Даведайся тайну паходжання твайго прозвішча

Культура

Пасля 988 года кожны славянін у час афіцыйнай цырымоніі хрышчэння атрымліваў ад святара імя. Гэта дазваляла вырашыць праблему ідэнтыфікацыі: выдзялення канкрэтнага чалавека з  грамадства. Таму менавіта царкоўныя імёны і сталі актыўнай базай для ўтварэння прозвішчаў, якія шырока распаўсюджаны на Валожыншчыне.

ШАЎЛЮК. Бярэ свой пачатак ад мянушкі “шаўля”, якая ўтворана ад дыялекту “шаўлі”, што азначае “шырокія боты”. Хутчэй за ўсё гэта прозвішча адносіцца да прафесіянальных тэрмінаў, якія ўказваюць на род дзейнасці заснавальніка прозвішча: ён мог быць майстрам па пашыву абутку – шаўцом.

Магчыма гэта прозвішча пачынаецца ад дзеяслова “шаўляць” – “шапялявіць”, “картавіць”. Некаторыя даследчыкі яго этымалогію звязваюць з украінскім словам “шаўлій” – “шалфей”. Можа продак Шаўлюк быў знахарам, які выкарыстоўваў настой гэтай травы ў лекавых мэтах.

Прозвішча Шаўлюк утварылася пры дапамозе суфікса “-юк”. Спачатку ён надаваў наступны сэнс: “маленькі”, “малады чалавек”, “сынок”. Таму Шаўлюк літаральна ўспрымаўся як “сын Шаўлі”. Пазней суфікс “-юк” страціў сваё прамое значэнне і захаваўся толькі ў прозвішчы.

СУПРОН. Асновай паслужыла царкоўнае імя Сафрон. Прозвішча ўтворана ад аналагічнага імя, што ў перакладзе з грэчаскай мовы азначае “сумленны, паважаны”. Святымі апекунамі гэтага імя з’яўляюцца патрыярх Іерусалімскі Сафроній і архіепіскап Кіпрскі. Першы абараняў праваслаўную веру ад ератыкоў і склаў нямала царкоўных песнапенняў, другі быў ушанаваны за дар цудатворны.

ПАСЕКА. Верагодна, з’яўляецца фанетычным варыянтам слова “пасека”. Пасекай ці пасечнікам у старыя часы, ды і цяпер, называлі таго, хто ўтрымліваў пасеку – месца на расчышчаных участках лесу, дзе звычайна і ўстанаўлівалі вуллі. Акрамя гэтага, у слова “пасека” было і іншае значэнне – “адведзены пад  высечку ўчастак лесу, які звычайна рыхтавалі для продажу”. Адпаведна, можна сцвярджаць, што родапачынальнік прозвішча Пасека разводзіў пчол ці быў купцом, які займаўся рэалізацыяй лесу.

НЯДЗВЕЦКІ. Прозвішча адносіцца да распаўсюджанага тыпу польскіх прозвішчаў. Слова “niedzwiedz” у перакладзе азначае “мядзведзь”. Звычайна так называлі ці ласуна, ці няўклюднага, няспрытнага чалавека. Часта гэта прозвішча звязвалася і з язычніцкімі ўяўленнямі славян. Спакон веку лічылася, што мядзведзь цесна звязаны з нячыстай сілай. У той жа час чорт баіцца і ўцякае ад мядзведзя. У гэтым выпадку мянушка “недвед” магла выступаць у якасці так званай “ахоўнай” назвы. Раней падобныя мянушкі прысвойваліся дзецям, каб адвесці ад іх злыя сілы. Да таго ж вобразу мядзведзя ўласціва сімволіка ўраджайнасці і пладавітасці. Гэта сімволіка шырока прадстаўлена ў вясельным абрадзе, любоўнай магіі, лячэнні бясплоднасці і г. д. Мянушку “недвед” аднавяскоўцы маглі даць жаніху, жадаючы яму тым самым шчаслівага сямейнага жыцця.

ШАКУН. Адносіцца да разраду слабараспаўсюджаных на тэрыторыі краін СНД. Згодна з рэтраспектыўнымі запісамі жыхары з гэтым прозвішчам з’яўляліся важнымі персонамі з славянскага кіеўскага духавенства ў XV-XVI стагоддзях, яны мелі істотную царскую прывілею. Першапачаткова сведчанні прозвішча можна знайсці ў спісе перапісу насельніцтва Русі ў перыяд Іаана Грознага. У цара захоўваўся асобы рэестр паважаных, прыемных на слых прозвішчаў, якія дараваліся прыдворным толькі ў выпадку пахвалы ці ўзнагароды.

Існуе і такое сцвярджэнне. Названае вышэй прозвішча ўтворана ад аналагічнай мянушкі, якая бярэ пачатак ад дзеяслова “шакаць”, гэта значыць, “хрыпла крычаць”, “шыпець качарам”. Напэўна, Шакуном называлі чалавека, які валодаў хрыплым голасам.

БАРТОШ. Асновай паслужыла аналагічнае свецкае імя. Наяўнасць другога імя была своеасаблівай данінай старажытнай славянскай традыцыі – даваць чалавеку два імя, каб схаваць галоўнае – царкоўнае – ад “нечысці” і “злых духаў”. Прозвішча Бартош мае заходнеславянскія карані, на што ўказвае суфікс “-ош”. Хутчэй за ўсё яно ўтварылася ад грэчаскага імя Барталамеа (“сын старца”), дакладней ад яго прастамоўнай формы Бартош, якая замацавалася ў чэшскай і некаторых іншых мовах. Менш верагоднай уяўляецца этымалагічная сувязь гэтага прозвішча з венгерскім словам “bartor” – “храбры”.

ЖЫЛЕВІЧ. Прозвішча нарадзілася ад мянушкі “жыла”. Так некалі называлі моцнага, цягавітага чалавека, мянушка адлюстроўвала знешнія асаблівасці мажнага, дужага чалавека.

Магчыма, такое прозвішча паходзіць і ад дзеяслова “жыліцца”, які раней меў значэнне “скупіцца, скнарыцца”. Мянушка, відаць, адлюстроўвала характэрныя рысы продкаў – беражлівасць, сцісласць. Згодна яшчэ адной гіпотэзе, у аснове прозвішча ляжыць імя, якое блізкае па этымалогіі да дзеяслова “жыць”.

Да друку падрыхтавала Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий