На сёлетнім раённым Свяце працы за прафесіяналізм і значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна за 2021 год Ганаровай граматай райвыканкама была ўзнагароджана аператар машыннага даення КСУП “Пяршаі-2014” Іна ЗЯНЬКО.

Яна працуе на малочнатаварным комплексе “Манькаўшчына” ўсяго чатыры гады, тым не менш паказвае выдатныя вынікі работы. Яно і не дзіўна – Іна Мікалаеўна пайшла па матуліных сцежках. Таццяна Баляславаўна Зянько таксама была перадавой даяркай, неаднойчы адзначалася на абласным і нават на рэспубліканскім узроўнях. Дарэчы, знаходзячыся ўжо некалькі гадоў на заслужаным адпачынку, працуе і зараз – даглядае цялят. А вось што тычыцца самой Іны Зянько, то на комплекс уладкавалася пасля таго, як паспрабавала, як кажуць, больш “лёгкага хлеба”, у сталіцы. Аб усім гэтым мы і даведаліся з размовы з ёй.

– Адразу была дзённым работнікам – у мае абавязкі ўваходзіла сачыць за парадкам, прымаць расцёлы ў кароў. Праз некаторы час прапанавалі даіць кароў – і я пагадзілася, – пачала аповед пра вяртанне да вытокаў маладая работніца. – Да таго працавала ў Мінску – так склаліся жыццёвыя абставіны. У горадзе вельмі дорага здымаць жыллё: паспрабавала ездзіць адсюль, але, каб дабрацца да месца, даводзілася шмат часу траціць на дарогу. Параілі работу паблізу, на месцы – мне спадабалася, паспяваеш і дома нешта зрабіць.

– Але ж сялянская праца цяжкая?

– Я не баюся працы. Калі былі меншыя, мы з сястрой дапамагалі матулі на ферме – таму, можна сказаць, вярнулася ў родную стыхію. Комплекс пабудаваны ў 2015 годзе: зараз дояцца ў сярэднім 650 кароў. Трохразовая дойка, надой на адну галаву складае 19,5 літра, за дзень здаём 12700-12800 тон малака: 75 працэнтаў – экстра, астатняе – вышэйшым гатункам.

– Ад чаго залежыць поспех?

– Ад каманднай работы, а не толькі ад адной даяркі. Я ж працую ў калектыве. Нас чацвёра: як адзін да аднаго прыслухоўваемся, так і атрымліваем.

– Не расчараваліся, што пакінулі вялікі горад і вярнуліся на маленькую радзіму?

– Ані не шкадую, мне падабаецца жыць на вёсцы, а не сядзець у чатырох сценах. Вяду хатні быт – матулю цалкам вызваліла ад дамашніх клопатаў. Маю агарод і досыць вялікую гаспадарку: займаюся птушкагадоўляй – разводжу курэй, гусей, качак, індыкоў. Трымаю трусоў, свіней. Увогуле, тое, што ёсць у маім жыцці зараз, прыносіць сапраўднае задавальнне і асалоду – і мяняць штосьці не хацела б.

– Ці ёсць памочнікі ў “фермершы”?

– Муж і сын. Сыну 8 гадоў, але да работы прывучаю змалку. Ён добра ведае, што пакарміць трусоў – яго справа.

– У колькі пачынаецца рабочы дзень?

– Першая дойка ў пяць гадзін раніцы, у дванаццаць – другая, у шэсць вечара – трэцяя.

– Кажаце, што хапае часу і на захапленні? Як Вы яго знаходзіце?

– Я яшчэ і карціны вышываю – паверце, пры правільнай арганізацыі і падыходзе можна многа паспяваць. Таксама ніхто не адмяняў ролю гаспадыні: усе хочуць смачна паесці, да таго ж тры разы на дзень каб нешта новенькае.

– А калі ж Вы спіце?

– Ноччу – пяць гадзін сну дастаткова, каб аднавіцца, а пад’ём на досвітку надае сілы. Нездарма ж кажуць: хто рана ўстае, таму і Бог дае.

 – Скажыце, калі ласка, каб знайсці сябе на вёсцы, трэба мець такую ўнутраную цягу, ці проста так атрымліваецца ў жыцці?

 – Калі была маладая, перапаўнялі амбіцыі: толькі ў горад – і кропка. А як перарасла, зразумела: мне там нецікава.

 – Вы прызнаны адной з самых лепшых даярак раёна? Разумееце свой поспех?

 – Вялікі дзякуй за такую адзнаку працы. Адчуваю гонар за сваю любімую Манькаўшчыну, за тое, што не здрадзіла ёй. Асабліва грэе душу, што працягваю матуліну справу.

 – Што б пажадалі ўсім, хто працуе ў сельскагаспадарчай вытворчасці?

  – Вялікага цярпення, не проста працаваць добрасумленна, а з любоўю адносіцца да таго, што робіш: упэўнена, тады будуць і дасягненні. Шчасця ў сям’і, бо бывае недастатковае разуменне, асабліва ў наш час – моцнага здароўя.

Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА