Прыміце мае шчырыя віншаванні з адным з самым значных для кожнага беларуса святаў – Днём Перамогі!

9 мая 1945 года закончылася Вялікая Айчынная вайна, якая прынесла на нашу зямлю боль, слёзы, смерць, разбурэнні. Доўгія чатыры гады беларускі народ на франтах і ў тыле гераічна змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі за сваю Радзіму, незалежнасць і чыстае неба над галавой. Няма сям’і, якая б не страціла ў гэтай страшнай вайне бацьку ці сына, дзядулю ці дзядзьку, матулю ці дачку…

Нават праз 77 гадоў гэтыя раны не зажываюць. Ды і ці можна забыцца пра трагедыю вёскі Хатынь, лагер смерці “Трасцянец”, мужных абаронцаў Брэсцкай крэпасці, нашых смелых герояў-вызваліцеляў, якія цаной уласнага жыцця падарылі свабоду не толькі Беларусі, але і ўсёй Еўропе!?..

Сёння ўдзячныя беларусы нізка кланяюцца ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, даглядаюць за помнікамі і воінскімі пахаваннямі. Мы свята захоўваем памяць пра кожнага абаронцу Айчыны, пра кожнага мірнага жыхара, які стаў ахвярай нямецкіх акупантаў. І з жудасцю назіраем за вераломствам нашых заходніх суседзяў, якія спрабуюць перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, масава знішчаюць помнікі загінуўшым савецкім салдатам.

Дарагія сябры!

Няма нічога даражэйшага за мір і чалавечае жыццё.

Рэспубліка Беларусь ніколі не выступала ў ролі агрэсара, заўсёды была і застаецца міралюбівай і дружалюбнай дзяржавай. Мы не хочам паўтарэння Вялікай Айчыннай вайны. Мы хочам чыстага сонечнага неба над галавой, радасных усмешак нашых дзяцей, стваральнай працы дзеля росквіту нашай краіны і яе народа.

Я жадаю кожнаму з вас шчаслівага жыцця і дабрабыту, здароўя і поспехаў ва ўсіх пачынаннях. Цаніце мір!

Аляксандр ТУРЧЫН,

старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта