З ГІСТОРЫІ ВЕСКІ ЯРШЭВІЧЫ

Культура

Назва вёскі хутчэй за ўсё паходзіць ад назвы рэчкі Яршоўкі, якая ўпадае ў Заходнюю Бярэзіну.

Але не толькі яршы вадзіліся ў хуткаплыннай Яршоўцы, хапала тут месца і шчупакам, і харыусу, і рачной стронзе. Вякамі мясцовы люд саліў рыбу ў цэбрах. Аднойчы дзед Сяргея Радкевіча злавіў двухмятровага шчупака. Праўда, для ежы ён быў непрыдатны (аказаўся вельмі цвёрды), таму яго пасеклі на калодцы і зварылі на корм свінням.

Да 50-х гадоў ХХ стагоддзя рака была значна шырэйшая за цяперашнюю, паколькі ўніз па цячэнні стаяла плаціна, працаваў вадзяны млын, які належаў жыхару Кісялёў Янушкевічу. А ён у сваю чаргу адкупіў той млын у пані Русвіцкай. Зараз ад тых пабудоў засталіся толькі муры. Але калі хто хоча ведаць, як дакладна выглядала месца з паўстагоддзя таму, то можа ўбачыць гэта на карціне вядомага беларускага мастака Віталія Цвірко “Ля млына”.

На паўднёвы захад ад вёскі прама з-пад каменя б’е крынічка, якая фарміруецца ў ручай працягласцю каля кіламетра. Да нядаўняга часу, пакуль тут не пасяліліся бабры, гэты ручаёк можна было пераступіць. За два гады звяры зрэзалі шмат лесу, пабудавалі каскадам дзве даўжэзныя плаціны, якія паднялі ўзровень вады амаль на два метры. Дзякуючы бабрам у Яршэвічах ёсць і «азёры». Засталося толькі рыбу запусціць! Мінулым летам бабры, якія жылі ў хатках каля дарогі, сталі любімцамі вясковай дзятвы. А вось дарослыя людзі больш наракаюць: у час дажджу ў склеп Кулікоў трапляе вада, падтопліваюцца і іншыя падворкі. Таму хтосьці перыядычна бабровыя збудаванні разбурае…

Цікавы і разнастайны ў Яршэвічах і раслінны свет. У 2009 годзе студэнтка педуніверсітэта, выпускніца нашай школы Алеся Кулік збірала гербарый для заліку па біялогіі і адшукала вельмі рэдкую расліну, занесеную ў Чырвоную кнігу – васіліснік водазборалісны. Дагэтуль лічылася, што гэты від сустракаецца толькі ў чатырох месцах Беларусі.

ГАРАДЗІШЧА ЖАЛЕЗНАГА ВЕКУ

За 0,6 кіламетра ад вёскі на паўднёвы ўсход знаходзіцца архітэктурны помнік культуры штрыхаванай керамікі (эпоха ранняга жалезнага веку, прыпадае на час з 7 ст. да н. э.  па 5 ст. н. э.) – старажытнае гарадзішча.

Гэта плоская, роўная пляцоўка памерам 75х45 метраў, умацаваная з паўночнага боку падковападобным валам вышынёй 1,5 метра. З канца ХIХ стагоддзя гарадзішчам пачалі цікавіцца вучоныя. Тут знойдзена 18 фрагментаў штрыхаванай керамікі, абпалены крэмень і дзындра (шлак), як пабочны прадукт старажытнай металургіі. Зараз усё гарадзішча зарасло лесам.

Са слоў жыхаркі Яршэвічаў Ганны Браніславаўны Кізімчук вядома, што гэта месца мясцовыя людзі заўсёды называлі замчышчам. Захавалася легенда, што калісьці тут стаяў замак, акружаны ровам з вадою. Па нейкіх прычынах той замак пайшоў у зямлю, а на яго месцы ўтварылася балоцістая ўпадзіна. Мы даследавалі і знайшлі гэтаму пацвярджэнне. Сапраўды, гарадзішча з паўднёвага і заходняга берагоў акружана ручаём, а з паўночнага боку ў балоце захаваліся рэшткі рову.

Старажылы расказваюць, што на гэтым месцы аж да Вялікай Айчыннай вайны можна было адшукаць расліны і дрэвы, нехарактэрныя для нашага краю.

Да пачатку ХХ стагоддзя Яршэвічы, як і замчышча, а таксама вёскі Гляі, Мажулева, Адамоўцы, хутары Вазгінішкі, Галянда, Крапіўнікі і Старынкі знаходзіліся ў валоданні багатай пані Русвіцкай. Доўгі час нашу мясцовасць так і называлі – Русвіччына. Маёнтак пані знаходзіўся ў Старынках, куды мы ўлетку з задавальненнем ездзім купацца на возера, паколькі ў Яршоўцы вада, як правіла, халодная.

Недалёка ад гарадзішча знаходзіцца аэрадром, пабудаваны ў 70-я гады ХХ стагоддзя для сельскагаспадарчых мэт. Зараз ён з’яўляецца ўласнасцю прыватнага прадпрыемства “Джэнерал лайн”. Улетку мы пабывалі там на экскурсіі і нават мелі магчымасць патрымацца за штурвал верталёта.

Самым адметным архітэктурным помнікам Яршэвічаў з’яўляецца царква, узведзеная ў рэтраспектыўна-рускім стылі (падобныя храмы пабудаваны ў Вішневе, Багданаве).

СПАСА-УЗНЯСЕНСКАЯ ЦАРКВА

Богаслужэнні ў храме праводзіць айцец Мікалай з Дораў.

Жыхары нашай вёскі перакананы (бо гэта запомнілі з расказаў дзядоў і прадзедаў), што вялікія камяні пры будаўніцтве цягалі спецыяльна абучаныя мядзведзі. Богаслужэнні ў Спаса-Узнясенскай царкве пачаліся ў 1863 годзе. Святарамі былі Ігнацій Мароз, Мурашэвіч, Давідовіч, у час вайны – Сцяпан Барысевіч.

У 50-я гады царкву рашылі разбурыць, але жыхары ўсёй вёскай сталі на абарону святыні.

ДРАЎЛЯНЫ ХРАМ

У цэнтры Яршэвічаў, недалёка ад таго месца, дзе зараз стаіць магазін, некалі знаходзіўся ўніяцкі храм.

У 1919 годзе храм перадалі католікам. Кожны год на Ганну (22 ліпеня) тут праходзіў вялікі фэст, які любілі наведваць не толькі католікі, але і праваслаўныя. Яніна Браніславаўна Кізімчук любіць расказваць, як яна малая ўдзельнічала ў святочных працэсіях, як апранала прыгожую белую сукеначку…

Апошняя імша ў касцёле адбылася ў 1947 годзе. Браніслаў Казіміравіч Шыдлоўскі тую імшу суправаджаў ігрой на аргане. Ён кажа, што храм меў унікальнае архітэктурнае рашэнне. Калі б яго не разбурылі, то Яршэвічы наведвалі б турысты, каб палюбавацца на цікавы помнік беларускага дойлідства. Уладальнік прыватнай галерэі ў Ракаве Ф. Янушкевіч намаляваў будынак храма, але карціна прададзена за мяжу. Вось бы хоць разок глянуць на яе, каб ведаць, чаго мы пазбавіліся!

Даследуючы месца, дзе стаяў храм, мне ўдалося адшукаць надмагільны камень, на якім пад шчыльным слоем моху высечаны словы: “Священник Игнатий Александрович Морозъ ум 28 декабря 1892 г на 84 году жизни Просим Христа молиться”. Людзі расказваюць, што каля касцёла былі тры магілы: святара Мароза, фундатара храма, жыхара Яршэвічаў Русецкага і брацкая магіла польскіх салдат. У 50-я гады, калі касцёл разбуралі, нехта перацягнуў надмагільны помнік Русецкаму на праваслаўныя могілкі, спрабуючы, відаць, хоць такім чынам захаваць памяць пра мясцовага добразычліўца…

ЯРШЭВІЦКА ШКОЛА

Насупраць Свята-Узнясенскай царквы калісьці размяшчалася царкоўна-прыходская школа, якая ў 1921 годзе стала сямігодкай.

У час вайны спалілі школу. Аж да 1978 года дзеці атрымлівалі адукацыю ў былым маёнтку пана Тарналіцкага на хутары Вазгінішкі. Потым панскі маёнтак перавезлі ў Яршэвічы і ў ім адкрылі школу мастацтваў. Затым школа мастацтваў пераехала ў Доры.

ХУТАР ГАЛЯНДЫЯ

Хутар Галяндыя (па мясцоваму – Галянда), як і Яршэвічы, упершыню ўпамінаецца ў архіўных дакументах канца 15 стагоддзя.

Тут асабліва прыгожая прырода, якая дапаўняецца рэшткамі сядзібнага парку. У Галяндыі растуць магутныя дубы і таполі, дзве сібірскія лістоўніцы. Была і трэцяя, але гадоў дваццаць таму нехта выкраў векавое дрэва. Лістоўніцы такія тоўстыя, што мой брат Данік, як ні стараўся, не змог абхапіць іх ствалы рукамі.

У даўнейшых архівах захаваліся звесткі, што ў 1481 годзе маёнтак Галянда быў уласнасцю шляхціча Андрэя Салагубавіча, затым нейкім чынам перайшоў да караля Казіміра, а той у сваю чаргу падарыў маёнтак княгіні Кобрынскай. У 1507 годзе сын Андрэя Салагубавіча адсудзіў маёнтак у княгіні як сваю спадчыну. Пазней у Галяндыі гаспадарыў нехта Ян Захарэўскі. Апошнімі валадарамі хутара былі паны Гурскія, якія купілі маёнтак (у той час ён ужо называўся фальваркам) у пані Русвіцкай. Гурскіх па сённяшні дзень успамінаюць, як людзей добрых, спагадных. Кажуць, што ў час вайны пан Гурскі ўратаваў многіх сялян, якіх немцы прыгаварылі да расстрэлу.

Да пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя на хутары жыла Гурская, якая прыехала сюды ў саракавым годзе з Бакачоў, яна даводзілася братавай гаспадару фальварка. Старая займала толькі палову будынка, а ў другой размяшчаўся ФАП. Потым дом разабралі на дровы і раздалі жыхарам навакольных вёсак. У канцы 90-х гадоў участак колішняга маёнтка Галянда перакуплівалі адзін у аднаго прадпрымальнікі. Але ўжо пяты год ім валодаюць жыхаркі Санкт-Пецярбурга Галіна Юр’еўна Парфёнава і Вольга Міхайлаўна Анісімава. Жанчыны арганізавалі тут правядзенне семінараў па развіцці абертонных (высокае гучанне) спеваў.

ВАЕННАЕ ЛІХАЛЕЦЦЕ

Калі мы, школьнікі, збіралі матэрыял да 65-годдзя Вялікай Перамогі, то стараліся як мага больш гутарыць са старымі людзьмі. Менавіта так нам удалося адшукаць магілу партызана Іосіфа Сцяпко. Ён пахаваны на каталіцкіх могілках.

…У нашым архіве ёсць і гуказапіс песні “В тёмной роще густой” у выкананні ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Браніслава Казіміравіча Шыдлоўскага. На жаль, Браніслаў Казіміравіч ужо пакінуў гэты свет, а вось яго любімая песня засталася. Гэту песню спявалі ў партызанскім атрадзе імя Суворава брыгады І. В. Сталіна.

Сярод мясцовых жыхароў былі людзі, якія давалі прытулак яўрэям. Напрыклад, у вёсцы Гляі (3,5 км ад Яршэвічаў) жыў Аляксандр Бельскі, які ўсю вайну хаваў яўрэйскага хлопчыка. А хтосьці з жыхароў Кудзейцаў даў прытулак яго сястрычцы. Пасля вайны дзяцей адшукалі сваякі з Масквы і забралі да сябе.

А вось што расказвае мая 96-гадовая прабабуля Станіслава Вікенцьеўна Шыдлоўская:

– У пачатку вайны мы здавалі малако ў вёсцы Гарадок. Там яго “пераганялі”, і людзі маглі забраць адгон сабе. Неяк раз да абозу падбегла кагорта галодных яўрэйскіх дзяцей. Яны працягвалі худыя ручкі з кубачкамі і збаночкамі, прасілі малака.

…Дзеці плакалі. На гэта немагчыма было глядзець. Я аддала незнаёмаму яўрэйскаму хлопчыку свой збан з малаком, а таксама хлеб з кавалачкам бараніны, што брала з сабой на палудзень. Галоднае дзіця пачало ад радасці цалаваць мне рукі…”.

Паўплываў пачатак вайны на лёс Рубацкіх. Гэту сям’ю раскулачылі, прызналі ворагамі народа, а 22 чэрвеня 1941 года было запланавана вывезці іх у Сібір… Але вайна перамяніла гэтыя планы.

Пасля вайны Іосіф Уладзіміравіч Рубацкі вывучыўся на шафёра і застаўся ў калгасе, за старанную працу неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі і падарункамі. Яго жонка Ніна Пятроўна доўгі час працавала тэхработнікам у Яршэвіцкім сельсавеце. Яны выгадавалі траіх дачок, маюць шасцёра ўнукаў.

Размаўляючы з мясцовымі жыхарамі, давялося пачуць версію наконт таго, чаму Яршэвічы не былі спалены падчас адступлення немцаў. Кажуць, што немцы сабралі ўсіх мужчын і, пагражаючы спаліць вёску, загадалі ім узвесці мост праз Яршоўку. Паколькі рака тады была шырокая, мост партызаны знішчылі падчас дыверсіі, і гітлераўцам не было як адступаць. Магчыма, хтосьці скажа: “Дапамагалі ворагу драпаць!” А я лічу, што выратавалі жыцці сваіх нашчадкаў.

Лічыцца, што на вайне толькі свае людзі добрыя, а ворагі – дрэнныя. Але былі і сярод немцаў тыя, хто таксама спагадаў мясцоваму насельніцтву. Яніна Браніславаўна Кізімчук праз усё жыццё пранесла ў сэрцы ўдзячнасць нямецкаму доктару, які выратаваў ёй жыццё. У 1942 годзе яна моцна захварэла, падчапіўшы інфекцыю, якую ў народзе называлі жыпарніца. Спачатку на целе з’явіліся гузы, а праз некаторы час яны пачалі нарываць і цячы. З кожным днём васьмігадовай Яні станавілася ўсё горш. Якраз на той момант у доме Радкевічаў размясцілася нямецкая санчасць. Маці Яніны Браніславаўны прывяла дачку да нямецкага доктара і пачала прасіць дапамогі. Немец не адмовіўся. Ён  прааперыраваў, а потым два дні рабіў перавязкі.

Пра жыццё вёскі ў перыяд акупацыі людзі ўспамінаюць розныя факты. Дакладна можна сказаць адно: вайна – гэта трагедыя ў жыцці народа ў цэлым, і ў жыцці кожнага чалавека ў прыватнасці.

…Старэйшыя жыхары маёй вёскі любяць прыпамінаць, як у 1975 годзе тут праходзілі здымкі германа-чэхаславацкай мастацкай кінастужкі “Я хачу вас бачыць”. Ролі знайшліся для многіх вяскоўцаў. Так, ветэран вайны Міхаіл Мацкевіч суправаджаў партызанскі абоз, а настаўнік нямецкай мовы Франц Францавіч Сівы выконваў ролю нямецкага палкоўніка. Хаты, якія траплялі ў кадр, спецыяльна перакрывалі саломай, а дом Мацкевічаў з прыгожымі драўлянымі аканіцамі стаў прытулкам для галоўнага героя кінастужкі.

ЗЕМЛЯКОЎ СЛАВУТЫЯ ІМЁНЫ

Людзі – галоўнае багацце любога населенага пункта. Сярод яршоўцаў хапае цудоўных, сумленных людзей. Гэта сем’і Такушэвічаў, Мацкевічаў, Русецкіх, Рыбінскіх, Сташэўскіх, Пліскоўскіх, Раманчыкаў, Рубацкіх, Кулікоў, Лойкаў, Кізімчукоў, Мурашовых, Зянько, Тураў.

Многія ўраджэнцы вёскі дабіліся значных поспехаў у жыцці і працоўнай дзейнасці. Ірына Іванаўна Такушэвіч працуе ў Міністэрстве аховы здароўя, Вера Іосіфаўна Суша (Рубацкая) – дырэктар Дорскай школы.

А самая старэйшая жыхарка вёскі Надзея Піліпаўна Мацкевіч ганарыцца сваімі дзецьмі, унукамі і дзесяццю праўнукамі, якія, як сказала жанчына, “пасыпаліся, як зоркі з неба”.

Мікалай Юр’евіч Такушэвіч зараз пенсіянер, а ў былым – заслужаны калгаснік, узнагароджаны шматлікімі медалямі і граматамі. Эстафету бацькі пераняў сын Юрый, які працуе хлебаробам у ААТ “Манькаўшчына”. Іна Віктараўна Кулік – стараста вёскі і прадавец мясцовага магазіна. Заўсёды ветлівая, акуратная, добразычлівая.

Палюбілі Яршэвічы і прыезджыя людзі. Мінчане Алена Уладзіміраўна і Сяргей Васільевіч Мурашовы настаўнічаюць з 1986 года. Сяргей Васільевіч – добры мастак і разьбяр па дрэве. На хутары Харужы жывуць прафесіянальныя мастакі Ігар і Алена Бархатковы. Аграсядзібу “Барок” уладкаваў Аляксандр Лось, які не толькі іграе на розных народных інструментах, але і ўмее іх вырабляць.

Улетку ў Яршэвічы з Мінска прыязджае Сяргей Яфімавіч Баулін, які шмат гадоў узначальваў савет ветэранаў Яршэвіцкага сельсавета.

Іна Іванаўна і Даша РОМАНЫ.

Фота аўтараў.

 



 



Добавить комментарий