ХОБІ – ВЫВУЧЭННЕ ГІСТОРЫІ РОДНАЙ ВЁСКІ

Официально

Сямікласніца Яршэвіцкай сярэдняй школы Даша Роман і яе мама, настаўніца англійскай мовы Іна Іванаўна, маюць адно хобі на дваіх – вывучэнне гісторыі роднай вёскі. Плёнам гэтага захаплення стала даследчая работа (аўтар – Даша, навуковы кіраўнік – мама). Потым праца перарасла ў “Летапіс вёскі Яршэвічы”.

За два гады настаўніца з дачкой-вучаніцай наведаліся ў кожны дом Яршэвічаў і суседніх вёсак, па драбніцах збіралі звесткі пра мінуўшчыну, цікавых людзей, вывучалі навакольную прыроду, перачыталі дзесяткі энцыклапедычных даведнікаў і кніг па краязнаўстве. Напрыклад, яны ўстанавілі, што імя партызана Іосіфа Канстанцінавіча Сцяпко, які па-геройску загінуў у перастрэлцы з фашыстамі, не значыцца ў раённай кнізе “Памяць”. Дапушчана недакладнасць і ў энцыклапедыі Мінскай вобласці, дзе напісана, што ў Яршэвічах захаваўся помнік народнага дойлідства – драўляная царква 18 стагоддзя. А хіба не цікава даведацца, што на Гумбаўскім лузе каля хутара Барок калісьці адпачываў Якуб Колас? Што тут расце беларускі жэньшэнь, які супрацоўнікам Акадэміі навук Беларусі так і не ўдалося перасяліць у Батанічны сад? Даша Роман і яе мама Іна Іванаўна сабралі ўнікальны матэрыял, які зацікавіць кожнага, хто неабыякавы да гісторыі роднага краю.

Алена ЗБІРЭНКА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий