ГАРТАЮЧЫ АЛЬБОМ ДАЛЁКІХ УСПАМІНАЎ

Культура

З вялікім інтарэсам прачытаў у пятнічным нумары раёнкі гістарычны нарыс пра вёску Яршэвічы. Хачу праз газету сказаць вялікае дзякуй за такую працу вам, паважаныя Іна Іванаўна і Дашачка. Мяне вельмі ўразіў ваш даследчы летапіс. Хвала і ўдзячнасць вам за карпатлівую і такую патрэбную людзям працу, асабліва моладзі.

Мне яршэвіцкі край таксама не чужы, хаця цяпер я жыву ў Сакаўшчыне. Я таксама выпускнік Яршэвіцкай школы, скончыў яе ў далёкім 1956 годзе. Гэта быў першы выпуск. У веснавыя дні хадзіў у Вазгінішкі (Вазгінеўцы) у школу пешшу аж за 11 кіламетраў з вёскі Бабры Маладзечанскага раёна, адкуль я родам.

Восенню і зімой кватараваў у Яршэвічах у сям’і свайго сябра-аднакласніка Уладзіміра Баркоўскага, з якім да гэтага часу шчыра сябруем (жыве ў Вілейцы). А пішу таму, што хачу прыгадаць людзей, знакамітых і не вельмі, выхадцаў з Яршэвічаў і бліжэйшых вёсак, якія не ўспамінаюцца ў нарысе. Хачу расказаць пра маіх аднакласнікаў, настаўнікаў таго часу.

Было б нядрэнна, калі б надрукаваная нядаўна заметка, утрымлівала яшчэ больш фактаў пра маёнтак Вазгінішкі. Там размяшчаўся вельмі прыгожы парк, які займаў не менш чым тры гектары. Там раслі дэкаратыўныя і пладовыя дрэвы, стаяў і двухпавярховы будынак. Я не вельмі кампетэнтны ў пытаннях архітэктуры, але будынак вызначаўся сваёй выразнай адметнасцю. Унутры яго было вельмі прасторна. Школу тады наведвалі больш за дзве сотні вучняў, займаліся мы ў адну змену.

А цяпер пяройдзем да ўспам-інаў пра першы школьны выпуск. Скончылі тады школу 24 выпускнікі (наконт дакладнай колькасці магу памыліцца).

На жаль, я мала ведаю пра падрабязны лёс маіх аднакласнікаў, але пра некаторых з іх магу тое-сёе расказаць. Пачну са звестак пра сябе. Пасля школы я служыў у пагранічных войсках на армяна-турэцкай граніцы. Затым вучыўся ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. Працаваў галоўным аграномам у тагачасным калгасе імя Леніна (цяпер СВК “Валожынскі”). А пазней 27 гадоў быў старшынёй праўлення калгаса “1 Мая”, тады цэнтральная сядзіба гаспадаркі, як і цяпер, размяшчалася ў Сакаўшчыне. У гэтай вёсцы я застаўся  жыць і пасля выхаду на пенсію. Маю нямала ўрадавых узнагарод, у свой час з’яўляўся ўдзельнікам многіх з’ездаў і іншых прадстаўнічых форумаў.

Мой сябар Уладзімір Андрэевіч Баркоўскі ўсё сваё свядомае жыццё працаваў зваршчыкам у Вілейцы. У гэтай прафесіянальнай справе ён быў надзвычай таленавіты. Яго часта пасылалі ў камандзіроўкі ў розныя куткі Беларусі, калі неабходна было выканаць вельмі складаную і адказную работу, звязаную з кампетэнцыяй вопытнага зваршчыка. Не выпадкова прафесіянальныя заслугі Уладзіміра Андрэевіча так высока ацэнены: ён узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Не магу не ўспомніць і яшчэ аднаго закадычнага сябра. Гэта Фёдар Іванавіч Ляхновіч са Старынак, што ў некалькіх кіламетрах ад Яршэвічаў. Ён праславіў выпуск 1956 года тым, што ў будучым стаў прафесіянальным мастаком. Серыю работ “Партрэты вядомых людзей Беларусі” Фёдар Іванавіч перадаў у дар роднай школе.

З цеплынёй у сэрцы прыгадваю сына мясцовай фельчаркі Альберта (Аліка) Багдановіча з Галянды. Пасля заканчэння Гомельскага інстытута чыгуначнікаў ён працаваў у Расійскай Федэрацыі на знакамітай будоўлі краіны: быў намеснікам дырэктара Байкала-Амурскай магістралі. Ён часта наведваўся да сваёй матулі ў Ракаў, якая пасля выхаду на пенсію пераехала сюды з яршэвіцкай Галянды.

Наш аднакласнік Васіль Ганчарык у 70-я гады мінулага стагоддзя працаваў галоўным архітэктарам Валожынскага раёна.

Пётр Рыбінскі скончыў Рыжскае марское вышэйшае артылерыйскае вучылішча. Быў таленавітым афіцэрам. На жаль, гэтага цудоўнага чалавека ўжо няма на свеце.

Я  ведаю не так і шмат звес- так пра мінулае Яршэвічаў і  іх жыхароў. Думаю, што пасля публікацыі, з якой выступілі ў друку Іна Іванаўна Роман і яе дачка Даша, адгукнуцца многія людзі. І не толькі з першага нашага выпуску, абавязкова дашлюць цікавыя допісы ў рэдакцыю раёнкі.

З вялікай удзячнасцю я ўспа-мінаю і сваіх шаноўных настаўнікаў. Дырэктарам школы ў той час працаваў настаўнік па прозвішчы Прымак. Самая паважаная і любімая літаральна ўсімі вучнямі была выкладчыца рускай мовы і літаратуры Валянціна Усцінаўна Савва. Ведаю, што апошнія гады свайго жыцця яна правяла ў Маладзечне.

У той час матэматыку ў школе выкладаў Ціхан Пракопавіч Пархоменка, урокі фізікі вёў Іван Латышаў (прозвішча па бацьку, на жаль, не памятаю). Тут пачынала сваю педагагічную дзейнасць маладая настаўніца Марыя Сямёнаўна Сакалова, дарэчы, яна была нашым класным кіраўніком. Памятаю і настаўніцу хіміі Веру Паўлаўну Шкробат.

Франц Францавіч Сівы вёў урокі нямецкай мовы. Ён быў родам з Валожына. Я ведаў замежную мову нядрэнна, але чамусьці гэты школьны прадмет усё роўна недалюбліваў, з-за чаго мы часта, відаць, і “сварыліся” з настаўнікам на нямецкай мове. Памірыліся толькі тады, калі я ўжо працаваў аграномам у яго родных краях, а затым старшынёй калгаса. Тады я амаль штогод дапамагаў свайму былому настаўніку і яго двум сынам убіраць сенажаць, каб нарыхтаваць кармы для каровы…

Дазволю сабе зрабіць і яшчэ некалькі дапаўненняў да таго, што прачытаў у згаданым вышэй артыкуле пра гісторыю вёскі Яршэвічы.

Драўляны мост праз раку раней размяшчаўся крыху воддаль: з правага боку (метраў 100-150) ад існуючага цяпер. Тут любіла збірацца моладзь з усёй вёскі. Тут закаханыя часта прызначалі свае спатканні.

На ўзбярэжжы рэчкі былі два млыны. Адзін – у Кісялях, а другі размяшчаўся ў Адамоўцах. Млынаром у Кісялях працаваў мой  былы сусед – Уладзімір Такушэвіч, а млынаром у Адамоўцах быў Звярок, яго дачка Галіна вучылася разам з намі ў школе.

У 60-х гадах мясцовая Спаса-Узнясенская царква па-ранейшаму дзейнічала. Богаслужэнні праводзіў святар па прозвішчы Барысевіч. У яго было двое дзяцей: сын Лёва і дачка Ляля. Жыла сям’я бацюшкі на хутары непадалёк храма з правага боку, калі ехаць у бок Мажулева.

Непадалёк ад касцёла знаходзіўся калгасны клуб. Загадчыцай яго доўгі час працавала Марыя Антонаўна Баркоўская. Вельмі таленавіты культработнік! Са знакамітым спектаклем “Несцерка”, у якім быў заняты і я, мы аб’ездзілі тады з гастролямі ўвесь раён. Ролю Несцеркі выконваў Фёдар Ляхновіч. У пана Быкоўскага ўдала пераўвасобіўся Валодзя Баркоўскі, а мне выпала роля шляхцюка.

Я буду вельмі рады, калі хоць адзін факт з маіх успамінаў дапоўніць багатую гісторыю вёскі Яршэвічы, якую старанна занатавалі для нашчадкаў Іна Іванаўна і Даша Романы. Дай Бог стваральніцам гэтага цудоўнага летапісу добрага здароўя, натхнення і поспеху ў такой высакароднай працы.

Мікалай Сцяпанавіч ШЧУЦКІ,

жыхар вёскі Сакаўшчына.

 



Добавить комментарий