ПРАБЛЕМЫ ВЁСКІ ВЫРАШАЕ, ЯК СВАЕ

Общество

У вёсцы Яхімоўшчына Багданаўскага сельсавета нельга не заўважыць простую, але дагледжаную сядзібу. Іду па прасторнай, упарадкаванай тэрыторыі, паўз пабеленых на восень садовых дрэў да гаспадара – мужчыны сярэдніх гадоў, рамантуючага матацыкл. “Іж” для С. І. Лінкевіча – любімы транспартны сродак, верны памочнік нават у халодную пару года, і таму ён не дазваляе жалезнаму сябру падоўгу “хварэць”.

Станіслава Іванавіча добра ведаюць у акрузе. Ён – мясцовы паштальён, стараста вёскі, займаецца і дэпутацкай дзейнасцю. Праблемы сельскіх жыхароў для яго даўно набылі ледзь не асабісты характар. І вырашаюцца адпаведна. Дэпутат спяшаецца апраўдаць аказаны выбаршчыкамі давер. Дзякуючы яго турботам, у аддаленыя вёскі Багданаўскага сельсавета ў свой час быў арганізаваны цэнтралізаваны падвоз газу, амаль дзесяцігоддзе бесперабойна абслугоўвае насельніцтва аўтамагазін. Сёння, кажа Станіслаў Іванавіч, зноў надышла пара цеснага супрацоўніцтва з дарожнікамі: пясочнай вуліцы патрабуецца грэйдзіраванне.

У Яхімоўшчыне С. І. Лінкевіч з матуляй трывала асталяваліся з 1985 года. Некаторы час ён працаваў брыгадзірам у мясцовым саўгасе, да работы паштальёна прыступіў у 1995 годзе. З той пары матацыкл, да якога, як да жывога, ставіцца з сапраўднай дабрынёй, дапамагае своечасова дастаўляць карэспандэнцыю вяскоўцам, часам раздзеленых між сабой значнай адлегласцю. Звычайна, гэта пісьмы і паштоўкі, але дастаткова і перыядычных выданняў.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА.

 



Добавить комментарий