САКРЭТЫ ГАДОЎЛІ КУРЭЙ

Общество

Ветэрынары настойліва раяць не ўтрымліваць разам курэй і трусоў (таму што трусы з’яўляюцца носьбітамі какцыдыёзу).

Нельга карміць курэй вільготнай мешанкай з драўлянай кармушкі. Бо ў дрэве пасяляюцца хваробатворныя бактэрыі, грыбкі, цвіль.

Каб вашы куры не рассыцелі ў зімовы перыяд, прымацуйце качан капусты на вышыні прыкладна метр ад падлогі. “Кульбіты” ў вышыню будуць дапамагаць падтрымліваць спартыўную форму вашым падапечным. Венікі з крапівы – зімой добры дадатак да рацыёну і вельмі падабаюцца курам.

Падразаць крылы ў курэй трэба ў вячэрні час, калі яны сонныя. Для курэй няма стрэсу, і вам за імі не прыйдзецца бегаць.

Чамярыца, куколь, паслён чорны, балігалоў рабы, цыкута, познацвет, блёкат (белена) вельмі атрутныя для курэй.

У курэй часам з’яўляецца вельмі дрэнная звычка – расклёўваць яйкі. З ей вельмі нялёгка змагацца. Трэба своечасова забіраць яйкі з гнёздаў, не кідаць птушцы пабітыя яйкі і з тонкай шкарлупінай. У крайніх выпадках нясушак, якія маюць схільнасць да расклёўвання, неабходна выбракоўваць.

РАЗВОДЗІЦЬ ПТУШАК ПЯТНАЦЦАЦЬ ГАДОЎ

На многіх падворках у вёсцы Доры можна ўбачыць чароды важных птушак у бронзавым, белым або чорным апярэнні. На моцных доўгіх нагах яны прахаджваюцца павольна, быццам павы, з гордасцю носячы на галаве і шыі чырвоныя “каралы”. Гэта індыкі свойскія – цывілізаваныя родзічы дзікага індыка, пашыранага ў паўднёвай частцы Паўночнай і ў Цэнтральнай Амерыцы.

Сярод дорскіх аматараў гадоўлі індыкоў і наша сённяшняя госця – Галіна Іванаўна ГРЫЦ. Яна разводзіць гэтых птушак ужо пятнаццаць гадоў.

Гадаваць індыкоў, сцвярджае жанчына, досыць проста, ды і прадукцыйнасць іх значна вышэйшая, чым пры гадоўлі пеўняў і курэй. Вага тушкі індыка можа дасягаць 20 кілаграмаў! Адна індычка выводзіць 15 птушанят. Да таго ж дыетычнае нятлустае мяса вельмі любіць вялікая сям’я Галіны Іванаўны. А мяккім пер’ем заморскіх птушак гаспадыня набівае падушкі для сваіх пяці дачок, зяцёў і дзевяці ўнукаў.

Парады ад Г. І. Грыц:

Індычанятам, якія вылупіліся, першым чынам трэба даць здзяўбці гарошыну чорнага перцу. Многія птушкаводы лічаць, што такі харч робіць птушанят устойлівымі да прастудных захворванняў, гэта дапамагае пазбегнуць кішэчных інфекцый.

На самай справе, перац зніжае рызыку атручвання, “абуджае” страўнік, выклікаючы апетыт і смагу.

Порцыя кефіру або добрага ёгурту можа прынесці вялікую карысць нованароджанаму птушаняці. Менавіта так робяць галандскія фермеры са страусянятамі, лічачы, што тым самым стрававальная сістэма птушанят і танізуецца, і адначасова ўзбагачаецца карыснымі бактэрыямі.

Курасадня для індыкоў робіцца па такім жа прынцыпе, як курасадня для курэй. Гэта цёплае, светлае памяшканне, досыць прасторнае, з надзейна ўсталяванымі брусамі і добрай вентыляцыяй. Акрамя таго, трэба абраць месца для гнязда, куды індычкі будуць адкладаць яйкі.

Птушкі вельмі баяцца скразнякоў і сырасці. Тэмпература ў курасадні не павінна апускацца ніжэй за 18 градусаў.

Кармленне павінна быць рэгулярным, інакш птушка пачне галадаць, а значыць худнець. Падсыпаць ежу трэба 4-5 разоў у дзень. Сыпце дастатковую колькасць корму. Сачыце, каб у птушкі было дастаткова чыстай і свежай вады, тады індыкі не адправяцца на самастойныя пошукі вадкасці і пазбегнуць атручэння. Вышыню кармушак рэгулюйце ў адпаведнасці з узростам птушак, трэба, каб кармушкі знаходзіліся на ўзроўні іх спіны.

Рацыён індыкоў павінен утрымліваць малую колькасць клятчаткі, бо з-за асаблівай будовы стрававода клятчатка ў вялікай колькасці можа прывесці да расстройства стрававальнай сістэмы.

Са збожжавых культур дапускаецца дабаўляць у рацыён ячмень і пшаніцу, авёс жа гэтыя птушкі не вельмі любяць. Карысна даваць вадкія мешанкі.

Чым карміць індыкоў у халодны час? Вядома, сіласам! Можна нарыхтоўваць траву самастойна. І лепш прытрымлівацца гэтага варыянту, бо толькі так вы будзеце ўпэўнены ў якасці корму. У рацыён індыкоў павінна ўваходзіць свежая агародніна: морква, бульба, буракі, а таксама касцяная мука для забеспячэння птушак кальцыем. Гэту ролю таксама выдатна выконваюць ракавінкі або мел, якія можна купіць у спецыялізаваных крамах або ветаптэках.

Шпацыры на свежым паветры абавязковыя для індыкоў у любы час года (акрамя занадта марозных дзён узімку). Калі доступу да натуральнай пашы няма, выпас індыкоў неабходна арганізаваць у асобным вальеры.

Крылы хатняй птушцы падразаюцца на 5-10 см да трубачкі і не больш. У гэтым выпадку індыкі не змогуць лётаць, а значыць, пералятаць да суседзяў.

 

ЖЫЦЦЁ З КАМФОРТАМ ДЛЯ ХАЎРОННІ

У памяшканні для ўтрымання свіней павінны адсутнічаць скразнякі. Пры паніжанай тэмпературы свіння расходуе значна больш калорый на падтрыманне тэмпературы цела, што істотна павялічвае запатрабаванне жывёлы ў ежы. Гэтак жа заўважана, што пры паніжаных тэмпературах істотна зніжаецца якасць свініны, бо адбываецца размякчэнне падскурнага тлушчу. Пры тэмпературах вышэй нормы істотна зніжаецца апетыт і прадукцыйнасць свіней.

Важна ўлічваць асаблівасці тэмпературнага рэжыму ў адпаведнасці з узростам жывёл. Для маладняку аптымальнай тэмпературай з’яўляецца плюс 18-22 градусы, для асобін вагой да 90 кг тэмпературу можна панізіць – ад 14 да 20 градусаў, свінні вагой больш за 90 кг добра пераносяць 12-16 градусаў.

Яшчэ адна важная ўмова – вільготнасць паветра. Аптымальным паказчыкам з’яўляецца 70-75%. Вільготнасць у памяшканні, дзе жывуць свінні, не павінна перавышаць 85%.

 

РОБІМ КАНЮ ПЕДЫКЮР…

Хуткая чыстка

У выпадках, калі конь не выступае на спаборніцтвах, не выкарыстоўваецца ў пракаце, а пасецца на лузе, конюхі спыняюцца на хуткай чыстцы. Яна праводзіцца па меры забруджвання каня, але звычайна не радзей аднаго разу ў дзень. Хуткая чыстка – ачышчэнне шчоткай моцнага бруду і расчыстка капытоў.

Старанная чыстка

Конь, які знаходзіцца ў хляве, патрабуе куды большай увагі з боку гаспадара. Калі выкарыстоўваеце каня на працы, то рэкамендуемы рэжым чысткі такі. Перад працай – лёгкая чыстка шчоткай, а пасля працы, калі конь добра разагрэты і скурныя поры раскрыты, праводзіцца старанная чыстка – хвілін 30-40. Коні вельмі любяць, калі іх чысцяць. Добрая чыстка, як сам працэс, дастаўляе ім небывалае задавальненне!

Патрэбныя прылады

Цвёрдая шчотка выкарыстоўваецца для ачышчэння засохлага бруду і поту.

Шчотка з кароткім і тонкім шчаціннем служыць для ачышчэння бруду з ўсяго цела.

Пластмасавая скрабніца, а таксама шурпатая рукавіца, гумовая скрабніца добра для масажу.

Тупым канцом капытнага крука можна выдаліць зямлю, гной, каменьчыкі з капытоў каня.

Шчотка для вільготнай чысткі ўжываецца для змочвання грывы і хваста.

Губкі выкарыстоўваюцца для прамывання вачэй, вушэй, макаўкі і хваста.

Пасля ўвільгатнення суконкай добра наводзіць канчатковы бляск на поўсці каня.

Пэндзлік для нанясення капытнага алею дапаможа прадухіліць растрэскванне з-за лішняга перасыхання капытоў.

Ёсць яшчэ шмат спецыяльных прылад для чысткі скакуноў. З добрым, поўным інвентаром чысціць каня – адно задавальненне!

Да друку падрыхтавала Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий