А Ў НАС У ВЁСЦЫ ВЯСЕЛЕЙКА

Официально

Калі ў час вясельных абрадаў прылятаюць да хаты або залятаюць у вокны птушкі, лічыцца, што гэта душы бацькоў прыляцелі паглядзець на вяселле дачкі ці сына.

Старажытныя людзі лічылі, што душы памерлых перасяляюцца ў птушак (але душы толькі добрых людзей). Гэтых птушак нельга было палохаць і праганяць. Іх трэба было карміць, але забаранялася даваць ім ежу са стала.

Раней вяселле гулялі ў нядзелю і панядзелак. Існаваў звычай адорваць сваццяў і дзевак, якія спявалі песні ў час заручын. У канцы заручын сват укладаў у руку жаніха руку нявесты (можа, адгэтуль і назва «заручыны»?). Суджаныя выходзілі з хаты, узяўшыся за рукі, яны ішлі па адной палавіцы. Гэта азначала, што жаніх павядзе нявесту па сваёй дарозе жыцця.

Хлопец і дзяўчына спускаліся з ганка, не разнімаючы рук, гэтым самым яны паказвалі душам сваіх продкаў, што маладыя заручыліся.

У хаце нявесты старанна рыхтавалі пасаг. Звычайна гэта быў куфар са скруткамі саматканага палатна або адзенне. Пасаг раней таксама давалі і зямлёй, і жывёлай, і іншым таварам. Для дастаўкі пасагу загадзя намячалася па згодзе паміж бацькамі колькасць сватоў і коней.

Раней нявеста павінна была прыбіраць кветкамі пні дрэў, якія пілавалі, каб зрабіць куфры для пасагу (на вяселле трэба было мець толькі новыя рэчы). Нявеста прыбірала пні, каб задобрыць духаў гэтых дрэў, каб яны перасяліліся ў зробленую рэч, інакш куфры будуць скрыпець.

Існавалі пэўныя магічныя заклінанні для рэчаў, якія дарылі маладым, або якія ўваходзілі ў пасаг ці ў выкуп за нявесту.

Звычайна вяселле праходзіла тры дні. Нельга было жаніцца ў пасты і посныя дні згодна з Законам Божым. На другі дзень вяселля жаніх прыходзіў да бацькоў нявесты з бутэлькай гарэлкі, абвязанай чырвонай стужкай, і запрашаў іх да сябе ў госці.

Каб дапамагчы бацькам правесці вяселле з меншай стратай для гаспадаркі, бо многія людзі тады жылі бедна, некаторыя блізкія родзічы з вёскі запрашалі гасцей да сябе ў госці ў канцы вяселля. Гэта дзея называлася перазоўкамі.

Асобай павагай карыстаўся ў час вяселля сват, які таксама быў і тамадой. У канцы вяселля музыкант іграў марш кожнаму прысутнаму за святочным сталом, за што яго адорвалі грашыма, хто колькі мог.

 



Добавить комментарий