У раёне прайшоў конкурс “Дуэт-лідар”

Общество

У кожнай дзіцячай і маладзёжнай арганізацыі ёсць свой лідар. Каб знайсці гэтых лідараў, раскрыць іх дзелавыя і асабістыя якасці, а таксама павысіць прэстыж, аўтарытэт арганізацый і сфарміраваць для іх кадравы рэзерв, у чарговы раз у раёне праводзіўся конкурс “Дуэт-лідар”.

Ад кожнай з дзесяці школ-удзельніц выступаў актывісцкі тандэм: педагог-арганізатар альбо настаўнік і вучань, якія прадстаўлялі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі або Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю. Мерапрыемства складалася з трох конкурсаў. Першы – “Дуэт-лідар прадстаўляе!..” – быў своеасаблівай візітнай карткай удзельнікаў. Кожная каманда за пяць хвілін імкнулася паказаць асноўныя праекты і праграмы сваёй арганізацыі і зазірнуць у яе будучыню. Выступленні ўдзельнікаў былі арыгінальнымі і суправаджаліся абавязковай мультымедыйнай прэзентацыяй. Хтосьці падаваў інфармацыю ў форме песні, пры гэтым прытанцоўваючы, іншыя – вершаванымі радкамі.

 У другім конкурсе “Вясёлка карысных спраў” дуэты ў творчай форме расказвалі пра найбольш значныя акцыі сваіх арганізацый. Адны паказвалі міні-сцэнкі экалагічнай тэматыкі, другія расказвалі пра дзейнасць валанцёраў, агітавалі за здаровы лад жыцця, за развіццё спорту і турызму, напаміналі Правілы дарожнага руху, паказвалі прэзентацыі акцый супраць алкаголю і наркотыкаў, а таксама заклікалі рабіць добрыя ўчынкі і будаваць карабель з добрых спраў, каб плыць па моры шчасця. 

 А вось паведаміць пра сваю арганізацыю з дапамогай папяровага носьбіта, напрыклад, насценгазеты, альманаха, калажа, і прадставіць сваю дзейнасць праз рэкламную прадукцыю кожная каманда павінна была ў апошнім этапе конкурсу “Інфармацыйны кактэйль”. Пасля акцябраты, піянеры і камсамольцы наведалі музей у Цэнтры дзіцячай творчасці, дзе прадстаўлена экспазіцыя піянерскай славы. 

 Журы ў складзе Г. М. Канановіч, начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама, А. У. Трацэўскай, дырэктара Цэнтра дзіцячай творчасці, М. А. Войтава, метадыста аддзела адукацыі райвыканкама, які ў мінулым годзе таксама ўдзельнічаў у гэтым конкурсе і прадстаўляў СШ № 1, перамог, а на абласным этапе заняў трэцяе месца, і Н. П. Шчарбачэвіч, першага сакратара раённага аддзела БРСМ, падвяло вынікі.

 За актыўны ўдзел у раённым этапе конкурсу “Дуэт-лідар” падзякі былі аб’яўлены дуэтам сярэдняй школы № 1 горада Валожына, Вішнеўскаму і Пяршайскаму вучэбна-педагагічным комплексам дзіцячы сад-сярэдняя агульнаадукацыйная школа, Пральніцкаму і Дубінскому вучэбна-педагагічным комплексам дзіцячы сад-базавая агульнаадукацыйная школа, Пугачоўскай СШ.

 Дыпломамі трэцяй ступені аддзела адукацыі райвыканкама за высокі ўзровень выступлення былі ўзнагароджаны педагог-арганізатар Аксана Аляксандраўна Русовіч і вучаніца Татэвік Грыгаран з Івянецкай сярэдняй школы. Сямейны дуэт педагога-арганізатара Яніны Баляславаўны і вучаніцы Наталлі Аляшкевіч з Багданаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя агульнаадукацыйная школа, а таксама дуэт педагога Алены Віктараўны Касяк і вучаніцы Крысціны Салаўцовай з  гімназіі № 1 горада Валожына атрымалі дыпломы другой ступені.

 Пераможцам конкурсу прызналі творчы тандэм педагога-арганізатара Святланы Барысаўны Макоўскай і вучаніцы Марыі Борыс з сярэдняй школы № 2 горада Валожына. Яны будуць прадстаўляць наш раён на абласным этапе “Дуэта-лідара” ў Жодзіне.

Алена ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий