Парадак – надзейная прыступка для ўзыходжання

Общество

Дырэктыва № 1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны” – у многім вызначальны дакумент, бо ён закранае інтарэсы большасці насельніцтва. Не выпадкова рэалізацыя дакумента перыядычна разглядаецца і на пасяджэннях райвыканкама. На гэты раз прааналізаваны справы ў доследным лясгасе і ДУП “Валожынскае ПМС”.

Вёў пасяджэнне старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч. У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі краіны А. Л. Ялфімаў, намеснік міністра лясной гаспадаркі К. В. Кажушка, в. а. генеральнага дырэктара ДУ “Мінскмеліявадгас” М. В. Сянькевіч і іншыя прадстаўнікі абласных ведамстваў.

Са справаздачамі па асноў-наму пытанню парадку дня выступілі дырэктар калектыву лясгасаўцаў Р. Л. Матус і в. а. дырэктара ДУП “Валожынскае ПМС” Ю. В. Савіцкі. Мяркуючы па прыведзеных фактах, тут асаблівых праблем з умацаваннем грамадскай бяспекі і дысцыпліны няма. Асноўны параметр такой стабільнасці – адсутнасць выпадкаў траўматызму і сёлета, і летась за 9 месяцаў. У названых працоўных калектывах наладжана навучанне, праверка ведаў работнікаў, праводзяцца адпаведныя інструктажы і стажыроўкі. На абодвух прадпрыемствах выдаюцца сродкі індывідуальнай аховы, спецадзенне, праўда, апошнюю носяць далёка не ўсе, хто працуе на вытворчых участках і падраздзяленнях. На прадпрыемствах наладжаны і штогадовы медыцынскі агляд персаналу, які заняты на шкодных і небяспечных работах. Дысцыплінуе вадзіцеляў і перадрэйсавы медагляд.

Крытычную танальнасць набыла размова, калі абмерванне закранула такія праблемы, як пажарная бяспека на вытворчасці, стварэнне належных умоў працы і быту, выкананне адпаведных санітарных параметраў на вытворчасці. На жаль, не ўсе аб’екты абсталяваны аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі і тэхнічнай сістэмай апавяшчэння людзей у выпадку пажару, ёсць парушэнні ў эксплуатацыі электраправодкі і многае іншае. Калі параўноўваць два прадпрыемствы, то больш недапрацовак і ўпушчэнняў усё ж на Валожынскім ПМС. На пасяджэнні райвыканкама в. а. дырэктара Ю. В. Савіцкаму дадзены канкрэтныя тэрміны на выпраўленне недахопаў. І далейшае яго знаходжанне  на займаемай пасадзе менавіта і будзе залежыць ад таго, наколькі своечасова і якасна будуць выкананы ўсе пункты прынятага рашэння.

А кіраўніцтва доследнаг лясгаса пачула заўвагу ў свой адрас наконт вялікай цякучасці кадраў на падначаленым прадпрыемстве. Гэты паказчык тут складае 37 працэнтаў. Каб навучыць новых людзей, патрэбны не толькі час, але і значныя фінансавыя сродкі.

Праблема алкагалізацыі насельніцтва таксама звязана і з тым, што некаторыя гора-прадпрымальнікі маюць гажэльні пад ляснымі пушчанскімі шатамі. Каля 50 самагонных апаратаў выяўлены ў лесе. Як яны там аказаліся?! Адказнасць за пралікі павінны несці і леснікі, на падведамасных тэрыторыях якіх стаў магчымы такі падпольны бізнэс. Самагонаварэнне ў лесе – гэта  сур’ёзная экалагічная, пажарная небяспека, гэта і маральны фактар, бо п’янства напрамую звязана з мікракліматам грамадства, сям’і.

У час абмеркавання был правільна зазначана, што выкананне Дырэктывы № 1 вельмі важна для рэзультатыўнасці дзейнасці ўсіх суб’ектаў гаспадарання, для здароўя грамадства ў цэлым.

На пасяджэнні райвыканкама абмеркаваны і вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 9 месяцаў, прааналізавана грамадская пошта і работа са зваротамі грамадзян, а таксама стан воінскага ўліку і браніраванне ваеннаабавязаных у дзяржорганах і арганізацыях, інш.

Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий