Дынастыі ў любым калектыве выклікаюць павагу. Пераемнасць традыцый, прыналежнасць да агульнай справы і высокая адказнасць – менавіта гэтыя рысы характэрныя для тых, хто з пакалення ў пакаленне працягвае прымнажаць працоўныя здабыткі сваіх продкаў.

Найбольш яркая з дзеючых дынастый дня сённяшняга сярод медыкаў Валожыншчыны  – сям’я Лушчыцкіх. Бадай не знойдзеш у раёне чалавека, які б хоць у нейкай ступені не быў знаёмы з загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення ЦРБ Уладзімірам Вадзімавічам. Колькі людзей за 26 гадоў паставіў на ногі гэты ўрач! Агульны яго стаж у медыцыне налічвае 34 гады, бо пачаў сваю дзейнасць яшчэ да інстытута – працаваў санітарам. 

Алену Уладзіміраўну – урача агульнай практыкі райпаліклінікі –  жыхары Валожына таксама ведаюць добра. Пацыенты, апроч прафесіяналізму, цэняць у сваім доктары бязмежную дабрыню і цярплівасць. Яна наша, валожынская. Шмат гадоў галоўнай медыцынскай сястрой райбальніцы адпрацавала яе матуля Зінаіда Леанідаўна Губіч. Ды і бацька, як супрацоўнік санстанцыі, меў да прафесіі непасрэднае дачыненне.

Антон Лушчыцкі практыкуе ў якасці ўрача-тэрапеўта ЦРБ першы год. Антон Уладзіміравіч прызнаецца, што працаваць пад кіраўніцтвам бацькі надзвычай складана, бо менавіта ў дачыненні да сына і без таго строгі ў рабоце Уладзімір Вадзімавіч праяўляе патрабавальнасць на мяжы з суровасцю. Бацька (настаўнік і начальнік) прызнаецца: ніколі б не асмеліўся ўзяць у аддзяленне, за работу якога адказвае, нашчадка, каб хоць у нейкай ступені сумняваўся ў яго паглыбленасці ў прафесію, ведах, жаданні лячыць і вылечваць.

Літаральна праз некалькі месяцаў калектыў медыкаў папоўніцца яшчэ адным доктарам, на гэты раз оталарынголагам. Вікторыя Аляксандраўна – жонка Антона. Сёння яна праходзіць інтэрнатуру ў адной з клінік Мінска. Іх дачушцы Юлечцы тры гады. Яна расце сярод медыкаў, таму смела аперыруе разнастайнымі медыцынскімі тэрмінамі, з упэўненасцю прызначае дарослым валідол, раіць адпачываць і пазбягаць стрэсаў, а нядаўна намякнула, што пара б ёй справіць медыцынскі халат, бо даўно гатова прыступаць да прыёму хворых.

 

Фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ