Пераможцы адборачнага этапу рэспубліканскага конкурсу “Сям’я года” Вольга і Мікалай Пратасевічы з Пяршаяў, а таксама іх нашчадкі Софія, Юрый і Станіслаў шчыра ўпэўнены: усё ў жыцці пачынаецца з сям’і.

Сям’я была і застанецца асновай грамадства. Актуальнасць гэтага сцвярджэння Анорэ Бальзака наўрад ці магчыма аспрэчыць. Толькі трывалыя адносіны, любоў, паразуменне і пагава, якімі напітваецца чалавек ва ўтульнай сямейнай атмасферы, дазваляюць задавольваць прагу камунікацыі, выбудоўвання трывалых сацыяльных сувязей, а значыць, робяць яго асобай.

Гэтыя пяць асоб кожнае імгненне адчуваюць сябе адзіным цэлым – сапраўднай згуртаванай камандай. Магчыма, такое адчуванне і паспрыяла таму, што ў вельмі складаным спаборніцтве, дзе ўсё залежыць ад суб’ектыўнай ацэнкі людзей, надзеленых правам рэферы, ім удалося ўвайсці ў тройку самых цікавых сямейных калектываў, якія нядаўна спрачаліся за перамогу ў Валожыне на адборачным этапе конкурсу, а 14 мая прадставяць наш раён на абласным туры.

Ведаюць муж і жонка Пратасевічы адзін аднаго са школы, аднак гэта не азначае, быццам разам вучыліся. Малады педагог Мікалай Раманавіч наўрад ці звярнуў увагу на… 4-класніцу Вольгу, а тая, безумоўна, успрымала яго проста настаўнікам. Сапраўднае ж іх знаёмства адбылося значна пазней. Дзяўчына ўжо працавала ў Пяршайскай бібліятэцы, дзе, як і большасць мясцовай інтэлігенцыі, атрымала запрашэнне паўдзельнічаць у адной з пастановак Пяршайкага народнага тэатра. Мікалай ужо шмат гадоў быў актывістам самадзейнай трупы. Атмасфера творчасці настолькі ахапіла артыстаў-энтузіястаў падчас працы над спектаклем “Сабака з залатым зубам”, што ніхто з іх і не заўважыў, як між двума выканаўцамі праскочыла іскра кахання. Прэм’ерны паказ той пастаноўкі смела можна лічыць пунктам адліку стварэння іх сям’і.

Вольга – прыгожая, энергічная, сучасная жанчына. Светлы і вельмі добры чалавек. Яна скончыла гістарычны факультэт БДУ. Працуе кіраўніком гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў ТЦСАН. З-пад яе рук выходзяць неверагодна прыгожыя рэчы – сапраўдныя творы мастацтва. Да таго ж, яна ўмее заахвоціць да гэтай карпатлівай работы іншых. Таму выхаванцы дзённага аддзялення для інвалідаў з задавальненнем наведваюць яе заняткі.

Мікалай (на 12 гадоў старэйшы за жонку) – сур’ёзны, удумлівы, глыбокі, сапраўдны інтэлектуал і, разам з тым, гаспадар з “залатымі рукамі”. Ён – выпускнік педуніверсітэта імя М. Танка па спецыяльнасці “Сацыяльная педагогіка, музычнае мастацтва”. Пяршайская школа стала для яго не проста месцам працы, а магчымасцю рэалізаваць усе свае здольнасці  музыканта і музычнага кіраўніка. Здаецца, творчы чалавек можа навучыць спяваць кожнага. Нават жонку, якая сцвярджае, быццам гэтым талентам прырода яе не надзяліла. Аднак тыя, хто бачыў Вольгу на сцэне, наўрад ці ў такое павераць. Яна ж кажа: за поспехам – педагагічны талент мужа.

Дарэчы, у гэтай сям’і «неспяваючых» няма. Падчас конкурсу Софія літаральна пакарыла прысутных выкананнем песні з рэпертуару Эдзіт Піаф. Яе прыгожы вакал гучаў упэўнена яшчэ і таму, што мова, на якой спявала, для яе добра зразумелая. Юная гімназістка – удзельніца і дыпламант алімпіяднага руху менавіта па французскай мове. Гэты факт сведчыць і пра моц яе характару, і пра здольнасці, і пра матывацыю, і пра цудоўныя адносіны з педагогамі.

Здольны да творчасці і 7-класнік Юрый. Ад бацькі пераняў мноства навыкаў. З асаблівым задавальненнем працуе з дрэвам – то штосьці выпільвае, то выразае…

Станіслаў – прызнаны артыст, да таго ж псіхолаг, які ўмее вырашыць станоўча любое пытанне.

Усе дзеці спяваюць, малююць, добра вучацца і, што самае цікавае, захапляюцца кулінарыяй. Як сцвярджае матуля Вольга, у сям’і адсутнічае падзел абавязкаў. Умеюць усё, і работа выконваецца па меры яе ўзнікнення кожным, хто ў дадзены момант можа ёй заняцца. Бытавыя пытанні, так бы мовіць, вырашаюцца на сумленні, сапраўдным даверы і  вялікай узаемнай любові.

Канешне, характары ў любой з асоб, што складаюць гэту ячэйку грамадства, розныя. Але павага, якая пануе між старэйшымі Пратасевічамі, перадалася і малодшаму пакаленню сям’і, стала яе падмуркам. 14 мая прыгожыя, таленавітыя людзі будуць абараняюць гонар нашай Валожыншчыны на чарговым конкурсным этапе. Пажадаем ім поспеху, а пасля заслужанага адпачынку. Паважаныя Пратасевічы, у любым выпадку для нас вы – лепшыя! Ганарымся вамі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ