ТУТ ВЫПУСКАЕЦЦА ШЫРОКІ АСАРТЫМЕНТ ПРАДУКТАЎ

Официально

Цяперашні аддзел прамысловасці райспажыўтаварыства – гэта добра вядомае прадпрыемства, якое не адно дзесяцігоддзе выпускае шырокі асартымент прадуктаў харчавання.

За гісторыю свайго існавання тут ведалі і ўзлёты, і падзенні, але заўсёды нязменнай заставалася якасць вырабаў.

Валожынскі хлеб і батоны, кандытарскія вырабы, каўбасы і мясныя паўфабрыкаты не залежваюцца на прылаўках і цяпер. Да таго ж, калі цэннікі іншых вытворцаў “ідуць у рост”, наша мясцовая прадукцыя даражэе не так імкліва. Праўда, у каўбасным цэху з-за крызісных з’яў скараціліся пастаўкі сыравіны, што прывяло да змяншэння асартыментнага пераліку і аб’ёмаў выпускаемай прадукцыі.

Аптымізму не страцілі простыя працаўнікі, яны прывыклі ставіцца да прафесійных абавязкаў сумленна і старанна, пры любым эканамічным раскладзе не падвядуць і забяспечаць добрыя вынікі.

Нястомныя рукі жылоўшчыцы Евы Уладзіміраўны РАДЫНЫ за змену апрацоўваюць да 300 кілаграмаў мяса, якое потым ператвараецца ў далікатэсы да нашага стала.

Майстар-кандытар Леакадзія Лукашаўна БІТЭЛЬ асвоіла выпуск салодкай навінкі – рагалікаў “Ласунак”.

Цестамес Таццяна Іванаўна БАГДАНКЕВІЧ ні на хвіліну не адыходзіць ад дзяжы з рошчынай. Яшчэ імгненне – і вялізная ёмкасць з пахучай сыравінай адправіцца ў спецыяльную шафу для браджэння.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий