У МУЗЕІ – НОВЫЯ ЭКСПАНАТЫ

Культура

Фонды Валожынскага раённага краязнаўчага музея нядаўна папоўніліся новымі, характэрнымі толькі для нашай мясцовасці экспанатамі з археалагічнай калекцыі.

Гэта фрагменты шкляных пацерак і бранзалетаў, якія, як устанавілі вучоныя, адносяцца да 12-13 стагоддзяў, рэшткі пячной кафлі, чарапкі збаноў і накрыўкі да іх 13-18 стагоддзяў. Усе гэтыя экспанаты – знаходкі археалагічнай экспедыцыі інстытута гісторыі Акадэміі Навук БССР пад кіраўніцтвам М. М. Чарняўскага і З. С. Пазняка. У 1987 годзе яна працавала на тэрыторыі нашага раёна і, у прыватнасці, праводзіла раскопкі Лоскага замчышча, дзе і былі знойдзены старажытныя рэчы. Вядома, што Лоскі замак існаваў на гэтым месцы ў 14-18 стагоддзях, аднак першае паселішча было тут яшчэ ў 11-13 стагоддзях. Да таго як перадаць гэтыя ўнікальныя знаходкі музею, яны доўгі час апрацоўваліся, вызначаўся час іх стварэння і выкарыстання.

Галоўны захавальнік фондаў Аксана Сматрова расказала, што ў музеі запланавана адкрыць залу з экспазіцыяй “Першыя паселішчы на тэрыторыі Валожынскага раёна”, дзе і будуць прадстаўлены ўсім жыхарам раёна і турыстам гэтыя і іншыя экспанаты.

Тэкст і фота Святланы СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий