Шаноўныя землякі-валожынцы!

Культура

Усё свядомае жыццё маё прайшло на гэтай зямлі, зямлі маіх дзядоў і прадзедаў,маіх бацькоў і сярод вас, з кім побач рос, працаваў, меў пэўныя жыццёвыя стасункі.

Ужо ў сталым узросце прыйшло да мяне, мабыць, так Бог даў, творчае натхненне. Я паспрабаваў даць выйсце сваёй няўрымслівай душы – пачаў пісаць вершы.

Штосьці друкавалася на старонках газет, ды з цягам часу нешта і накапілася ў маёй творчай скарбонцы. Я ўсё ж здолеў выканаць галоўнае жаданне – пакінуць свой “след” у жыцці для сям’і, родных, сяброў. За свае сціплыя зберажэнні і дзякуючы дапамозе сяброў пабачылі свет (на жаль, вельмі вузкі) зборнікі маіх вершаў “У хвіліны роздуму”, “Радзіннае”, “Жыцця бурлівага варункі”. Гэтым я ганаруся. Ганаруся і тым, што мае чытачы не засталіся да іх абыякавымі, што вершы паказыталі і іх душы. Іншага і быць не магло. Кожны з вершаў прайшоў праз маё чулае сэрца, прымушаючы, часам, нават сябе самога хвалявацца, перажываць.

Марыў я данесці часцінку маёй сціплай творчасці ў школы, бібліятэкі, да больш шырокага кола чытачоў, але не здолеў – невялікі наклад асобнікаў па фінансавых прычынах не дазволіў мне гэтае зрабіць. Што ж, прабачце, але цяпер у мяне з’явілася магчымасць прапанаваць вам, паважаныя чытачы раёнкі, нізку сваіх вершаў. Яны – мая памяць, смутак і боль. Спадзяюся, што вершы навеюць успаміны аб мінулым, аб родных, якія пайшлі ў новы, яшчэ нікім неспазнаны свет.

З павагай да ўсіх вас –

Вацлаў Харук,

жыхар горада Валожына.

ВЯРТАННЕ

Стаю ля парога бацькоўскае хаты…

Душу рве самота: ні мамы, ні таты…

Ніхто не глядзіць і ніхто не страчае …

Нікога няма… Больш ніхто не чакае…

 

Замок – вартаўнік на дзвярах

прытаіўся,

Як быццам чакаў ён… Чакаў –

і адкрыўся:

“Заходзь, калі ласка, ў родную хату,

Заходзь, павітайся, сустрэнь

маму, тату…”

 

Адчынены дзверы. Зайшоў, павітаўся,

Ды толькі на голас ніхто не азваўся…

Завешаны вокны, парадак у хаце,

Нябачна тут больш маіх бацькі і маці…

 

Іх душы святыя на небе вітаюць,

І толькі партрэты са мной размаўляюць:

“Заходзь жа, сыночак, заходзь,

распранайся,

На лаву прысядзь… А можа, застанься…”

 

Застаўся б я з вамі, ды трэба збірацца –

Да іншага дому, да жонкі вяртацца.

Прабачце ж мяне і сябе не карыце –

Ніколі не будзеце вы ў нябыце.

 

Пакуль ёсць свядомасць, пакуль

сэрца б’ецца –

Бацькоўская еднасць навек застанецца.

Чакайце ж мяне… І я зноўку вярнуся –

Да роднае хаты, да вас…

Можа й там застануся.

 

Помнікі  жыцця

Прысада… Дубы… Ля бацькоўскае хаты,

Шумяць і шумяць там, ліствою багатай,

Мой дзед пасадзіў іх на светлую памяць,

Яны ж маё сэрца то лашчаць, то

раняць…

 

…Я рос разам з вамі, сталеў, хваляваўся,

Цяпер я адзін сярод вас аказаўся,

Хачу прытуліцца да волатаў-браццяў,

Хачу вас абняць, быццам родную маці.

 

На лаўку прысяду. Прыпомнім былое…

Пашэпчамся з вамі пра шчасце,

пра долю…

Шуміце, шуміце буйною ліствою,

Ў душу навявайце мне подых пакою.

 

Хачу спавядацца прад вамі, як Богам,

Душу вам адкрыць, расказаць

вельмі многа,

Пра шлях мой жыццёвы,

зямныя турботы,

А вы ўсё шуміце, шуміце з маркоты…

 

Цяпер вы адны ля бацькоўскае хаты…

Ці ж я ў тым павінны, ці вы вінаваты?

Шуміце ж яшчэ, набірайцеся моцы,

І памяць нясіце аб роднай старонцы.

 

Памяці бацькі

Не знаў пры жыцці ты спакою ніколькі,

Аддаў для людзей усё, што мог ты,

спаўна,

Шафёрскі твой шлях быў заўсёды

нялёгкі,

Здароўё згубіў… Дык чыя ж тут віна…

 

Дзяцінства не бачыў, юнацтва –

таксама,

Яго ў цябе адабрала вайна,

Сабе ты не здрадзіў: галодны і босы

На працу ішоў… Дык чыя ж тут віна…

 

І свой абавязак вайсковы пачэсна

Аддаў ты за пяць тых нялёгкіх гадоў,

Хто ўкажа цяпер у Румыніі месца,

Дзе полк мінамётны знаходзіўся той.

 

У ботах салдацкіх, адной гімнасцёрцы

Пакінуў ты службу і маці сустрэў,

Ці ж ты вінаваты, што ў роднае вёсцы

Не меў ні кала, ні двара ты…

Нічога не меў…

Ты быў безадказны, бо просьбу людскую

Важнейшай за ўсё ты на свеце лічыў,

І дзённа, і ноччу – ў часіну любую,

Калгас будаваў, дабро людзям рабіў.

 

Ты часу не меў, каб за працай

штодзённай

Сям’і сваёй роднай увагу ўдзяліць,

Не бачыў за працай хвіліны свабоднай…

Ці ж можна цябе нам за гэта вініць ?

 

Не зведалі мы, твае дзеці і ўнукі,

Той долі пакут, што былі ў цябе,

Капейкі збіраў ты для нашай навукі,

Ты думаў аб нас, а не сам пра сябе.

 

З жыцця ты пайшоў так для нас

нечакана…

Не хочацца верыць, што можа

так быць…

Прабач, што жыццё не было ўратавана…

Каго ж нам у смерці раптоўнай вініць?

 

Памяці маці

 

Цябе мне вельмі не хапае,

Мая матуля дарагая…

Куды ні еду, ні іду –

Спакою ў сэрцы не знайду.

 

Твой вобраз светлы, твае вочы,

Як быццам зноў сказаць мне хочуць:

“Пабудзь, сыночак, ты са мной,

Штось на душы мне неспакой.

 

Пабудзь, прыпомнім даўніну,

Жыццё пражытае, вайну,

Тваё дзяцінства, маю працу…

Хачу табе паспавядацца.

 

Нялёгкі лёс нам сканаваны,

Але не ўсё было заганным,

Жыццё любілі мы з табой,

Усё дзялілі між сабой.

 

І хлеб, здабыты горкім потам,

І непасільную работу,

І веру нашу шанавалі,

Жыццёвы вопыт набіралі.

 

Цяпер і ты, як я, сівенькі,

Хоць і гадамі маладзенькі,

Прайшоў ты шмат выпрабаванняў –

Такое Боскае пасланне.

 

Ды не зламаўся, не скарыўся,

Пра ўсіх заўсёды клапаціўся,

Дзядоў, бацькоў сваіх любіў

І для сям’і апорай быў…”

 

Я не даслухаў гэты сповяд…

Не ўсё сказала ты. Пайшла…

Пайшла ад нас, а сэрца кволіць

Сівая тая даўніна.

 

Цябе мне вельмі не хапае…

Душу вярэдзіць вобраз твой

І Бог адзіны толькі знае,

Калі працягнем сповяд свой.

 

На пагосце

Стаю на пагосце… Стаю маўчаліва…

Ля родных магілаў бацькоў і дзядоў,

І мрояцца думкі, бягуць успаміны…

Да вас, мае любыя, я зноўку прыйшоў.

 

Не хочацца думаць, не хочацца верыць,

Што вас больш няма… Ёсць

адзін толькі знак…

Ды маці-зямелька вас сёння прывеціць…

Што ж, вы ўжо дома, а я шчэ ў гасцях…

 

Іду між радамі тых помнікаў-знакаў,

Паўсюль сустракаю сваіх землякоў,

Глядзяць на мяне са сваіх фатакарткаў…

Спыніся, пастой, раскажы, з

чым прыйшоў…

 

Пра ўсё раскажы нам… Пра справы

зямныя,

Пра нашых нашчадкаў, як склаўся

іх лёс…

Стаю ў задуменні, бягуць успаміны…

Нібы адчуваю той голас з нябёс.

 

Той голас, што царствам нябесным

завецца,

Няспынна, пазыўна гучыць у цішы,

То смуткам, то болем у душы адзавецца,

У нашай зямной, чалавечай душы.

 

…І зноў на пагосце, ля продкаў магілы,

З паніклай да долу стаю галавой…

У Царстве нябесным хай Божа адзіны

Дае вашым душам адвечны спакой.

 

Позыў душы

Зноў сэрца штосьці зашчаміла,

Душу авеяў неспакой,

Стрымаць пачуцці няма сілы

Той ноччу восені глухой.

 

Як быццам голас паднябесны

Пазваў мяне ў дзень “Усіх святых”

На той пагост, дзе быў у весну:

“Прыходзь, прыходзь жа да сваіх…”

 

…І вось там зноў я між радамі

Магілу родных адшукаў

І замест іх той помнік-камень

Я доўга, доўга цалаваў.

 

Даўно запаленую свечку

Ўжо лёгкі ветрык пагасіў,

А я ўсё думаю аб вечным…

Стаю адзін сярод магіл.

 

Шчыміць душа, да вас імкнецца

Свае пачуцці перадаць,

І нібы камень цісне сэрца…

Дзе ж мне спакой той адшукаць…

 

Знічка

А, можа, так яно бывае:

Адных – душа ўжо пакідае,

Блукае дзесьці неўрымстотна,

Другіх шукае – бестурботных.

 

Каб у куточак свой забіцца,

Як быццам зноўку нарадзіцца,

Вандруе доўга па сусвету…

Хто можа нам сказаць пра гэта?

 

…Пайшла матуля ў свет той новы,

Раптоўна так. Жыла й пайшла…

Ёй хатай стаў пагост вясковы,

А ці знайшла спакой душа…

 

Мо сярод зорак паднябесся

Знайшлося годнае ёй месца?

Ці на зямельку завітала?

Зноў сярод нас яго шукала…

 

Вясёлкай стала тая знічка –

Унучка наша, Дамінічка…

Хай лёс шчаслівы ёй спрыяе!

Знайшла спакой душа… Хто знае…

 

Бяссонніца

Не спіцца штосьці гэтай ноччу…

Гляджу ў акно на неба край

І месяц-поўня нібы хоча

Сказаць: ”Устань, пішы, давай-давай…”

 

А думкі мрояцца, як зоркі,

Што абсыпаюць млечны шлях.

І гэты зорны шлях далёкі

Душу вярэдзіць па начах.

 

Вунь тая зорачка-іскрыца,

Што ярка ў небе зіхаціць,

Матуляй кожнай ноччу сніцца…

І ў вугалок акна глядзіць.

 

Мо зоркі тыя – нашы душы

Сплятаюць вечны небазвод,

А месяц сярод іх – вядучы?

Калісь надыйдзе й наш чарод.

 



Добавить комментарий