КАБ БЫЎ НА ФЕРМАХ НЕ ТОЛЬКІ ГНОЙ, АЛЕ І ЎДОЙ

Общество

Бадай што ні адна сучасная сельскагаспадарчая вытворчасць не вызначаецца такой кантрастнасцю, як малочная: ёсць фермы з камп’ютарамі і кандыцыянерамі, а ёсць – з цыратай на вокнах і грубкамі-цяплушкамі “времен очаковских и покоренья Крыма”. Апошнія, на жаль, пераважаюць. Але ў дбайнага гаспадара ўсё можа прыносіць карысць, а старыя фермы – функцыянаваць нараўне з інавацыйнымі.

Сёлета кожнае сельгаспрадпрыемтва павінна за ўласныя сродкі рэканструяваць адну ферму. У ААТ “Лоск” выбар ужо зроблены – МТФ “Селішча”. Пабываўшы ў гаспадарцы, можна пераканацца, што рацыянальнае зерне ў гэтым ёсць. Прынамсі, грашовых затрат спатрэбіцца менш, чым для аднаўлення іншых аб’ектаў жывёлагадоўлі. Праўда, нягледзячы на тое, што малочнатаварныя будынкі эксплуатуюцца даўно, умовы для ўтрымання жывёлы нядрэнныя. Усе рагулі ў поўнай меры атрымліваюць неабходны рацыён, падлога ў хлявах пасыпана чыстым пілавіннем, няма скразнякоў, на заднім двары выгульваюцца цяляткі.

Але ж і жывёлаводы павінны адчуваць сябе на працы ўтульна. А то дзіўная справа: бачыш, што людзі не зусім спраўна выконваюць службовыя абавязкі, але адчуваеш, што абурацца на іх – грэх. Міжволі падумаеш: “Толькі за тое, што не цураюцца сюды штодня прыходзіць, яны ўжо заслугоўваюць падзякі…”

Ніводная бытоўка на фермах ААТ “Лоск” не ацяпляецца. Даяркі з Малога Запруддзя сушылі халаты ў памяшканні, дзе захоўваецца малако. А гэта – грубае парушэнне санітарных нормаў. Праўда, на заўвагу кантралюючых органаў зрэагавалі аператыўна. Ды і іншыя недапрацоўкі жывёлаводы абяцалі выправіць: вымыць малочныя шлангі, столь, сцены,  пакласці спецыяльныя дыванкі пры ўваходзе ў “малочную”, зняць павуцінне, правільна захоўваць хімікаты, да работы прыступаць толькі пры наяўнасці санітарнай кніжкі… Будзем спадзявацца, што так і станецца.

Між тым многія выяўленыя негатыўныя факты не паддаюцца лагічным тлумачэнням. Чаму балоны з кіслатой захоўваюцца навідавоку, а звычайнае туалетнае мыла – пад замком? Няўжо так складана забяспечыць даярак індывідуальнымі ручнікамі? І навошта душавыя кабінкі, калі імі немагчыма карыстацца? Незразумела таксама, чаму ўнутраныя памяшканні фермаў абіты “рабрыстым” сайдынгам, калі з тымі ж затратамі можна выкарыстаць гладкі, значна лягчэйшы ў доглядзе? А то статак лягчэй падаіць, чым памыць высокую столь з пазамі…

Нядаўна ў “СБ” была надрукавана цытата знатака сялянскага жыцця Аляксандра Энгельгардта: “Не тот пахарь, который хорошо пашет, а тот пахарь, который любуется своей пахотой…” Думаю, па такой шкале можна вымяраць працавітасць і прадстаўнікоў іншых сельскіх спецыяльнасцей. І будзе тады на нашых фермах не толькі гной, але і ўдой…

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий