Сёння ў раёне з мэтай правядзення “прамой тэлефоннай лініі”, а таксама выязнога прыёму грамадзян і юрыдычных асоб пабываў намеснік начальніка ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці палкоўнік юстыцыі Валерый Верабей. Адказаць на пытанні тых, каму маглі б спатрэбіцца кансультацыі, быў гатовы і намеснік начальніка Маладзечанскага міжраённага аддзела Руслан Швед.

За час, адведзены на работу службовых асоб з грамадзянамі Валожыншчыны, ніводнага звароту не паступіла. Як адзначыў Валерый Яўгеньевіч, такая сітуацыя выключна нармальная. Яна сведчыць пра тое, што вырашэнне пытанняў, якія ў далейшым могуць патрабаваць правядзення экспертыз рознага кірунку (юрыдычных,медыцынскіх, тэхнічных, будаўнічых, лінгвістычных і інш.),адбываецца кампетэнтнымі органамі. Відавочна таксама, шторабота мясцовай службы судовых экспертыз наладжана на добрым ўзроўні. Дарэчы, 22 красавіка камітэт адзначыў 9-годдзе свайго існавання. Карыстаючыся магчымасцю, Валерый Яўгеньевіч і Руслан Юр’евіч завіталі ў РАУС, дзе базіруецца раённы аддзел судовых экспертыз, каб павіншаваць з памятнай датай валожынскіх спецыялістаў, пацікавіцца іх дасягненнямі і праблемамі.

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, які аб’яднаў экспертна-крыміналістычныя падраздзяленні органаў унутраных спраў, Дзяржаўную службу медыцынскіх экспертыз і іншыя экспертныя ўстановы, быў створаны з мэтай стварэння ўмоў забеспячэння незалежнасці экспертнай дзейнасці і павышэння яе эфектыўнасці ў 2013 годзе згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Сёння прадстаўнікі  службы ў адпаведнасці з ускладзенымі на іх задачамі і ў межах сваёй кампетэнцыі праводзяць судовыя экспертызы па крымінальных і грамадзянскіх справах, справах аб адміністрацыйнай адказнасці, эканамічных справах, матэрыялах праверак па заявах (паведамленнях) аб злачынствах; праводзяць экспертызы па матэрыялах дзяржаўных органаў; праводзяць экспертызы па зваротах грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб; праводзіць экспертызы па грамадзянскіх і эканамічных справах на платнай аснове ў адпаведнасці з патрабаваннямі грамадзянскага працэсуальнага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства; праводзяць мерапрыемствы па падтрыманні на належным узроўні якасці і своечасовасці правядзення экспертных даследаванняў; ажыццяўляюць многія  іншыя функцыі, прадугледжаныя заканадаўчымі актамі, а таксама нарматыўнымі прававымі актамі Дзяржаўнага камітэта.