ветры. Акуратыстка па характары, Марыя Гаўрылаўна ўсё заўважае, што дзе не так. Калі, здараецца, што дастаўшчыкі кармоў, едучы на суседнюю жывёлагадоўчую ферму, у ветранае надвор’е зацярушаць сенам вясковую вуліцу, то гэта руплівая жанчына абавязкова тут жа прывядзе дарогу ў парадак. Яе ўласны двор глядзіцца, як талерка, вымытая да ідэальнага бляску. Акуратнасці тут можна павучыцца ў любую пару года!

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий