САМАЯ СТАРЭЙШАЯ Ў ВОБЛАСЦІ

Общество

Адрас рэкорднага доўгажыхарства Мінскай вобласці знаходзіцца ў нашым раёне! У вёсцы Рымавічы Багданаўскага сельсавета жыве Ніна Дзмітрыеўна Федаровіч.

Яна амаль поўная равесніца веку. Нарадзілася 3 студзеня 1900 года. Цяпер яе каляндар гартае 112-ю зіму.

Сцэнарый лёсу гэтай жанчыны звыклы. Працавала ў бацькоўскай прыватнай гаспадарцы, тады кожная сям’я мела па некалькі гектараў зямлі. А як прыйшла пара замужжа, быццам кветкі ў вясёлы вяночак, пачалі ўплятацца ў яе лёс дзеткі. Іх нарадзіла пяцёра. У далёкім 36-ым з’явіўся на свет Іосіф, праз два гады – дачка Марыя. Двое дзяцей папоўнілі сям’ю ў саракавыя ваенныя гады.

Агульны працоўны стаж доўгажыхаркі вельмі сціплы: ён складае ўсяго толькі восем гадоў, 4 месяцы і 25 дзён. Як настаў час калектывізацыі, Ніна Дзмітрыеўна была занятая ў калгасе пераважна на сезонных работах, а там неўзабаве падаспеў час афармляць пенсію па ўзросту.

Дарэчы, у нашым раёне на сённяшні дзень налічваецца 154 чалавекі, якім ужо больш за 90 гадоў. 10 жыхароў пераадолелі 100-гадовы ўзроставы рубеж.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий