Сёння, 6 мая, старшыня раённага прафсаюза аграпрамысловага комплексу Вікенцій Адамовіч і старшыня Ракаўскага сельвыканкама Аляксандр Мякінка ўрачыста ўручылі высокую узнагароду Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Герою сацыялістычнай працы – Зоі Макараўне ЗАДОРА за значны асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны Валожыншчыны.

Кажуць, калі нараджаецца чалавек, на небе загараецца яго зорка. Напэўна, для таго, каб асвятляць шлях і паказваць дарогу…Не кожнаму суджана бачыць гэта святло, каб не збочыць з правільнага напрамку і рухацца толькі наперад. Менавіта такім і быў жыццёвы дэвіз колішняга брыгадзіра паляводчай брыгады саўгаса “Падбярэззе” З. М. Задоры, якая прыехала на працу ў наш раён у 1953 годзе. Яна не толькі з вялікім жаданнем узялася за работу, але і згуртавала вакол сябе такіх жа нераўнадушных, апантаных, старанных людзей. Аграном па адукацыі, Зоя Макараўна не на словах ведала, што зямля з’яўляецца сапраўднай карміцелькай, і за 45 гадоў брыгадзірства ўзняла ўраджай зерневых культур з 6 цэнтнераў з гектара да 56-ці. Такім караваем мы нават сёння пахваліцца не можам, а яна не проста змагла, а даказала на справе. І праславіла наш раён на ўсю краіну, а за поспехі была ўзнагароджана ордэнам Героя Сацыялістычнай працы, двойчы з’яўлялася дэлегатам з’ездаў КПСС.

Пажадаем Зоі Макараўне Задора моцнага здароўя і доўгіх год жыцця!