СТРУНЫ ЦЫМБАЛАЎ ГУЧАЦЬ У ДОРАХ

Официально

Дыяна СЛАБУХА Жодзінскую музычную школу па класу баяна скончыла на адны вышэйшыя адзнакі. Таму круглая выдатніца амаль не сумнявалася ў здзяйсненні сваёй дзіцячай мары – стаць музыкантам – калі ехала з роднага Жодзіна паступаць у Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М. К. Агінскага.

Атмасфера старажытнага будынка вучылішча, дзе некалі жыў сам творца Міхал Клеафас, запаланіла сэрца Дыяны лірызмам. Дзяўчына пачала цікавіцца народна-песеннымі вытокамі. Паспытала іграць на цымбалах, і “закахалася” ў гэты старажытны асірыйскі струнны інструмент, які даўно ўжо для нас стаў народным. Звонкі дождж цымбальных струн наталяў душу дзяўчыны жыватворнай расою мастацтва.

За чатыры гады вучобы мэтанакіраваная і энергічная Д. Слабуха набыла спецыяльнасць кіраўніка аркестра і ансамбля, побач з гэтым запісам у дыпломе значыцца і яшчэ адзін – “дырыжор”.

З верасня мінулага года Дыяна працуе выкладчыкам па класе цымбалаў і тэорыі музыкі ў Дорскай дзіцячай школе мастацтваў. Сваім юным падапечным маладая настаўніца імкнецца адкрыць усё хараство крышталёва-чыстага музычнага свету.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий