КРОЧЫЦЬ З ПЕСНЯЙ ПА ЖЫЦЦІ

Молодежный курьер

Сваё першае сольнае выступленне Кацярына Макей зрабіла яшчэ ў дзіцячым садку. З той пары разам з выдатным ад прыроды вакалам мэтанакіравана адточвала выканальніцкае майстэрства, уменне трымацца на сцэне. Выбраная ў маленстве творчая дарога прывяла яе ў раённы Цэнтр культуры, дзе  Каця зараз працуе мастацкім кіраўніком.

Мінулагоднюю выпускніцу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў у калектыве РЦК прынялі з радасцю, падтрымалі на першых кроках у самастойнае жыццё. Дзяўчына хутка асвоілася, улілася ў зладжаную работу ўстановы. І калі як адзін з лепшых маладых спецыялістаў 2011 года атрымала ад аддзела культуры райвыканкама Падзячны ліст, калегі прыемна парадаваліся: птушанятка стала на крыло…

Няўрымслівая, таленавітая і абаяльная Каця – наша зямлячка, нарадзілася яна ў Дорах. Чулы, пранікнёны голас і ідэальны музычны слых, відавочна, перадаў ёй у спадчыну тата Віктар Эдуардавіч – сам чалавек неардынарны, з тых, хто паважае і любіць сапраўдную музыку і ад каго даўно перасталі ўтойваць сакрэты гітара і акардэон.

…На самай першай пары заняткі ў ВНУ, хоць і прыцягвалі да сябе, не падаліся Каці лёгкімі. Выбраная спецыяльнасць – народныя (сольныя) спевы – вымагала шмат працы над сабой, над пастаноўкай вакалу, трыманнем сцэнічнага вобраза, выпрацоўкай аўтэнтычнага песеннага выканання. Давялося нават па-новаму вучыцца дыхаць. Але з кожнай праведзенай у творчым пошуку гадзінай майстэрства расло, а разам з ім – і ўпэўненасць у правільна зробленым выбары. Дапамагалі станавіцца прафесіянальна і шматлікія сталічныя канцэрты, мерапрыемствы, у якіх удзельнічалі студэнты. Шмат увагі (бывала, нават ва ўрон уласнаму часу) адоранай моладзі удзялялі ўніверсітэцкія педагогі. Адным словам, калі надышоў час атрымаць дыплом, Кацярына ў сабе ўжо не сумнявалася. А паколькі вучылася па накіраванні, то і адпрацоўваць вярнулася ў родны раён. “Яно і добра, што так сталася, – кажа Каця, – бо, як вядома, дома і сцены памагаюць…”

Працоўны шлях малады спецыяліст пачала хормайстрам эстраднай студыі “Праменьчыкі” РЦК. Хутка прафесіянальныя і арганізатарскія здольнасці дзяўчыны, яе працавітасць, адказнасць заўважылі і ацанілі, дзякуючы ім адкрыліся і новыя перспектывы. Напрыклад, сёння К. Макей займае яшчэ пасаду старшыні савета маладых спецыялістаў, з’яўляецца членам каардынацыйнага савета па справах моладзі. А па месцы працы дадаткова вядзе гурток эстраднай песні “Голас”. Тут займаюцца людзі розных узростаў, і да душы кожнага з іх трэба падабраць індывідуальны ключык – толькі тады можна разлічваць на сапраўдны поспех пачынаючых спевакоў. Праўда, для камунікабельнай, мэтанакіраванай, з добрым пачуццём гумару Каці гэта не складае асаблівых праблем.

“Розніца паміж гадамі юнацтва, студэнцтва і сённяшнім маім жыццём адчувальная, – дзеліцца думкамі юная, падаючая надзеі асоба. – Нашмат узрасла адказнасць, як перад людзьмі, з якімі працуеш, так і асабістая, унутраная. Ды і на свет даводзіцца глядзець не толькі са сваіх катэгарычных пазіцый”. Зрэшты, такія перамены Кацярыну, якая разам са сваімі гурткоўцамі шчыра радуецца сцэнічным поспехам, знаёміцца з многімі цікавымі людзьмі, не засмучаюць: гэта варта таго. Усур’ёз дзяўчына ўзялася і за самаўдасканаленне: цяпер завочна атрымлівае другую вышэйшую адукацыю. На гэты раз прадметам спецыялізацыі абрала рэкламную інфармацыю і камунікацыі.

Вядома, як і ў кожнага пачынаючага самастойнае жыццё чалавека, у Каці шмат яшчэ нявырашаных праблем, незадаволеных патрэб. Але, нягледзячы ні на якія цяжкасці, яе душа па-ранейшаму спявае…

Сяргей САДОЎСКІ,

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий