На Валожыншчыне рашэннем райвыканкама абсталяваны пяць зон адпачынку – “Пагарэлка”, “Жоўты Бераг”, “Сакаўшчына”, “Выганічанка”, “Гардынава”. За ўтрыманне іх у парадку адказваюць лясгас (“Жоўты бераг” і “Пагарэлка”), жылкамунгас (“Сакаўшчына” і “Гардынава”), ІП Зінчанка (“Выганічанка”).

Штогод у пачатку сезона спецыялісты РЦГіЭ выязджаюць у зоны адпачынку  з мэтай абследавання на прадмет выканання санітарных патрабаванняў да іх абсталявання. Правяраецца наяўнасць агароджаў кантэйнерных пляцовак, кабінак для пераапранання, масткоў на мелкаводдзі для ўваходу ў ваду. Звяртаюць спецыялісты ўвагу і на арганізацыю выдалення прыбярэжнай расліннасці, аднаўлення пяску на пляжы, рамонт альтанак, лавак, ценявых навесаў, стан стэндаў і буёў з надпісам “Небяспечна!” і інш.

На момант праверкі многія з неабходных работ у зонах адпачынку былі выкананы. Большая колькасць заўваг тычылася ІП Зінчанка, аднак добраўпарадкаванне вядзецца. На выпраўленне парушэнняў адказным адведзены тыдзень. У кожнай з зон узяты пробы вады на мікрабіялагічныя і паразіталагічныя даследаванні.  З усімі адказнымі заключаны дагаворы на правядзенне акарыцыднай апрацоўкі (ад кляшчоў). На працягу сезона на асаблівым кантролі будзе вываз смецця.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ