УДАКЛАДНЕНЫ ЎМОВЫ ПРАДАСТАЎЛЕННЯ ЛЬГОТНЫХ КРЭДЫТАЎ НА ЖЫЛЛЁ

Общество

Адпаведны ўказ нумар 13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў» 6 студзеня падпісаў кіраўнік дзяржавы А. Лукашэнка.

Падтрымка будаўніцтва жылля для грамадзян ужо шмат гадоў з’яўляецца адным з прыярытэтаў эканамічнай палітыкі дзяржавы. Штогод на мэты льготнага крэдытавання выдзяляліся вялікія сродкі. Наспела неабходнасць аптымізаваць льготнае крэдытаванне, зыходзячы з эканамічных магчымасцей дзяржавы.

Права на атрыманне льготных крэдытаў захоўваецца для некаторых катэгорый малазабяспечаных грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў (за выключэннем грамадзян, прызнаных маючымі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па дадатковых падставах, прадугледжаных арганізацыямі ў калектыўных дагаворах). Крытэрыі, па якіх грамадзян адносяць да малазабяспечаных, вызначае Савет Міністраў. З ліку такіх грамадзян пазачарговае права на атрыманне крэдыту маюць:

– шматдзетныя сем’і;

– грамадзяне, у складзе сем’яў якіх ёсць дзеці-інваліды, а таксама інваліды з дзяцінства I і II групы;

– грамадзяне, якiя захварэлi i перанеслi прамянёвую хваробу, якія сталі інвалідамі з-за катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварый;

– грамадзяне, якія пражываюць у жылых памяшканнях, прызнаных непрыдатнымі для пражывання.

Малазабяспечаныя грамадзяне, якія пражываюць не менш за 10 гадоў у інтэрнатах або на здымных кватэрах, маюць пазачарговае права на льготны крэдыт, калі ў іх, у сумесна пражываючых членаў сям’і і асобна пражываючых мужа і жонкі, няма ва ўласнасці жылля, у тым ліку ў іншых населеных пунктах Беларусі.

Таксама пазачарговым правам на атрыманне льготных крэдытаў карыстаюцца:

– працаздольныя паўналетнія члены сям’і наймальніка сацыяльнага жылля ў выпадку яго смерці або выезду на пастаяннае пражыванне ў іншае жылое памяшканне, якія не маюць у карыстанні жылога памяшкання дзяржаўнага жылога фонду або ва ўласнасці іншага жылога памяшкання ў гэтым населеным пункце агульнай плошчай 15 кв.м і больш (у Мінску – 10 кв.м і больш) на аднаго чалавека;

– паўналетнія члены сям’і памерлага (загінуўшага, прызнанага адсутным без вестак) наймальніка службовага жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду.

Льготныя крэдыты будуць выдзяляцца для малазабяспечаных грамадзян з ліку:

– тых, хто ажыццяўляе будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек;

– маладых сем’яў, якія маюць двое непаўналетніх дзяцей;

– ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў;

– суддзяў і пракурорскіх работнікаў;

– паўналетніх маладых грамадзян, якія з’яўляюцца лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў і (або) спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі;

– таленавітых маладых вучоных, якім былі назначаны стыпендыі Прэзідэнта;

Права на атрыманне льготных крэдытаў захоўваецца для ваеннаслужачых (на ўмовах, устаноўленых указам Прэзідэнта Беларусі нумар 195 ад 3 красавіка 2008 года).

Прадастаўленне льготных крэдытаў плануецца ажыццяўляць на 20 гадоў пад працэнтную стаўку, роўную 20 працэнтаў ад стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка (цяпер 8 працэнтаў), але не менш за 5 працэнтаў гадавых (для грамадзян, якія пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тыс. чалавек, – 10 працэнтаў ад стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, але не менш за 3 працэнты гадавых).

Для маладых сем’яў, якія маюць двух непаўналетніх дзяцей, крэдыты будуць выдавацца на 20 гадоў пад працэнтную стаўку, роўную 50 працэнтаў ад стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка.

Для шматдзетных сем’яў умовы прадастаўлення льготных крэдытаў застаюцца ранейшыя – на 40 гадоў пад 1 працэнт гадавых. Пры гэтым субсідыя выдавацца не будзе, а памер крэдыту складзе 100 працэнтаў ад кошту нарматыву льготна крэдытуемай плошчы.

Указам прадугледжана павелічэнне памераў аказання шматдзетным сем’ям фінансавай дапамогі ў пагашэнні льготных крэдытаў: з 50 працэнтаў да 75 працэнтаў ад астатку крэдытнай лініі для сем’яў, якія маюць трох непаўналетніх дзяцей, і з 70 працэнтаў да 100 працэнтаў для сем’яў, якія маюць чатырох дзяцей, а таксама першачарговае ўключэнне ў склад фарміруемых ЖБК шматдзетных сем’яў, якія маюць чатырох і больш дзяцей.

Дакументам таксама прадастаўляецца адтэрміноўка ў пагашэнні крэдытаў і выплаце працэнтаў па іх для сем’яў, у якіх адзін з бацькоў знаходзіцца ў водпуску па догляду другога і наступных дзяцей да трох гадоў, на перыяд знаходжання ў такім водпуску.

Пры разліку памеру крэдыту ў адпаведнасці з новымі ўмовамі будзе вылічацца плошча наяўных ва ўласнасці (адчужаных на працягу трох гадоў) крэдытаатрымальніка і членаў яго сям’i жылых памяшканняў не толькі ў населеным пункце па месцы пражывання крэдытаатрымальніка і месцы будаўніцтва жылля, але і ва ўсіх іншых населеных пунктах рэспублікі. Акрамя таго, зніжаны нарматыў ільготна крэдытуемай плошчы ў Мінску з 20 да 15 кв.м, за выключэннем шматдзетных сем’яў, для якіх гэты нарматыў захоўваецца ў памеры 20 кв.м.

У мэтах забеспячэння завяршэння пачатага будаўніцтвам жылля ўказ распаўсюджвае новыя ўмовы крэдытавання грамадзян толькі на новазаключаныя крэдытныя дагаворы. Пры гэтым памеры ўжо адкрытых крэдытных ліній для катэгорый грамадзян, якія страчваюць права на атрыманне льготных крэдытаў, пераглядацца не будуць (незалежна ад павелічэння кошту будаўніцтва).

Стаўка крэдытавання з улікам памеру стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка будзе вызначацца на дату зацвярджэння спісаў на атрыманне льготных крэдытаў, што дасць магчымасць ураўнаваць умовы для грамадзян-крэдытаатрымальнікаў, якія будуюць жылыя памяшканні ў адным доме.

Нормы дзеючага ўказа нумар 185 на грамадзян, уключаных у спісы на атрыманне льготных крэдытаў, але не паспеўшых заключыць крэдытныя дагаворы з банкам, не распаўсюджваюцца.

Па матэрыялах БелТА.

ІЧ

 



Добавить комментарий