Каб душа спявала…

Культура

Людзі калі-нікалі збіраюцца на свята, каб сустрэцца, павесяліцца разам. Спяваюць песні старажытныя, народныя і ваенныя, на якіх мы выраслі. Няважна, які ў каго ўзрост, голас, але галоўнае, каб душа спявала. Хачу зазначыць, што самыя прыгожыя песні беларускага фальклору, у якіх галоўнымі героямі з’яўляюцца жанчыны. Амаль у кожнай песні яркімі фарбамі адлюстравана родная прырода. Яны выклікаюць пяшчоту ў сэрцы кожнага, бо гэтыя песні спявалі нашы бацькі. Папулярнасцю карысталася такая песня:

У пры лужку, пры лузе,

Пры шырокім полі

Не ў знакомым табуне

Конь гуляў на волі.

Ой ляці, ляці, мой конь,

Як віхор, нясіся,

Проціў мілага двара

Стань-астанавіся.

Стань-астанавіся,

Удар капытамі.

Ці ня выйдзе мая мілка

З чорнымі брывамі.

Ой ня выйшла мая мілка.

Выйшла яе маці.

Здравствуй, здравствуй, мілы зяць!

Пожалуйста ў хату.

Не пайшоў у хату,

Пайшоў у святліцу.

Разбудзіў ён крэпкі сон,

Красную дзявіцу.

 Кожная песня выхвачана з жыцця народа. Бывала і такое: выдавалі замуж маладую, прыгожую дзяўчыну за старога халасцяка, непрыгожага. Маладая плакала, бо гэта быў “няроўны брак”, як на карціне Пукірава. Таму ў народзе і злажылі песню пра нялюбага мужа.

 Ой пайду я за вадой,

Вазьму старага з сабой.

Ой каліна, ой маліна,

Вазьму старага з сабой.

Вазьму старага з сабой.

Брошу ў прораб галавой.

Ой каліна, ой маліна,

Брошу ў прораб галавой.

Брошу ў прораб галавой.

Адчапіся, чорт старой,

Адчапіся, чорт старой, –

Ка мне прыйдзе маладой.

Ой каліна, ой маліна,

Ка мне прыйдзе маладой.

Ка мне прыйдзе маладой:

Нос картошкай, сам грубой

(г. зн. дужы).

Ой каліна, ой маліна,

Нос картошкай, сам грубой.

 Вакол замужжа круцяцца ўсе песні. Выдавалі дачку замуж. Маці была задаволена, што яе бяруць, але і перажывала, бо дачка была вельмі маладая.

Шышкі-бадзюлькі з голляў лятуць,

У вакенца гук падаюць.

Чаго гэты шышкі налятаюць,

Чаго гэты госці наязджаюць.

Ці па маё дзіця маладое,

Ці па гэта зелле залатое.

Засталося зелле залатое,

Ды павезлі дзіця маладое.

Не заўсёды замужжа прыносіла радасць. Часам дзяўчына пападала ў складаны жыццёвы круг, які нельга было, па тых законах, разарваць. Таму яна не жыла, а існавала.

Каб я гэта знала,

Што замужам ліха,

Лепш сядзела бы, песні пела бы

У матуленькі ціха.

Пайду да касцёла,

Стану за дзвярыма.

Бабы моляцца,

Дзеўкі строяцца,

А я льюся слязіма.

Я й прыгожая, я й харошая,

Але доля ліхая.

За гарутнічам, за нядбайнічкам

Мая доля прапала.

 А калі ў нас рэпертуар заканчваецца, мы звяртаемся да праекта “Матчына песня”. Ён заўсёды ў нас пад рукой, бо ўсё ў галаве трымаць немагчыма. Няхай крочыць разам з людзьмі гэты добры і патрэбны праект! Няхай паднімае ён у сэрцы кожнага цэлы пласт цікавых песень!

Данута ШАЎЛОЎСКАЯ,

 жыхарка вёскі Янушкавічы.



Добавить комментарий