ТУТ ГІНУЦЬ ПЕШАХОДЫ, ВЕЛАСІПЕДЫСТЫ, ТРАКТАРЫСТЫ…

Закон и порядок

Пішу па просьбе жыхароў Пяршайшчыны. Ёсць у нас дарога, якая называецца Ваўкаўнёй. Нядаўна на ёй маладая жанчына загінула, акурат там, дзе паварот з Валожына на Пяршаі. Шмат дзесяцігоддзяў таму на месцы дарогі стаяў дрымучы лес, у ім вадзіліся ваўкі.

Дарогу пачалі пракладаць у 1946 годзе. На будаўніцтва прымусова зганялі жыхароў навакольных вёсак. Гэта называлася “адбываць шараварку”. Што асабліва запомнілася людзям, дык гэта вялікая колькасць чалавечых касцей, якія выкопваліся з зямлі. Старажылы меркавалі, што тут маглі знаходзіцца даўнейшыя Пяршайскія могілкі. У гады Вялікай Айчыннай вайны на Ваўкаўні расстрэльвалі і закопвалі людзей. Адным словам – гіблае тут месца, і як магнітам яно прыцягвае смерць. Тут гінуць пешаходы, веласіпедысты, трактарысты… За апошнія гады – больш за 20 ДТЗ са смяротным вынікам.

Каб папярэдзіць трагедыі, раю супрацоўнікам ДАІ паставіць папераджальны знак пра небяспечную зону і абмежаваць хуткасць руху да мінімуму. Страшная зона пачынаецца ад павароту на Папкі і цягнецца аж да Ляшчаткі.

Такіх зон у нашай мясцовасці шмат, бо прайшлі тут дзве кровапралітныя вайны: Першая сусветная і Вялікая Айчынная. Недалёка ад Вялага і развалін графскага палаца ў лесе былі могілкі нямецкіх салдат Першай сусветнай вайны. За Польскім часам германскі ўрад слаў грошы, каб тут паставілі помнікі, даглядалі магілкі. Гэтыя работы кантраляваліся гмінай, добраўпарадкаванае месца захавання фатаграфавалася, а фота адсылаліся ў Нямеччыну. У час Вялікай Айчыннай вайны адзін нямецкі салдат нават адшукаў каля Вялага магілку свайго бацькі…

Каля Вялага пабудавалі санаторый, але адпачыць нікому не ўдалося: у 1986 годзе пасля Чарнобыльскай катастрофы аселі радыеактыўныя ападкі. Зноў як бы падказка – нельга ладзіць шчасце на людскіх касцях!

Назіраюцца ў нашых вёсках і анамальныя з’явы. Цячэ паміж Пяршаямі і Скрундзеўшчынай невялічкая рачулка Дзедзік. Раз-пораз на яе берагах з’яўляецца белы слуп у выглядзе чалавека. Бывае, пойдзе за праязджаючым міма возам, а потым няведама куды знікне… Кажуць, што самыя адважныя мужчыны ад такога жаху нямеюць! Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што і абапал Дзедзіка закапаны сотні салдат, дзесяткі коней. Тут таксама адбываецца шмат трагічных здарэнняў, а яшчэ даволі часта заўважаюць залатыя клубкі і шары, якія коцяцца, але ў рукі нікому не даюцца. Мабыць, гэта знак пра схаваны залаты клад, бо ў 1914 годзе грошы былі з золата, а можа хтосьці з закапаных ваяроў адшукаў клад у якім-небудзь замку.

Яшчэ адно небяспечнае месца – каля Пяршайскага касцёла. Не так даўно тут загінула маладая дзяўчына. І зноў жа ўсё можна растлумачыць даўнейшымі пахаваннямі. Каля касцельнай агароджы хавалі нямецкіх салдат і паліцаяў. Пасля вайны іх магілкі зраўнялі, агароджу разбілі, каб пашырыць вуліцу. Рабочыя, што вялі газ і капалі траншэі, знаходзілі косці, бачылі іх і многія пяршайцы, але ніхто не забаяўся пракляцця мёртвых. А між тым здаўна лічылася, што праз могілкі нельга весці дарогу, будаваць блізка дамы, бо не будзе жывым шчасця.

Добра было б, каб дасведчаныя людзі папярэджвалі дзе можна ўзводзіць нейкія аб’екты, а якое месца лепш абмінуць. Можа тады і многіх трагічных здарэнняў удалося б пазбегнуць…

Данута ШАЎЛОЎСКАЯ,

жыхарка вёскі Янушкавічы.

 



Добавить комментарий