БЕЛЫ ВЭЛЮМ У ХАЛОДНЫХ КРОПЛЯХ ДАЖДЖУ…

Культура

Вышываная, зіхотка-чыстая навалочка на падушцы выразна кантрастуе з тварам жанчыны. Глыбокія, пацямнелыя вочы, худыя шчокі, парэзаныя ўздоўж і ўпоперак  выразнымі маршчынамі. Ад дыхання, якое аслабела трымціць унутры цела, ледзь прыкметна ўзнімаецца на грудзях цяжкая ватовая коўдра. Стомленыя рукі ляжаць, як тонкія сцябліны. Калі бабулька працягла маўчыць, часам здаецца, што вось-вось яна адыдзе ў вечнасць. Але менавіта гэтага яна больш усяго і баіцца. Ведае, што сваё ўжо даўно аджыла. Праз восем няпоўных гадоў споўніцца роўна век. Але смерць яе вельмі трывожыць, бо моцна турбуецца старэнькая маці за сваю адзіную дачку-пенсіянерку…

Старая раптам адрывае аслабелае тулава ад мяккай падушкі. Усім сваім  кволым корпусам падаецца наперад. Разводзіць рукі і амаль што ў адчаі крычыць:

– На каго ж яе пакіну гэту гаротніцу?! Яна ж інвалід. Як жа ёй будзе цяжка без мяне!

І  крыху супакоіўшыся працягвае самотную споведзь сваёй збалелай душы:

– Я разумею, што ўжо даўно прыйшоў час паміраць. Што гэты белы свет пара ад сябе адпускаць назаўсёды. Не трэба ні на што абіжацца. Ні на што. Толькі вось баюся, што дачка адна хворая астанецца. Разам жа нам лягчэй. Дзвюх невялікіх пенсій цалкам хапае. Праўда, калі б мільёны былі – дзела другога роду. Але, што мы дрэнна жывём, – не скажу. Што мы такія бедныя, таксама не скажу. Што галодныя… Усё ёсць! Спасіба Госпаду за добрых людзей, якіх ён нам пасылае. Прыходзяць часта аднавяскоўцы. Чым могуць, дапамагаюць.

Яе дачка Настасся з дзяцінства мае сур’ёзныя праблемы са здароўем. У школу не хадзіла. У калгасе не працавала. Замужам таксама не была. А сын меў сям’ю ў Гродзенскай вобласці. Але ў 52 гады яго не стала. Засталася ўдавой сынавая  (так свякроў называе сваю нявестку – заўвага аўтара.).

–Унукаў жа, відаць, маеце?

Пацвярджаючы маё пытанне старая ківае галавой і расказвае, што летась да бабулі яны прыязджалі толькі адзін раз. Жанчына суправаджае свой горкі ўспамін такімі словамі:

– А што ўнукі? Яны ўжо людзі чужыя. Родныя яны толькі да тых пор, покуль бацькі жывуць. Ды і то ў іх свае заботы. Яны з маленства цяпер робяцца самастойнымі. Пакамандуеш ты  хіба імі… Як толькі ўзяў карандаш у рукі, так з гэтай пары ўжо кожны з іх ідзе сваёй дарогай…

Успомніўшы любімага сына – адзіную яе надзею і апору, якога ўжо пяць гадоў няма на гэтым свеце, старая не плача, а адчайна галосіць: “Нашто ж ты мяне адну пакінуў!”

Яна сваім крыкам нібы хоча адшукаць тую страшную бяду і расквітацца з ёй. Адпомсціць за тое, што забрала назаўсёды яе дзіця. Адчуваецца, што ў душы жанчыны жыве такі невыносны боль і смутак, што калі б можна было, то яны б зрушылі нават непрыступныя скалы… Нечаканая смерць сына перакрэсліла ўсю і без таго скупую радасць, якую гэта гаротніца мела ў сваім доўгім жыцці.

Хаця поўнай радасці яна, напэўна, так і не спазнала ніколі. Бо дачка нарадзілася інвалідам. Але нельга сказаць, што маці яе любіла менш за сына, які выбіўся ў людзі, які заможна жыў і, дзякаваць Богу, ніколі не забываўся пра бацькоўскі дом….

Старая раз-пораз у нашай размове бярэ працяглую паўзу. Зразумела, што далёка не пра ўсё, што зведала за свой доўгі век, ёй хочацца расказваць чужому чалавеку. Многія  горкія перажыванні яна свядома тоіць у сабе. Праўда, вонкі яны ўсё роўна прабіваюцца скупымі, горкімі слязамі. А слёз, напэўна, яе вочы выплакалі ўжо цэлыя рэкі…

– Пражыла, як у ступе ператаўклася, – зазначае жанчына, азіраючыся ў сваё ў мінулае.

Доўга шукала яна свайго шчасця. Замуж выйшла позна – аж у 35 гадоў. Але нажылася і нагаравалася. З поўнай чашы глынула і горкага, і салодкага віна жыцця…

…Бацькі Антаніны лічыліся заможнымі людзьмі. Пры панскай Польшчы валодалі вялікім зямельным надзелам. Будучы жаніх быў яшчэ багацейшы. Неўзабаве яго бацькоў з сям’ёй раскулачылі. Выслалі ў далёкую Сібір. Міхась на развітанне ўмольна прасіў будучую цешчу: “Толькі не дазваляйце Антаніне выйсці замуж ні за каго, апроч як за мяне. Няхай мяне дачакаецца. Абяцаю, што калі вярнуся, зраблю яе самай шчаслівай на свеце”.

Мудрая маці на такія словы толькі ціха ўсміхнулася. Але мары дачкі, якая так кахала Міхася, яна ніколі не разбурала сваёй няўпэўненасцю ў тым, што Міхась і сапраўды калі-небудзь зможа вярнуцца з Сібіры ў родныя краі і стане яе зяцем.

– Ён пісаў рэдкія, але вельмі цёплыя, шчырыя пісьмы. Прасіў сваю нявесту пачакаць, горача абяцаў вярнуцца. Антаніна чакала. Год, два, тры… Нібы пацеркі смутку надзявала яна гады разлукі на сваю шыю. Неўзабаве дзяўчыне пераваліла за трыццаць. Маці ўсё часцей стала папракаць: “12 гадоў чакаць! Хіба гэта рэальна? Не будзь такой легкадумнай, не гані ад сябе жаніхоў, бо застанешся векавухай…”

Антаніна ж была верная дадзенаму слову. Прайшло дзесяць гадоў, адзінаццаць. Пісьмы ад Міхася прыходзілі раз у год. Але кожнае было сагрэтае шчырым каханнем. Нібы жаданыя ластаўкі з выраю імкнуліся яны ў свае краі.

…Не ўсе раскулачаныя землякі вярнуліся ў родныя хаты. Амаль год не было ад Міхася ні вестачкі. Гэтым і скарыстаўся мясцовы халасцяк Ігнат. Прасіў дзяўчыну не раздумваць і згаджацца на вяселле з ім. Антаніна доўга вагалася перад тым, як зрабіць канчатковы выбар. Маці настойліва раіла не марудзіць і з без таго познім замужжам. Неўзабаве дачка пайшла пад вянец са сваім аднавяскоўцам. А ў сэрцы нявеста адчувала, што ўсё роўна па-ранейшаму кахае толькі свайго Міхася. І зусім няважна, што амаль год ад яго няма ніводнай вестачкі… Яна заўсёды памятала, як горача ён прасіў яе дачакацца. І амаль праз 12 гадоў жаніх усё ж неспадзявана “награнуў”. Да хаты сваёй нявесты імчаў не зважаючы на тых, хто трапляўся на вуліцы. Ні з кім стараўся не ўступаць у размову. А землякі, заклапочаныя неадназначнай сітуацыяй, і рады былі такому раўнадушшу з боку Міхася. Бо наўрад ці хто тады асмеліўся б першы сказаць яму тую горкую праўду, якую вось-вось яму самому належала даведацца.

І вось нарэшце дом яго дзяўчыны-галубкі. Як і некалі Міхась радасна адчыніў знаёмыя дзверы. Як і некалі з трапяткім хваляваннем пераступіў парог. Усё было так, як і ў далёкай, шчаслівай маладосці. Толькі каханай ён дома не застаў. Жанчына, якую хацеў называць сваёй любімай цешчай, з горкім дакорам расказала, што дачка ў гэтым годзе выйшла замуж за іншага. Міхась знерухомеў ад нечаканай і пякучай навіны. На край стала паклаў акуратна запакаваны падарунак для сваёй маладой. Там былі прыгожая вясельная сукенка і белы вэлюм – вельмі дарагі тавар па цэнах той пасляваеннай пары. На жаль, не было ўжо каго весці пад вянец…

Як убачыла свайго жаніха Антаніна пасля 12 гадоў разлукі, не змагла справіцца з пачуццямі, якія хлынулі ў сэрца бурнай ракой. Захацела нават са сваім законным мужам расстацца. Але стрымлівала адно: пад сэрцам яна ўжо насіла дзіця. Два месяцы заставаліся да першых родаў. Дабрадушны Міхась быў гатовы забраць яе і з дзіцем. Але “чужая” нявеста сама не рашылася пайсці на такі няпросты і грэшны крок…

Недачакалася яна свайго светлага шчасця. І цяпер часта думае, што, відаць, менавіта за гэту нявернасць жорстка адпомсціў ёй лёс. Вясельная сукенка так і засталася ляжаць у шафе без адзінай прымеркі. У белым воблаку вэлюму Антаніна так і не схавала шчаслівых слёз ад сапраўднай радасці стаць суджанай таго, каго вельмі кахала, каго чакала больш за адзінаццаць гадоў.

…Горкіх слёз і расчаравання хапіла ўдосталь. 90 вёснаў яе жыцця паімчалі ручаямі ўспамінаў у далёкае і незваротнае мінулае. Нічога добрага, калі браць па вялікім рахунку, яна так і не бачыла. Нібы за нейкі вялікі грэх спаўна расплачвалася…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий