АБРАЛІ ПРАФЕСІЮ МУЖНЫХ І АДВАЖНЫХ

Официально

Напярэдадні прафесійнага свята агняборцаў на пытанні райгазеты адказаў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях маёр унутранай службы Алег Іванавіч СКАДОРВА.

Па заведзенай традыцыі перад прафесійным святам прынята падводзіць вынікі. Якім быў 2011 год для выратавальнікаў-пажарных раёна? Ці давала падставу “расслабіцца” сітуацыя з пажарамі?

– Для службы, якая знаходзіцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці, расслабляцца нельга. Кожнае здарэнне патрабуе максімальнай мабілізацыі. Не бывае простых або складаных сітуацый, кожную з іх мы разглядаем з пункта погляду найбольш эфектыўна аказанай дапамогі людзям. У мінулым годзе зменшылася колькасць пажараў, значна скарацілася і гібель на іх людзей. Тут вялікую ролю сыграла своечасовая прафілактычная работа, узаемадзеянне з мясцовымі ўладамі, службамі, узмоцнены кантроль за нядобранадзейнымі жыхарамі раёна. Аператыўна спрацавалі нашы выратавальнікі на пажарах у гаражным кааператыве ў раёне бальніцы, у гаражах на вуліцы Набярэжнай райцэнтра, Белакорцы. Папоўнілася і матэрыяльная база райаддзела: за сродкі з раённага бюджэту нядаўна набыта і перададзена на аснашчэнне ў пажарную часць № 1 гідраўлічная аварыйна-выратавальная помпавая станцыя з камбінаваным інструментам, што значна аблегчыць работу выратавальнікаў на дарожна-транспартных здарэннях.

Афіцыйна – з моманту стварэння МНС, а неафіцыйна – з незапамятных часоў пажарныя ліквідавалі самыя разнастайныя надзвычайныя сітуацыі і іх наступствы. Якія пераважаюць у апошні час? Дзе давялося прыкласці максімум намаганняў і прафесійнага майстэрства?

– У мінулым годзе вялікі практычны вопыт набылі ў час ліквідацыі наступстваў падтаплення часткі горада з-за моцнай навальніцы і прарыву дамбы. Былі задзейнічаны ўсе падраздзяленні, увесь асабовы састаў сабраны па трывозе. Эвакуіравалі жыхароў некаторых вуліц, адкачвалі ваду, ратавалі хатнюю жывёлу, маёмасць. На мінулы год прыйшоўся і пік выклікаў на ліквідацыю жалячых насякомых: шэршняў, пчол, восаў, якія масава атакавалі жыллё людзей. Зафіксавана каля сотні такіх выездаў.

Вядома, што ў ХIХ стагоддзі пажары поплеч тушылі прафесійныя агняборцы і добраахвотнікі. І тыя, і другія зладжана працавалі на ліквідацыі наступстваў паводкаў. Ці можна сказаць, што сёння ў такім жа цесным кантакце РАНС супрацоўнічае з добраахвотнымі пажарнымі фарміраваннямі?

– Гэтыя слаўныя традыцыі трэба адраджаць. У раёне створана 157 дабравольных пажарных дружын. Наша ўзаемадзеянне павысіць эфектыўнасць работы па папярэджванні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

– Алег Іванавіч, прыміце шчырае віншаванне з надыходзячым прафесійным святам і найлепшыя пажаданні ўсім выратавальнікам-пажарным раёна. У сваю чаргу, што б Вы хацелі пажадаць свім калегам напярэдадні Дня выратавальніка?

– Усе супрацоўнікі нашага райаддзела, ды і наогул МНС, адданыя сваёй справе і ў любы момант гатовы прыйсці на дапамогу грамадзянам. І, упэўнены, людзі гэта ведаюць і цэняць. Хацеў бы пажадаць здароўя, асабістага шчасця, дабрабыту ў кожным доме і новых дасягненняў у ганаровай справе служэння Радзіме!

Гутарыла Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 

На здымку: за бездакорную службу ў падраздзяленні МНС камандзір аддзялення ПАВЧ № 1 Валожына старшына Міхаіл ТАЎГЕНЬ узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама. У Дзень выратавальніка яму будзе прысвоена і чарговае званне – прапаршчык унутранай службы.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *