Мак вырошчваюць не проста так

Общество

З мая і да кастрычніка ў рэспубліцы праходзіў спецыяльны комплекс мерапрыемстваў “Мак”, асноўнай задачай якога было выяўленне і папярэджанне фактаў абароту наркатычных рэчываў.

У выніку чатыры асобы прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за захаванне і крадзеж наркаўтрымліваючай сыравіны, прыгатаванне і ўжыванне наркотыкаў. Больш за трыццаць чалавек, у асноўным пенсіённага ўзросту, пакараны штрафамі за незаконнае вырошчванне маку ці каноплі.

Вельмі хочацца, каб агароднікі-аматары больш пільна сачылі за сваімі ўчасткамі, бо адказваць па закону давядзецца нават за мак-самасейку. І справа не толькі ў тым, што наркаман у вас “атаварыцца”. Самае небяспечнае, што гаспадары падвяргаюцца вялікай рызыцы: злачынец, спакушаны відам сыравіны, не толькі вытапча грады, але можа рашыцца і на злачынства.

Не так даўно сярод вучняў старэйшых класаў мы правялі ананімнае анкетаванне па праблемах наркаманіі. Шэсць чалавек са ста пяцідзесяці апытаных пацвердзілі, што ім вядомы асобы, якія зрэдку ўжываюць наркатычныя і псіхатропныя рэчывы, двое прызналіся, што самі некалькі разоў спрабавалі “лёгкія” наркотыкі. Найпрасцей, як высветлілася, у раёне можна адшукаць марыхуану, амфетамін і какаін, радзей прапаноўваюць экстазі, экстракты каноплі ці маку, а вось такая атрута, як крэк і тэраін, на вочы не траплялася нікому. 34 школьнікі ўпэўнены, што пры жаданні ў нашай мясцовасці можна адшукаць псіхатропныя ці наркатычныя рэчывы. 

Хочацца адзначыць, што жыхары раёна праяўляюць свядомасць у справе барацьбы з наркаманіяй. Па паступіўшых тэлефонных званках былі затрыманы двое мужчын, якія адбывалі пакаранне ў спецкамендатуры, а ў вольны час займаліся нарыхтоўкай наркасыравіны. Яшчэ адзін жыхар раёна быў затрыманы пасля таго, як суседзяў насцярожыў незразумелы пах, што ішоў з яго кватэры. Як аказалася, мужчына на ўласнай кухні рыхтаваў опіум. 

Вадзім ПЕТЫШ, намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадраваму забеспячэнню.



Добавить комментарий