НЕКАЛЬКІ СПОСАБАЎ РАЗВІТАЦЦА З ЦЫГАРЭТАЙ

Общество

Ёсць два надзейныя спосабы назаўсёды пазбавіцца ад павышанай рызыкі ўзнікнення захворванняў, звязаных з курэннем: не пачынайце курыць, а калі курыце – кідайце!

Прыкладна палова тых, хто ў мінулым курыў, развітваюцца з цыгарэтай раз і назаўсёды. Яшчэ столькі ж – паступова скарачаюць колькасць выкураных цыгарэт да поўнага адмаўлення ад курэння. Безумоўна, лепш кінуць курыць адразу і назаўсёды, аднак пажылыя людзі з вялікім “стажам” курэння павінны пазбаўляцца гэтай звычкі паступова. Найбольш складанымі з’яўляюцца першыя двое сутак пасля адмаўлення ад курэння. Гэта своеасаблівы рубеж, пераадолеўшы які вы зможаце назаўсёды пазбавіцца гэтай шкоднай звычкі. Перш за ўсё трэба яскрава акрэсліць прычыну, што падштурхнула вас кінуць курыць, — захаванне і ўмацаванне здароўя, павелічэнне працаздольнасці, парада ўрача або блізкага чалавека, жаданне пазбавіць дзяцей і родных ад шкоднага тытунёвага дыму і адмоўнага прыкладу…

Зрабіце курэнне настолькі нязручным для сябе, наколькі гэта магчыма:

— не насіце з сабой цыгарэты, запалкі і запальніцы;

— купляйце цыгарэты толькі ў адным месцы, пажадана, як мага далей ад дома і месца працы;

— не набывайце іх блокамі: пакуль не скончыцца адзін пачак, не купляйце другі;

— аддавайце перавагу цыгарэтам з фільтрам, не дакурвайце яе на палову або на трэць;

— паміж зацяжкамі не пакідайце яе ў роце і не курыце “за кампанію”;

— калі ўзнікла жаданне закурыць, не даставайце цыгарэту з пачка 3-5 хвілін, у гэты час пастарайцеся чым-небудзь сябе заняць – магчыма, гэта дапаможа забыць пра курэнне;

— лічыце выкураныя за дзень цыгарэты, імкніцеся да таго, каб з кожным днём іх было менш;

— купляючы пачак цыгарэт, запісвайце яго кошт, у канцы тыдня падлічыце, колькі вы маглі б зэканоміць;

— пазбаўцеся ад цыгарэт і попельніц у сваім доме, аўтамабілі і на працоўным месцы;

— пазбягайце сітуацый, у якіх вы прывыклі курыць.

Пасля адмаўлення ад курэння могуць з’явіцца дрэнны настрой, пачуццё трывогі, парушэнне сну, зніжэнне канцэнтрацыі ўвагі, учашчанае сэрцабіццё, нават болі ў сэрцы, патлівасць, сухасць у роце, кашаль, пяршэнне ў горле. Не губляйцеся, памятайце, што непрыемныя адчуванні ўзнікаюць толькі спачатку, а потым паступова змяншаюцца.

Каб пазбегнуць павелічэння вагі пасля адмаўлення ад курэння, трэба рэгулярна, 3-4 раза ў дзень есці і не наядацца перад сном, абмежаваць ужыванне печыва і тлустых прадуктаў. Не з’ядайце больш за адну порцыю, пачакайце хвілін 20, перш чым узяць дабаўку. Не замяняйце цыгарэту цукеркай або пірожаным, лепш з’ешце яблык, апельсін, моркву ці агурок. Рэгулярна рабіце фізічныя практыкаванні, яны спальваюць лішнія калорыі, змяншаюць стрэс і адцягваюць ад курэння.

Большасць зрываў адбываецца на працягу першых трох месяцаў з моманту, калі вы кінулі курыць. Не засмучайцеся, памятайце: вялікая колькасць людзей робіць некалькі спроб, і толькі потым канчаткова адмаўляецца ад курэння. Выберыце спосаб, які падыходзіць менавіта вам.

Анастасія НАВУМЕНКА,

урач-отарыналарынголаг райпаліклінікі.

 



Добавить комментарий