Здароўе не купіш, а захаваць можна

Общество

Старэнне насельніцтва – адна з важнейшых праблем нашага стагоддзя. Яна актуальная і для Беларусі. Па стану на 1 верасня бягучага года колькасць насельніцтва ў нашым раёне склала 38017 чалавек, з іх пажылых людзей – 11468, адзінокіх пажылых – 549, пажылых адзінока пражываючых – 4106. Прычым па меры павелічэння ўзросту людзей павялічваецца і колькасць хранічных захворванняў, назапашаных за гады жыцця. У сувязі з гэтым пажылыя людзі патрабуюць да сябе больш пільнай увагі. Нават банальныя рэспіраторныя інфекцыі працякаюць у іх цяжэй.

 У першую чаргу ў такіх людзей назіраецца спалучэнне артэрыяльнай гіпертэнзіі і ішэмічнай хваробы сэрца, якое ў шэрагу выпадкаў суправаджаецца празмернай вагой цела. Акрамя таго, арганізм падвяргаецца шматлікім узроставым змяненням. Напрыклад, паніжэнне эластычнасці (расцяжнасці) аорты і іншых буйных артэрыяльных сасудаў спрыяе павышэнню артэрыяльнага ціску і павелічэнню нагрузкі на левыя аддзелы сэрца. Гэта прыводзіць да ўзроставага патаўшчэння сценак левага жалудачка, фарміруюцца і набытыя парокі сэрца. Найбольш часта вышэй згаданыя праблемы ўзроставага арганізму ўзмацняюць цукровы дыябет, хранічныя абструктыўныя хваробы лёгкіх, хранічную ныркавую недастатковасць, анемію і інш. У выніку рана ці позна ў пажылых людзей развіваецца хранічная сардэчная недастатковасць (ХСН). Гэта стан, пры якім сэрца не здольна забяспечыць кровазварот, неабходны для задавальнення патрэб арганізма. Ён характарызуецца задышкай, сэрцабіццём, павышанай стамляльнасцю, абмежаваннем фізічнай актыўнасці, залішняй затрымкай вадкасці ў арганізме. ХСН, як вынік многіх захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, з’яўляецца адной з важнейшых прычын, што скарачае працягласць жыцця.

Распаўсюджанасць ХСН складае 1,5-2 працэнты, з узростам частата захворвання павялічваецца. Так, сярод асоб, якім за 65, гэта лічба дасягае 6-10 працэнтаў, а па некаторых даных, калі ўлічваць пачатковае праяўленне ХСН, і больш. Сярэдні ўзрост хворых у нас вагаецца ад 70 да 75 гадоў, у Еўропе – 74 гады. Мяркуецца, што ў бліжэйшыя 20-30 гадоў распаўсюджанасць ХСН павялічыцца да 40-60 працэнтаў.

Згодна з рэкамендацыямі экспертаў Еўрапейскага аб’яднання кардыёлагаў і Амерыканскай калегіі кардыёлагаў, для хворых і іх блізкіх распрацаваны агульныя мерапрыемствы, напрыклад, курсы навучання. Неабходна абмежаваць ужыванне паваранай солі ў стравах (да 5-6 грамаў у суткі ці 1-3 грамаў натрыю ў дзень), вадкасці (да 1-1,5 літра ў дзень), спіртных напіткаў. Пастаянна ўзважвайцеся і кантралюйце вагу цела. Павялічце ўжыванне калію ў стравах (у першую чаргу неабходна есці печаную бульбу, бананы, разынкі, курагу, чарнасліў). Пачніце рабіць штодзённа спецыяльныя фізічныя практыкаванні, калі яны не выклікаюць узмацнення сімптомаў ХСН. Пажадана пазбавіцца і ад такой шкоднай звычкі, як курэнне. Рэгулярна рабіце вакцынацыю супраць грыпу.

 Марына НЕХВЯДОВІЧ, урач-тэрапеўт участковы райпаліклінікі



Добавить комментарий