Дзень за днём

Общество

Перад пачаткам зімовага перыяду прышчэпку ад грыпу зрабіў кожны трэці жыхар раёна. Усяго такой вакцынацыяй было ахоплена 11190 чалавек, з іх – 1003 дзіцяці. Калі ў 2010 годзе было прывіта толькі 20 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва раёна, то ў 2011-м гэты паказчык павялічыўся больш чым на 10 працэнтаў.

Сельгаспрадпрыемства ААТ “Агра-Дубінское”, якое шэфствуе над мясцовай базавай школай, сёлета паклапацілася пра цудоўны навагодні сюрпрыз для хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзеці атрымалі ў падарунак лічбавую фотакамеру, магнітафон, спартыўнае і гульнёвае абсталяванне на суму звыш чатырох мільёнаў рублёў.

У 2011 годзе раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя праверана выкананне прыродаахоўнага заканадаўства ў 32 арганізацыях. Накладзены 83 штрафы на агульную суму 19 мільёнаў 930 тысяч рублёў, спагнаны ўрон на 23 мільёны 172 тысячы.

У пачатку гэтага года распачалася рэканструкцыя аднаго з самых  старэйшых касцёлаў краіны – Св. Дзевы Марыі ў Вішневе. Як паведаміў настаяцель храма айцец Юзаф, плануецца пафарбаваць будынак звонку, а таксама цалкам абнавіць унутранае ўбранства.

Выйшаў у свет даведнік аб фестывалях традыцыйнай культуры вобласці “Святочнае кола малых гарадоў Міншчыны”, які расказвае аб асноўных творчых акцыях сталічнага рэгіёна. Успамінаюцца ў кнізе і майстры з Валожыншчыны. Асобны раздзел прысвечаны святу “Гліняны звон”, месца нараджэння якога – Івянец.

Суддзя I катэгорыі, інструктар-метадыст ФАЦ “Надзея” Мікалай Мікалаевіч Рабцаў быў запрошаны ў склад судзейскай брыгады на рэспубліканскае спаборніцтва па гіравым спорце “Студэнцкая ўніверсіяда”, якое праходзіла нядаўна ў спартыўнай зале Белдзяржуніверсітэта. У брыгаду, якая цалкам абслугоўвала ўніверсіяду, увайшлі 22 лепшыя суддзі рэспублікі.

Чарговым населеным пунктам, на які быў накладзены каранцін з-за зафіксаванага выпадку шаленства лісы, стала вёска Ратынцы Ракаўскага сельсавета. За два месяцы адказным асобам даручана ліквідаваць небяспечную хваробу, а таксама правесці прафілактыку захворваемасці сабак.

 



Добавить комментарий