БАБКА МАРЫЯ З ГАРАДЗЕЧНА СВАІМ МАЙСТЭРСТВАМ НЕ НАХВАЛІЦЦА

Культура

Вёска Гарадзечна, якая прытулілася побач з цэнтральнай сядзібай ААТ “Лоск”, адметная сярод астатніх сельскіх населеных пунктаў сваімі таленавітымі жыхарамі-майстрамі. У многіх хатах жывуць яшчэ тыя, хто тчэ, вяжа, вышывае… Гераіня гэтай замалёўкі таксама ўмее рабіць усё вышэйпералічанае. Але ад іншых яе выгадна адрознівае яшчэ адзін набыты за жыццё карысны навык: бабулька – адзіная на ўсю акругу шапавалка. Яе валёнкі з задавальненнем насілі і старыя, і малыя, хвалячы майстрыху за цяпло, падоранае залатымі рукамі.

Марыя Піліпаўна Кузьміцкая пачала займацца гэтай справай яшчэ ў Вялікую Айчынную. Абжылася неабходным інструментам – немудрагелістым, важкім, патрабуючым значнай фізічнай сілы. На пару белых, з аўчыны, валёнак траціла, у сярэднім, два дні. Спачатку неабходна было вычасаць воўну, затым наслаць яе пластамі, накачаць на драўляныя формы, заліць усю гэту справу кіпенем. І вось тады жанчына пачынала непасрэдны працэс вырабу абутку. Пад гарачым парам раскатвала матэрыял, бы цеста, выраўноўвала, разбівала камякі і зноў раскатвала… Варта было толькі трошкі замарудзіць, адцягнуць увагу або праявіць неасцярожнасць – і гарачае “пакаранне” не прымушала сябе чакаць. Не раз былі абвараныя рукі, пар “выядаў” вочы. Але праз пэўны час, які, згодна з вядомай песняй Аляксандра Разенбаума, з’яўляецца найлепшым тэрапеўтам, апёкі загойваліся, і Марыя Піліпаўна зноў прыступала да працы. На завяршальным этапе “звараныя” валёнкі падганяліся пад неабходны памер нагі на правідлах, а завяршала майстрыха працэс стварэння цяжкай жалезнай качалкай, якая канчаткова выраўноўвала паверхню вырабу, рабіла яе гладкай і далікатнай.

…Калі прыйшла вайна, Марыі Піліпаўне – тады проста Марыйцы – было 16. Неўзабаве з’явіліся першыя танкі варожага войска. Па-гаспадарску заняўшы лепшыя хаты, акупанты на пэўны час асталяваліся ў акрузе. Сціплыя, выхаваныя ў спрадвечных беларускіх традыцыях вяскоўцы былі, мякка кажучы, ашаломлены фанабэрлівасцю і распустай, якія чужынцы прынеслі на іх зямлю.

Яшчэ адным пранізлівым моман-там ваеннага юнацтва былі голад і холад. Ні дастатковай колькасці ежы, ні вопраткі нідзе нельга было дастаць. Таму моладзь вучылася ад старэйшых прасці, шыць, ткаць… Марыйка практыкавалася, гледзячы на маці, і хутка спасцігла многія сакрэты вязання.

З надыходам зімовых марозаў холад стаў не на жарт даймаць ногі. “Калі ў акрузе з’явіўся чалавек, які ўмеў валяць валёнкі, тата неяк запрасіў яго з заказам, – працягнула расказ М. П. Кузьміцкая. – І пакуль той карпеў над работай, я старанна запамінала, што ды як”. Праз некаторы час дзяўчына падышла да бацькі і сказала, што паспрабуе самастойна зваляць цёплы зімовы абутак. Як чалавек спрактыкаваны, той ведаў, што першы блін заўсёды комам. Але да жадання дачкі прыслухаўся, даў ёй неабходны матэрыял. Праўда, не лепшай якасці – каб не было пасля шкада… “На першыя мае валёнкі сапраўды было страшна глядзець. Але гэта мяне не спыніла: галоўнае, што атрымалася, а спрыт у руках рана ці позна павінен з’явіцца,” – усміхаючыся, успамінала Марыя Піліпаўна…

Зграбны абутак бабулі Марыі не раз быў прадстаўлены на выставах у Валожыне і Мінску. І аднойчы прыйшло прызнанне ўмельству – Дыплом Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці за захаванне і развіццё рамесніцкіх традыцый вырабу валёнак і ўдзел у I-ай мастацка-этнаграфічнай выстаўцы “Валёнкі: учора, сёння, заўтра”. Да гэтай пары беражэ яго як рэліквію, дарагі напамін пра праведзеныя ў нястомнай працы дзесяцігоддзі.

“Врэмя не дрэме, гады бяруць сваё”, – прымаўкай характарызуе сённяшняе сваё самаадчуванне Марыя Піліпаўна. Раней, каб зрабіць тое, што надумала, гатова была сядзець дзень і ноч.

Ніколі не шкадавала часу, каб пе-радаць сваё майстэрства іншым. Многіх навучыла вязаць, вышываць, ткаць, але чамусьці ніхто не пажадаў асвоіць шапавальную навуку. Сёння бабульцы ўжо не стае здароўя самастойна зрабіць валёнкі. Але па-ранейшаму жывыя яе памяць, веды, майстэрства. Знойдзецца пераемнік – і ярчэй успыхне самабытны агеньчык рамяства, клапатліва распалены і пранесены бабуляй Марыяй праз доўгія вехі жыцця…

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий