90 ПРАЦЭНТАЎ НАСЕЛЬНІЦТВА РАЁНА СТАНОЎЧА АЦЭНЬВАЕ ДЗЕЙНАСЦЬ МІЛІЦЫІ

Закон и порядок

Абавязак органаў унутраных спраў – барацьба са злачыннасцю, ахова грамадскага правапарадку і забеспячэнне грамадскай бяспекі. Для выканання гэтых задач Валожынскім РАУС у 2011 годзе рэалізаваны комплекс аператыўна-вышуковых і прафілактычных мерапрыемстваў. Асноўным крытэрыем эфектыўнасці нашай работы з’яўляецца сацыяльны давер грамадзян. І як паказвае апытанне, больш за 90 працэнтаў насельніцтва раёна станоўча ацэньвае дзейнасць міліцыі, амаль 60 працэнтаў рэспандэнтаў пацвердзілі, што адчуваюць сябе ў поўнай бяспецы ад злачынных замахаў у горадзе і раёне.

Калі параўноўваць год 2011-ы і год 2010-ы, то можна адзначыць некаторы спад заяў і паведамленняў аб злачыннасці, 1218 супраць 1256. Але пры гэтым агульная колькасць зарэгістраваных крымінальных дзеянняў павялічылася на 5,4 працэнта і склала 472 злачынствы. Павялічылася і колькасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку. Узровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва склаў 127,8 злачынстваў.

Летась узбуджана 5 крымінальных спраў з катэгорыі “асоба цяжкія” (прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, забойства, грабеж) і 19 крымінальных спраў з катэгорыі “цяжкія” (крадзеж, махлярства). Раскрыццё даных злачынстваў склала 86,7 працэнта (у 2010 годзе – 100 працэнтаў).

У выніку аператыўнага рэагавання на заявы і паведамленні аб правапарушэннях, манеўранасці супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў, раскрыта 213 злачынстваў, якія былі зарэгістраваны па лініі крымінальнага вышуку.

Найбольшая колькасць злачынстваў учынена ў райцэнтры (133), а таксама на тэрыторыі Ракаўскага (82), Валожынскага (34), Гародзькаўскага (31), Івянецкага (28) і Яршэвіцкага (25) сельскіх саветаў. Асобую заклапочанасць выклікае стан работы па папярэджванні і раскрыцці злачынстваў, учыненых на тэрыторыі Ракаўскага, Залескага, Пральніцкага, Багданаўскага і Узбалацкага сельскіх саветаў.

Па выніках 2011 года можна прасачыць зніжэнне агульнай вагі злачынстваў, якія ўчынены ў стане алкагольнага ап’янення з 131 факта да 103. Адначасова адзначаецца захаванне высокага ўзроўню злачыннасці сярод асоб, якія маюць судзімасці. Практычна не мяняецца становішча са злачыннасцю сярод непаўналетніх: 2010 – 23, 2011 – 21. Адбылося 36 групавых злачынстваў, што на чатыры выпадкі больш, чым у 2010 годзе.

Асобае месца займае забеспячэнне эканамічнай бяспекі. Супрацоўнікамі групы БЭЗ за справаздачны перыяд выяўлены 24 эканамічныя злачынствы, у тым ліку 8, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асоба цяжкіх. Сума ўстаноўленага матэрыяльнага ўрону склала больш чым 935,1 мільёна рублёў.

Па-ранейшаму складаным застаецца пытанне павышэння эфектыўнасці работы па лініі наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі. У раёне выяўлена 6 злачынстваў у данай сферы.

Нельга абысці ўвагай і такую актуальную тэму, як барацьба з алкагалізацыяй насельніцтва нашага раёна. Каб дасягнуць станоўчых тэндэнцый у гэтай справе, была істотна ўзмоцнена прафілактычная работа. Летась канфіскавана 964,2 літра самагону, 28001,0 літра самагоннай брагі, знішчаны 73 самагонныя апараты. У лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіраваны 34 чалавекі. Выяўлена 876 фактаў распіцця спіртных напіткаў ці з’яўлення ў нецвярозым выглядзе ў грамадскіх месцах, у тым ліку 178 падобных правапарушэнняў учынена на працоўных месцах. За правапарушэнні на сямейна-бытавой глебе да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 319 грамадзян. Безумоўна, станоўчыя зрухі ў справе зніжэння колькасці сямейных канфліктаў назіраюцца, але яны пакуль што нязначныя. Сёлета паспрабуем падключыць да гэтай работы грамадскія фарміраванні, актыў прадпрыемстваў і арганізацый.

Вялікую заклапочанасць выклікае абстаноўка на дарогах, дзе па-ранейшаму гінуць людзі, многія становяцца калекамі. 16 ДТЗ са смяротным вынікам адбылося ў 2011 годзе, у 2010 такіх было 9.

7 аварый ці 16,2 працэнта ад усіх учыненых, адбыліся па віне вадзіцеляў, якія кіравалі транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. Лічу, што адной з прычын такога становішча з’яўляецца нізкая прафілактычная работа супрацоўнікаў ДАІ у выяўленні грубых парушэнняў Правіл дарожнага руху, якія прыводзяць да ДТЗ, а таксама неналежная арганізацыя дарожнага руху на асноўных трасах рэспубліканскага значэння, што праходзяць па тэрыторыі нашага раёна.

З улікам станоўчай дынамікі, структуры злачыннасці і пры ўмове выкаранення адзначаных недахопаў, работа аддзела ўнутраных спраў па ўмацаванні правапарадку і стабільнасці ў грамадстве можа быць ацэнена і як здавальняючая.

Ігар ШАКУН,

начальнік РАУС.

 



Добавить комментарий